Якаснае сацыялагічнае даследаванне праз глыбінныя інтэрв’ю — было апытана 15 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі, розных светапоглядаў, узросту, з розных населеных пунктаў — мела на мэце паказаць, што адбываецца са светапоглядам, каштоўнасцямі жыхароў Беларусі.
Разважаючы пра развіццё гістарычнай дынамікі нацыянальнай ідэнтычнасці, прафесар Вардамацкі прадэманстраваў сінусоіду — на жаль, умоў для паслядоўнага і планамернага развіцця ніколі не было. Пазней, падсумоўваючы высновы, сацыёлаг яшчэ раз нагадаў, пра ўмовы, у якіх існуе беларускае грамадства, і што многія вынікі былі і ёсць, як кажуць, насуперак, а не дзякуючы.
Моўнае пытанне
Прадказальна, беларускую мову не называюць сярод першасных каштоўнасцяў (гэта пацвярджае і колькаснае даследаванне метадам тэлефоннага апытання 2024 года). Але рэспандэнты падзяліліся сваімі назіраннямі, што беларускай мовы істотна пабольшала ў асяроддзі, ёсць зацікаўленасць у вывучэнні і гэта далей.
Пад афіцыйнай паверхняй, якая цяпер нелаяльная да беларускай мовы, ідзе падводны Гальфстрым — павелічэнне ўжывання беларускай мовы. То бок працэс не аднабаковы, і ёсць запыт менавіта з боку грамадства.
Адметнасць беларусаў як нацыі
Разважаючы пра адметныя рысы беларусаў як нацыі, рэспандэнты называлі эмпатычнасць, адсутнасць жорсткасці, ініцыятыўнасць — «беларусам не трэба загад, каб нешта рабіць». Як ілюстрацыю, Андрэй Вардамацкі згадаў 2020-ты год, калі людзям не трэба была фізічная прысутнасць лідараў. Ён згадаў, што тэрмін «плаваючае лідарства» і раней усплываў у даследаваннях, але цяпер «зразумеў, што гэта больш агульная рыса беларусаў і ідэнтычнасці».
Што тычыцца адсутнасць жорсткасці, міралюбства, якія рэспандэнты таксама прыпісваюць беларускай нацыі, то Андрэй Вардамацкі гаворыць, што на такое меркаванне паўплывалі падзеі апошніх гадоў: мірны пратэст 2020-га, адсутнасць падтрымкі вайны. Да слова, раней рэспандэнты называлі адметнымі рысамі працавітасць, законапаслухмянасць і талерантнасць.
«Іерархія каштоўнасцяў выбудоўваецца кожны раз па-новаму, у залежнасці ад грамадска-палітычнага фону, — заўважае сацыёлаг.
Нацыянальная ідэнтычнасць не ў топе каштоўнасцяў. А вось дабрабыт, сям’я, каханне — папулярныя адказы.
Цікава таксама, што вялікая частка людзей не ўспрымае полі-падыход як канцэпцыю беларускай нацыі (гэта значыць вызначэнне, што беларуская нацыя — шматэтнічная, шматканфесійная, шматкультурная, шматмоўная». Гэтаму супрацьпастаўляюць іншае суб’ектыўнае ўспрыняццё — монаэтнічнай, монаканфесійнай нацыі.
Свабода — гэта…
Тэрміну «свабода» можна знайсці шмат вызначэнняў. Але падзеі апошніх гадоў стварылі беларускую дэфініцыю. «Свабода — калі ідзеш па вуліцы з тэлефонам і не баішся гэтага» — так сфармуляваў адзін з рэспандэнтаў.
Варта звярнуць увагу і на такі адказ на пытанне «хто такі беларус? » — той, хто не з’ехаў.
Увогуле беларуская ідэнтычнасць — гэта не стабільная з'ява ў Беларусі. Зрухі ідэнтычнасці часта адбываюцца на працягу жыцця, шмат хто з апытаных гаварыў пра ўласную трансфармацыю ў беларускую ідэнтычнасць. То бок такія людзі ў дзяцінстве адчувалі сябе рускімі. Але з часам прыйшлі да ўсведамлення сябе беларусамі.
Колькаснае даследаванне 2024 года.
Некаторыя цікавыя моманты
Назіраецца бісімвалізм, то бок людзі адначасова прызнаюць два сцягі — гістарычны бел-чырвона-белы і афіцыйны сённяшні чырвона-зялёны.
Людзі з праўладнымі поглядамі не імкнуцца прымаць рашэнні, яны схільныя да перакладання адказнасці на іншых. Прыхільнікі перамен наадварот зацікаўленыя ў тым, каб уплываць на падзеі.
«Абодва лагеры кажуць, што любяць сваю краіну. Але напаўненне рознае», — заўважае Вардамацкі.
Ёсць момант расчаравання ў Захадзе.
«Людзі рэагуюць негатыўна на тое, што цяпер адбываецца на межах, на сітуацыю з візамі, магчымасцямі выезду, нядопускам беларускіх машын у краіны ЕС», — гаворыць сацыёлаг. І пагаджаецца з думкай, што праз некалькі год з такім развіццём падзей можа павялічыцца колькасць сімпатый да Расіі.
вх