Беларуская Служба

«Лідарамі не нараджаюцца, а становяцца» — польская Школа лідараў адзначыла 30-годдзе

09.10.2024 15:08
Вядомая і ўплывовая арганізацыя рэалізуе адукацыйныя праграмы і праграмы развіцця, спрыяе адказнаму лідарству, заснаванаму на такіх каштоўнасцях, як давер, супрацоўніцтва, смеласць і адкрытасць да разнастайнасці.
Аўдыё
  • «Лідарамі не нараджаюцца, а становяцца» — польская Школа лідараў адзначыла 30-годдзе
           30-
У Музеі гісторыі Польшчы ў Варшаве адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды 30-годдзя Школы лідарстваhttps://www.polskieradio.pl/396

У пятніцу, 4 кастрычніка, у Музеі гісторыі Польшчы ў Варшаве адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды 30-годдзя Школы лідарства, раней вядомай як фонд «Школа лідэраў».

Школа лідарства, заснаваная прафесарам Збігневам Пэлчыньскім (філосаф, прафесар Оксфардскага ўніверсітэта, былы салдат Арміі Краёвай), з 1994 года займаецца нефармальнай адукацыяй грамадскіх і палітычных дзеячаў у Польшчы.

Вядомая і ўплывовая арганізацыя рэалізуе адукацыйныя праграмы і праграмы развіцця, спрыяе адказнаму лідарству, заснаванаму на такіх каштоўнасцях, як давер, супрацоўніцтва, смеласць і адкрытасць да разнастайнасці.

«Мы дапамагаем паверыць, што ўсё можна змяніць да лепшага, трэба толькі гэтага захацець», — гэтыя словы заснавальніка школы праф. Пэлчыньскага з’яўляюцца дэвізам для ўсіх удзельнікаў адукацыйных праграм Школы лідарства.

Сетка выпускнікоў Школы Лідарства налічвае каля 5 тыс. чалавек, у тым ліку актыўных палітыкаў, прадстаўнікоў мясцовага самакіравання ўсіх узроўняў, дзеячаў НДА (лакальных і агульнанацыянальных), прадстаўнікоў бізнесу, моладзі, польскіх і замежных грамадзян, у тым ліку, беларусаў.

Адзначэнне 30-годдзя школы таксама стала магчымасцю сустрэцца з ганаровымі гасцямі, такімі як лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская і ўкраінская праваабаронца Аляксандра Матвійчук. Іх прысутнасць падкрэсліла міжнароднае вымярэнне дзейнасці Школы лідарства. «На ўласным вопыце ведаю, што лідарамі ніхто не нараджаецца», — сказала беларускі палітык:

– Большасць людзей нават не хочуць быць лідарамі. Я ніколі не цікавілася палітыкай. Можна сказаць, што я была тыповай беларускай жонкай і маці. Жанчын у Беларусі не рыхтуюць да палітычнага лідарства. Палітыкам я стала з любові да мужа , а таксама з любові беларусаў да свабода. Рэжым не змог стрымаць нашай энергіі. Я зразумела, што лідарства - гэта жаданне браць на сябе адказнасць. І менавіта гэтая энергія па-ранейшаму прымушае мяне змагацца. Дыктатар заявіў, што людзі не будуць галасаваць за жанчыну. Але ён памыліўся. Грамадства аказалася больш сталым за рэжым.

На падобны аспект звярнуў увагу і амбасадар ЗША ў Польшчы Марк Бжэзіньскі. Дыпламат падкрэсліў, што Польшча застаецца прыкладам для свету.

– Дэмакратычная мабілізацыя падчас леташніх парламенцкіх выбараў, рэакцыя грамадзян на небяспеку і масавая дапамога Украіне – гэта, калі глядзець з боку, выдатныя, натхняльныя гісторыі.

Амбасадар, сын прафесара Зьбігнева Бжэзіньскага, палітоляг і дарадца амэрыканскіх прэзыдэнтаў, таксама звярнуў увагу на тое, што яго бацька разам з заснавальнікам Школы лідарства Зьбігневам Пэлчыньскім былі вельмі задаволены не толькі школай, але палякамі ўвогуле і гісторыяй, якую яны ствараюць.

На ўрачыстасці сабралося шмат вядомых гасцей, у тым ліку старшыня Сената Польшчы Малгажата Кідава-Блоньская, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, міністр юстыцыі Адам Боднар, згаданы амбасадара ЗША ды амбасадарка Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Эн Клюнс, якая падкрэсліла важную ролю, якую прафесар Збігнеў Пэлчыньскі адыграў у фармаванні посткамуністычнай эліты Польшчы:

– Чалавек, які нас усіх аб’яднаў і сабраў разам, прафесар Збігнеў Пэлчыньскі, якога, я думаю, ведаюць многія людзі ў гэтай зале, быў сапраўдным лідарам. Многія з вас ведаюць яго гісторыю, але яе варта прыгадаць. Пасля вайны, былы жаўнер Арміі Краёвай, які цудам выжыў, пераехаў у Вялікабрытанію, скончыў там навучанне, быў прафесарам Оксфардскага ўніверсітэта. Ён зрабіў так, каб палякі маглі прыязджаць вучыцца ў Оксфардзе, падтрымаў каля 1300 палякаў, якія ў Оксфардзе скончылі навучанне ў 1970–90-х гадах. А потым пасля сістэмнай трансфармацыі ў Польшчы, ён адчуў, што хоча зрабіць яшчэ больш для сваё радзімы, і так ён стварыў Школу лідараў. Асоба прафесара Збігнева Пэлчыньскага увасабляе ўсе тыя лідарскія каштоўнасці, у якія мы верым. Прафесар быў неверагодна смелым, выкарыстоўваў сваё становішча, каб дапамагаць людзям і змяняць іх да лепшага. Натхняльныя каштоўнасці — гэта тое, што ён перадаў усім у школе, мы ўсе чэрпаем з гэтага кожны дзень.

Варта адзначыць, што Школа лідарства - гэта найстарэйшы недзяржаўны адукацыйны цэнтр лідарства ў Польшчы. З 1994 года ініцыятыва працуе над развіццём свядомага лідарства, заснаванага на каштоўнасцях. Гэта стварае прастору для сустрэч паміж людзьмі з рознымі светапоглядамі, у адпаведнасці з ідэяй, што гэта адзіны магчымы спосаб супрацьстаяць палярызацыі грамадства.

Слухайце аўдыё!

эж