Беларуская Служба

У конкурсе «Лідар мазавецкіх лічбавых тэхналогій» перамаглі Музей вёскі пад адкрытым небам ды школа ў Плоцку

25.10.2024 15:16
Музей быў узнагароджаны за віртуальныя прагулкі, тэхнікум быў ацэнены за выкарыстанне сучаснай сістэмы кіравання ў школьным інтэрнаце.
Muzeum Wsi Mazowieckiej w Sierpcu
Muzeum Wsi Mazowieckiej w SierpcuMarek Zapart, CC BY-SA 4.0 , via Wikimedia Commons

«Віртуальны шпацыр і вэб-камера ў «Музеі мазавецкай вёскі ў Серпцы» (Muzeum Wsi Mazowieckiej w Sierpcu) — гэты праект атрымаў перамогу ў конкурсе інавацый у намінацыі «Лічбавая культура». Падчас фіналу конкурсу «Лідар лічбавых тэхналогій» кіраўніцтва Мазавецкага ваяводства ўручыла ўзнагароды за ўкараненне сучасных вырашэнняў.

Музей быў узнагароджаны за віртуальныя прагулкі, якія дазваляюць з дапамогай камп’ютара наведаць інтэр’еры 12 алічбаваных будынкаў з экспазіцыі этнаграфічнага музея. Дзякуючы ім, можна наведаць звычайна недаступныя для гасцей зоны і даведацца цікавыя факты пра будаўніцтва, традыцыі і сялянскія звычаі.

Дырэктар музея Ян Жэшатарскі (Jan Rzeszotarski) кажа, што віртуальныя экскурсіі па музеі карыстаюцца вялікай папулярнасцю:

— Значную частку музейных аб’ектаў мы паказваем на вэб-камеры, але я запрашаю паглядзець усё ў жывую. Таксама на відэакамеры турысты з адлеглых мясцовасцяў, напрыклад, з Варшавы могуць праверыць, якое ў нас надвор’е, ці ёсць сонца ў той час, калі ў іх дождж. Такім чынам, праз інтэрнэт можна паглядзець частку нашай экспазіцыі і атрымаць інфармацыю пра надвор’е.

У катэгорыі «Лічбавая школа» першае месца заняў Тэхнікум у горадзе Плоцк з праектам «Школа лічбавага заўтра».

Тэхнікум быў ацэнены за выкарыстанне сучаснай сістэмы кіравання ў школьным інтэрнаце. Сістэма забяспечвае камфорт і бяспеку жыхароў інтэрнату, уключае электронны доступ у пакоі ды электронны сэрвіс падачы страў у сталоўцы.

Маршалак Мазавецкага ваяводства Адам Струзік падкрэсліў, што працэс алічбоўкі непазбежны ў розных сферах жыцця, але патрабуе падтрымкі, і гэта адна з мэтаў конкурсу.

— Ужо некалькі гадоў выдзяляецца падтрымка для алічбоўкі на базавым узроўні. Конкурс, такі як гэты, дае магчымасць ажыццяўляць іншыя больш шырокія праекты, якія робяць жыццё прасцейшым, пераўзыходзяць нейкі ментальны бар’ер і даюць шанцы на паляпшэнне ўмоваў жыцця.

Марцін Паўляк, дырэктар дэпартамента алічбоўкі, геадэзіі і картаграфіі Маршалкоўскай управы Мазавецкага ваяводства, кажа, што сёлета пераможцаў выбіралі інакш, чым звычайна:

— Гэтае выданне конкурсу было нетыповае, таму што аддаць голас за паасобныя праекты маглі самі ўдзельнікі конкурсу. Гэта была нагода пазнаёміцца паміж сабою, атрымаць натхненне і ў наступным годзе стартаваць з яшчэ большай энергіяй.

Лаўрэаты, якія занялі першыя месцы ў абедзвюх катэгорыях, атрымалі па 50 тысяч злотых (11, 5 тысяч еўра) і тытул «Лідар мазавецкіх лічбавых тэхналогій». Наступны конкурс будзе абвешчаны вясной.

IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка