Беларуская Служба

З году ў год расце колькасць беларусаў, якія просяць у Польшчы міжнародную абарону

09.10.2024 14:30
Польскі ўрад прымушаны прызначыць дадатковыя сродкі з бюджэтнага рэзерву на сацыяльную дапамогу іншацемцам.
Беларускі пашпартфота: radyjo.net

Урад выдзеліць дадатковыя 19,6 мільёна злотых з рэзерву спецыяльнага прызначэння Упраўленню па справах іншаземцаў, бо скончыліся сродкі на сацыяльную дапамогу і медыцынскую апеку для замежнікаў, якія чакаюць атрымання прытулку ў Польшчы. Мяркуецца, што сродкаў хопіць усяго на тры месяцы, паведамляе Rzeczpospolita.

Нагадаем, з моманту падачы хадайніцтва аб прадастаўленні прытулку іншаземцу аказваецца поўная дзяржаўная дапамога. Між тым, ён не можа легальна працаваць. Паводле закона, працэдура павінна доўжыцца да паўгода, але на практыцы ўвесь працэс можа зацягвацца гадамі.

Колькасць замежнікаў, якія атрымліваюць сацыяльную дапамогу ад Упраўлення па справах іншаземцаў, на канец верасня склала больш за 6 тысяч чалавек, а бюджэт установы быў запланаваны для максімальна 3,9 тысячы чалавек. У параўнанні з 2023 годам сёлета за атрыманне прытулку ў Польшчы звярнуліся на 2 тысячы іншазменцаў больш. Адкуль такі рост?

Сёлета павялічылася колькасць заявак прынятых, у тым ліку, на польска-беларускай мяжы ад мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі, а таксама ад украінцаў і беларусаў, якія пачалі прасіць абарону ў Польшчы.

На павелічэнне колькасці заявак паўплывала таксама аднаўленне кантролю на польска-нямецкай мяжы. Германія вяртае ў Польшчу мігрантаў, якія прасілі статус бежанца Польшчы, але пакінулі яе, не дачакаўшыся рашэння. Паводле Памежнай службы, сёлета з Германіі ў Польшчу былі вернутыя 545 замежнікаў.

За першыя тры кварталы гэтага года замежнікі падалі ў Польшчы 12,3 тысячы заяваў з просьбай аб міжнароднай абароне. Сярод іх найбольш было грамадзян Украіны - 4,5 тысячы, Беларусі - 2,9 тысячы, Расіі – 800 чалавек, а таксама Самалі і Эрытрэі - па 500 чалавек.

Для параўнання, за ўвесь мінулы год было пададзена 9,5 тысячы заявак.

аз