Беларуская Служба

Рэгенцкая рада Польскага Каралеўства: як арцыбіскуп, князь і граф перадалі ўладу сацыялісту Пілсудскаму (ФОТА/ВІДЭА)

08.11.2024 06:04
Рэгенцкая рада, створаная імператарамі Германіі і Аўстра-Венгрыі, стаяла ля вытокаў польскай дзяржаўнасці, якая адраджалася.  
Аўдыё
  • Рэгенцкая рада Польскага Каралеўства
Маршал Юзэф ПілсудскіNarodowe Archiwum Cyfrowe

11 лістапада Польшча будзе адзначаць Дзень Незалежнасці. Пасля 123 гадоў адсутнасці на палітычнай карце свету Польшча зноўку стала суб’ектам міжнароднага права. Важную ролю ў вяртанні Польшчы ў сям’ю незалежных дзяржаў адыграла Рэгенцкая рада. І сёння пра гэты орган мы раскажам у гістарычнай рубрыцы. 

Рэгенцкая рада Польскага Каралеўства. Злева направа:  Юзэф Астроўскі, Аляксандр Какоўскі, Здзіслаў Любамірскі. Крыніца: commons.wikimedia.org/Stanisław Dzierzbicki Pamiętnik z lat wojny 1915-1918, Warszawa 1983/domena publiczna Рэгенцкая рада Польскага Каралеўства. Злева направа: Юзэф Астроўскі, Аляксандр Какоўскі, Здзіслаў Любамірскі. Крыніца: commons.wikimedia.org/Stanisław Dzierzbicki Pamiętnik z lat wojny 1915-1918, Warszawa 1983/domena publiczna

Але на пачатак – храналогія падзей. Рэгенцкая рада была створаная падчас Першай сусветнай вайны ў верасні 1917 года ўладамі Германскай і Аўстра-Венгераскай Імперый. Рэгенцкая рада была свайго роду ўрадам Польскага Каралеўства – марыянетачнай дзяржавы, створанай 5 лістапада 1916 года пры падтрымцы некаторых польскіх партый і прызнанай уладамі згаданых імперый.

Здзіслаў Любамірскі, партрэт, 1916 год. Крыніца: commons.wikimedia.org/Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego katalog nr 10882/domena publiczna
Здзіслаў Любамірскі, партрэт, 1916 год. Крыніца: commons.wikimedia.org/Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego katalog nr 10882/domena publiczna

Польскае Каралеўства займала тэрыторыю, акупаваную Германіяй і Аўстра-Венгрыяй, якая раней уваходзіла ў склад Расійскай Імперыі ў выніку падзелаў Польшчы. Паколькі Польшча была аб’яўленая каралеўствам, а караля не было, то замест яго выканаўчая і заканадаўчая ўлады перайшлі да рады. 15 кастрычніка 1917 года быў аб’яўлены склад Рэгенцкай рады. У яе ўвайшлі варшаўскі арцыбіскуп Аляксандр Какоўскі, князь Здзіслаў Любамірскі і памешчык, граф Юзэф Астроўскі.

Арцыбіскуп Аляксандр Какоўскі. Коыніца: commons.wikimedia.org/"Światowid" 2/1939/domena publiczna
Арцыбіскуп Аляксандр Какоўскі. Коыніца: commons.wikimedia.org/"Światowid" 2/1939/domena publiczna

Рада мела быць свайго роду кіраўнічым органам Польскага Каралеўства, але толькі ў тэорыі, бо насамрэч першапачаткова краінай кіравалі нямецкія і аўстрыйскія акупанты. Але з ходам часу пазіцыі Германіі і Аўстра-Венгрыі пачалі слабець з-за паразаў на франтах Першай сусветнай. У сувязі з гэтым немцам і аўстрыйцам было не да польскіх справаў, таму рада 7 кастрычніка 1918 года выдала Зварот да польскага народу, які лічыцца актам пракламавання незалежнасці.

Юзэф Астроўскі. Крыніца: commons.wikimedia.org/Stanisław Dzierzbicki Pamiętnik z lat wojny 1915-1918, Warszawa 1983/domena publiczna
Юзэф Астроўскі. Крыніца: commons.wikimedia.org/Stanisław Dzierzbicki Pamiętnik z lat wojny 1915-1918, Warszawa 1983/domena publiczna

Нягледзячы на тое, што Рэгенцкая рада была несамастойным органам марыянетачнай дзяржавы, то яна адыграла важную ролю ў пазнейшым станаўленні польскай дзяржаўнасці, зазначае гісторык, прафесар Яцэк Бартызэль.

- 7 кастрычніка 1918 года Рэгенцкая рада апублікавала Зварот да польскага народу, які ў тэорыі быў актам пракламавання незалежнасці. Рэгенцкая рада была ў той час галоўным палітычным інстытутам у Польшчы, я б сказаў, што нават інстытутам польскай дзяржаўнасці, якая знаходзілася на этапе стварэння. Польская дзяржаўнасць пачала адраджацца 5 лістапада 1916 года, калі два імператары – нямецкі і аўстрыйскі, - на моцы выдадзенага дэкрэту стварылі Рэгенцкую раду як орган вярхоўнага кіравання Польскага Каралеўства. У першы час свайго існавання рада была прымушаная кансультаваць свае рашэнні з акупацыйнымі ўладамі. Але менавіта зварот 7 кастрычніка быў абсалютна суверэнным дакументам, прынятым радай. Варта згадаць, што менавіта Рэгенцкая рада пачала стварэнне дзяржаўных структур, якія пазней сталі асновай функцыянавання міжваеннай Польшчы. Гэта была адміністрацыя, судовая сістэма, адукацыі і, нарэшце, пачаткі польскай арміі. Польскія вайсковыя часці, якія знаходзіліся на тэрыторыі Польскага Каралеўства, у кастрычніку 1918 года, пасля абвяшчэння звароту, перайшлі пад польскае камандаванне і прысягалі на вернасць Рэгенцкай радзе, а не саюзнікам. Польскія ўзброеныя сілы ў той час узначаліў генерал Тадэвуш Развадоўскі, пазнейшы галоўнага стратэг перамогі пад Варшавай падчас польска-бальшавіцкай вайны.  

Таксама восенню 1918 года быў створаны Каралеўскі польскі ўрад, у склад якога ўваходзіла некалькі міністэрстваў.

11 лістапада 1918 года Рэгенцкая рада склала з сябе паўнамоцтвы і перадала ўладу Юзэфу Пілсудскаму, які вярнуўся ў Польшчу з нямецкай турмы. Менавіта лідар Польскай сацыялістычнай партыі Пілсудскі ў тыя часы быў адной з галоўных палітычных постацей у краіне.

11 лістапада таксама мае іншае сімвалічнае значэнне. У той дзень у Францыі было падпісанае Камп’еньскае перамір’е, якое закончыла Першую сусветную вайну. На моцы пагаднення Польшча стала самастойнай краінай. Дарэчы, у той жа дзень, пасля перадачы ўлады Пілсудскаму, Польшча адмовілася ад ідэі манархіі і стала рэспублікай.  

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

відэа: інсцэнізацыя прыезду Юзэфа Пілсудскага ў Варшаву 10 лістапада 1918 года

Больш на гэтую тэму: Машына часу