Ліставанне, падтрымка родных палітвязняў, перадачы, грашовыя пераводы...
Раман, па адукацыі інжынер, працаваў у Беларусі ў галіне лёгкай прамысловасці. У эміграцыю трапіў толькі ў 2024 годзе. Як сам успамінае, тэрмінова з’ехаць давялося пасля таго, як праваахоўнікі пачалі рэйды супраць тых, хто быў датычны да салідарнасці з палітвязнямі.
— Пра тое, што калі-небудзь давядзецца з’ехаць, я думаў, але адцягваў гэта, як мог. Хоць небяспека існавала і раней, мы спадзяваліся на лепшае. Я актыўна займаўся падтрымкай палітвязняў: ліставанне, дапамога родным, перадачы, грашовыя пераводы. Я бачыў у гэтым сваю мэту і да апошняга імкнуўся дапамагаць.
Некаторыя палітвязні сваімі лістамі падтрымлівалі мяне больш, чым я іх
Раман напісаў больш за тысячу лістоў палітвязням. Многія ліставанні запомніліся яму на ўсё жыццё.
— Нядаўна быў Дзень народзінаў Вітольда Ашурка, героя Беларусі. У мяне ёсць тры ягоныя лісты, нават чатыры. Некаторыя палітвязні сваімі лістамі падтрымлівалі мяне больш, чым я іх. Вітольд пісаў вершы, вельмі цікава распавядаў гісторыю, калі ездзіў з сябрамі ў Вільню на перапахаванне Кастуся Каліноўскага.
Таксама запомнілася ліставанне з Максімам Знакам, калі ён сядзеў у СІЗА. Гэта чалавек неверагоднага інтэлекту. Мы перапісваліся на розныя тэмы, ён прасіў пісаць пра ўсё. Я нават рабіў для яго нешта кшталту квізаў – яму было цікава, і ён адказваў. Неверагодны чалавек. Запомніліся лісты Вольгі Маёравай – яны нагадвалі мастацкі твор. З групы Аўтуховіча яшчэ запомніліся Ірына Гарачкіна і Галіна Дзербыш. Яны ўвесь час сядзелі ў адзіночцы, і адзінай крыніцай інфармацыі для іх было ліставанне.
Чаму гэта было так важна, я зразумеў на прыкладзе Міколы Статкевіча. Я доўга не атрымліваў адказаў ад яго, а потым прыйшоў ліст, у якім ён пісаў, што атрымаў мой восьмы ліст, хоць гэта быў толькі шосты па ліку. Я зразумеў, што ён атрымліваў большасць маіх лістоў, але яго адказы да мяне не даходзілі. І я зразумеў, як важна не спыняцца і працягваць пісаць палітвязням. Я напісаў больш за тысячу лістоў. У мяне ёсць адказы ад Віктара Бабарыкі, Паўла Севярынца і многіх іншых, нават невядомых мне людзей.
Яны прымалі перадачы і фіксавалі тых, хто гэта рабіў
У 2023 годзе, паводле Рамана, лісты часта не даходзілі да адрасатаў, таму ён пачаў пасылаць перадачы, якія даходзілі да кожнага. Людзі пісалі і дзякавалі.
— Я доўга думаў: чаму лісты не даходзілі, а перадачы – так? Потым усё стала зразумела: яны фіксавалі тых, хто дасылае, узбуджалі крымінальныя справы і называлі гэта экстрэмізмам. Зараз адбываюцца суды, і невядома, колькі людзей затрымана па справах салідарнасці.
Салідарнасць — гэта рабіць дабро
Пытаюся ў Рамана: што для яго значыць салідарнасць?
— Для мяне гэта не проста словы, а рэальныя дзеянні, каб дапамагчы чалавеку і яго родным. Бывала, што людзі праз ліставанне прасілі звязацца з жонкай ці мамай, штосьці зрабіць. Для мяне гэта азначае рабіць дабро. Калі я раблю дабро, яго становіцца больш у свеце. Вось неяк так…
Было страшна, але я не мог нічога не рабіць
— Вам не было страшна пісаць лісты, пасылаць перадачы?
— Канешне, было страшна. І ў 2020-м было страшна, і пасля. Але я не мог нічога не рабіць. Мне казалі з’язджаць, але я думаў: што будзе, калі ўсе з’едуць? Мільён чалавек з’едзе, а тут людзі застаюцца, ім трэба дапамагаць. Застаюцца родныя і сябры. Я адцягваў гэты момант і пакуль быў у Беларусі, імкнуўся нешта рабіць. Я лічу, што да апошняга дня рабіў усё, што мог.
Калі ты не ў бяспецы — ты не можаш жыць
— Ці шкада было з’язджаць?
— Калі з’язджаў, развітаўся не з людзьмі, бо нікому нічога не казаў, але пахадзіў па знаёмых мясцінах, з’ездзіў у вёску. Разумеў, што гэта сапраўднае развітанне. Я яшчэ ў 2021 годзе прыязджаў, сустракаўся з знаёмымі, якія з 2020 года ў Вільні ці Польшчы, і бачыў, як цяжка ім было. Я ім нічога не казаў, але думаў, што, магчыма, многія ўжо ніколі не вернуцца. Таму і сам рыхтаваўся да таго, што гэта можа быць назаўсёды. Зараз я сумую толькі па людзях. Сказаць, што сумую па горадзе, вёсцы ці мясцінах — так, але перш за ўсё, чалавек павінен быць у бяспецы. Калі ты не ў бяспецы — ты не можаш жыць.
У Польшчы, паводле Рамана, жыццё паступова наладжваецца. Хоць усё няпроста, бо даводзіцца пачынаць амаль з нуля. Але ёсць надзея на лепшае, бо сям’я ў бяспецы, падабаецца горад, краіна, і радуе тое, што побач шмат прыстойных і цікавых беларусаў.
— Я лічу, што ўжо шмат каго ведаю, з многімі пазнаёміўся. Мне вельмі падабаюцца ініцыятывы ў якіх бяруць удзел беларускія студэнты. Бачыць іх, знаходзіцца з імі ў адным калектыве – гэта проста класна. Такі пазітыў, радуешся гледзячы на свабодных людзей. Яны думаюць па-іншаму, яны спакойныя свабодныя — адно замілаванне.
Павел ЗАЛЕСКІ
слухайце аўдыё