Беларуская Служба

Палякі цэняць тых, хто ніколі не адмаўляецца ад сваёй нацыянальнасці - прафесар Мікола Іваноў

24.10.2024 15:45
Выкладчык Апольскага Універсітэта Мікола Іваноў раіць беларусам, хто прыехаў у Польшчу, не адракацца ад уласнай мовы ды тоеснасці, што гэта не будзе перашкодай у навуковай кар'еры. 
Аўдыё
  • Беларус - не вырак у польскай навуцы
Ілюстрацыйны здымакhttps://www.facebook.com/Volnyuniver

Беларус - гэта не вырак у Польшчы. Беларуская прыналежнасць не ёсць аўтаматычна перашкодай у навуковай кар’еры ў Польшчы, кажа вядомы польскі навуковец беларускага паходжання ў адрас даследчыкаў, якія апошнім часам пераехалі ў Польшчу з Беларусі. Палякі – гэта патрыятычны народ і яны вельмі цэняць тых, хто ніколі не адмаўляецца ад сваёй нацыянальнасці, перакананы прафесар і выкладчык Апольскага Універсітэта Мікола Іваноў.

У рамках Форуму Вольнага Беларускага Ўніверсітэту (ВБЎ) адбылася анлайн-сустрэча з прафесарам Апольскага універсітэта Міколам Івановым, вядомым навукоўцам, які з савецкага кандыдата навук пераўтварыўся ў аўтарытэтнага польскага даследчыка гісторыі, у першую чаргу даследаваў гісторыю польскай меншасці ў СССР (асабліва ў сталінскі перыяд).

Мікола Іваноў вядомы таксама як удзельнік савецкага дысідэнцкага руху, а ў 1981-1989 гг. Быў адзіным грамадзянінам СССР, які актыўна супрацоўнічаў з падпольнай «Салідарнасцю». У 1989-1994 гг. Быў рэдактарам беларускай службы Радыё «Вольная Еўропа/Радыё «Свабода».

Падчас анлайн-сустрэчу сп. Мікола распавёў пра пачаткі ды розныя складаныя сітуацыя ў яго навуковай кар’еры ў Польшчы. Падзяліўся парадамі для беларусаў, якія нядаўна прыехалі ў гэтую краіну ды звярнуў увагу на шэраг важных практычных асаблівасцяў навуковай дзейнасці ў Польшчы.

Прафесар Мікола Іваноў распавёў, што на пачатку сваёй кар’еры даводзілася мірыцца з рознымі кур’ёзамі, напрыклад, з тым, што яго ў Польшчы прадстаўлялі як расійскага гісторыка.

— Прыехаў я сюды маладым чалавекам, гэта былі зусім іншыя часы. У той час трэба было тлумачыць пра Беларусь, што гэта такое. Сёння дзясяткі тысяч беларусаў толькі ва Уроцлаве. Тады я быў практычна адзін. Нават здарылася такая дзіўная рэч, што адзін з выдаўцоў пры публікацыі маёй кніжкі сказаў, што калі мы напішам, што вы беларускі гісторык — гэта на палякаў не зробіць ніякага ўражання. Маўляў, што могуць ведаць беларусы пра Польшчу? Напішам, што вы расіянін, расійскі гісторык. Я адмовіўся, але пазней, калі ўзяў у рукі кніжку пра Варшаўскае паўстанне 1944 года, самую значную для палякаў падзею ХХ-га стагоддзя, пра тое, як паўстанне бачылі з Крамля Сталін ды яго атачэнне, я пабачыў на апошняй старонцы, што расійскі гісторык. Я ж у Расіі ніколі не быў, ніколі не жыў. Для таго, каб кніжка лепш прадавалася з мяне зрабілі расійскага гісторыка. Пазней гэта качавала з адной кніжкі ў другую. Толькі я пазней паправіў на беларускі гісторык. Але ўсё адно да сёння сустракаю подпіс расійскі гісторык беларускага паходжання.

Цяпер беларусам з такім не давядзецца сутыкнуцца, перакананы навуковец.

— У сваёй навуковай кар’еры я прайшоў некалькі этапаў. Быў такі момант, калі я пачаў займацца вельмі важнай тэмай для палякаў,  — рэпрэсіямі ў Савецкім Саюзе. Мне не хацелася падкрэсліваць свайго паходжання, сваёй беларускасці. Я думаў каго гэта цікавіць, лепш забыць усё ды зрабіцца нармальным палякам. Гэта была страшэнная памылка. Таму мне хочацца сказаць усім, хто прыехаў сёння сюды, даць самую галоўную параду — ніколі не адракайцеся ад уласнай мовы, уласнай свядомасці ды нацыянальнасці. Заўсёды заставайцеся сабой.

Гэта дапаможа ў кар’еры, як тлумачыць Мікола Іваноў.

— Палякі — гэта патрыятычны народ і яны вельмі цэняць тых, хто ніколі не адмаўляецца ад сваёй нацыянальнасці. Для людзей з Беларусі, асабліва з Брэста і Гродна не складана перайсці на польскую мову, бо мы выхоўваліся на польскім тэлебачанні ды радыё, таму мова была нам знаёмая. Не выракайцеся сябе, заставайцеся беларусамі. Гэта не датычыць польскай меншасці, нашых суайчыннікаў палякаў з Беларусі. Яны павінны быць палякамі. Але беларусы, якія захочуць адмовіцца ад роднай мовы — гэта будзе вялізарнай памылкай. Гэта не будзе спрыяць вашай палітычнай, асабліва навуковай, ці іншай кар’еры. Заўсёды падкрэслівайце ды ганарыцеся сваім народам, мовай ды паходжаннем. Нават, нягледзячы на тое, што Беларусь перажывае вельмі цяжкія часы.

Мікола Іваноў звяртае ўвагу на тое, што ў Польшчы, каб абараніць навуковую працу ды атрымаць навуковую ступень не абавязкова пісаць працу на польскай мове, ёсць выбар 8 моў.

— Самае галоўнае, і гэта не ўсе ведаюць, у Польшчы, таксама як у іншых краінах ЕС, існуе магчымасць бараніць дысертацыі на 8 мовах: па-ангельску, нямецку, па-французску, нават па-расійску. Да сённяшняга дня гэтага ніхто не скасаваў, і, што цікава, па-беларуску таксама. Я асабіста ўдзельнічаў як рэцэнзент у 5 абаронах па-беларуску. Сапраўды, у Польшчы не так шмат людзей, якія могуць прачытаць працу па —беларуску ды выступаць у якасці рэцэнзентаў, але нават была абарона па такой тэмы як беларуская літаратура ў Амерыцы. У рамках ВБЎ мы будзем рабіць спецыяльныя кансультацыі для тых, хто хоча займацца навуковай кар’ерай у Польшчы. Мы будзем дапамагаць шукаць універсітэты, каб абараніцца, каб працягваць сваю навуковую кар’еру. Памятайце, што Польшча — гэта краіна Еўрасаюза, дэмакратычная дзяржава, якая зацікаўленая, каб усе разумныя беларусы рабілі тут кар’еру, і неабавязкова гэтых беларусаў апалячваць. Тут такога няма, бо чым больш будзе паспяховых беларусаў у Польшчы, і ў Еўропе, тым лепшы і лягчэйшы будзе шлях Беларусі да сапраўднай незалежнасці і дэмакратыі.

Прафесар Мікола Іваноў выказаў меркаванне, што неўзабаве ў рамках Вольнага Беларускага Ўніверсітэту беларускім даследчыкам будзе аказвацца дапамога ў адаптацыі для польскіх навуковых патрабаванняў.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч