Клімат змяняецца ўсё хутчэй і хутчэй, што пацвярджаюць дадзеныя з зямной арбіты - падкрэсліваюць прадстаўнікі свету навукі і бізнесу. Яны таксама адзначаюць, што мы павінны як мага хутчэй падрыхтавацца да выклікаў, звязаных з кліматычнай рэвалюцыяй. Удзельнікі трэцяга Форуму назірання за Зямлёй, арганізаванага Польскім касмічным агенцтвам, абмяркоўвалі, як спыніць павышэнне тэмпературы і адаптавацца да змяненняў клімату.
24 гадзіны ў суткі штучныя спадарожнікі, задача якіх назіранне за нашай планетай, даюць велізарныя аб'ёмы дадзеных аб тым, што адбываецца на паверхні Зямлі. Затым гэтыя дадзеныя аналізуюцца "арміяй" спецыялістаў і, усё часцей, штучным інтэлектам. Як кажа намеснік старшыні Польскага касмічнага агенцтва палкоўнік Марцін Мазур, у нас ёсць цэлы набор сучаснага абсталявання, якое ўвесь час уважліва даследуе змены на паверхні нашай планеты.
— Большасць спадарожнікаў назірання за Зямлёй размешчаныя на нізкіх арбітах, г.зн. бліжэйшых да Зямлі, каб забяспечыць вялікую разнастайнасць інфармацыі. Гэта таксама зона найшчыльней напоўненая абсталяваннем. Сёння на нізкіх арбітах знаходзіцца больш за 5000 спадарожнікаў. Справа ў тым, што пераважная частка з іх - каля 4,5 тысяч - з'яўляюцца спадарожнікамі сувязі. Такім чынам, больш-менш 500 спадарожнікаў - гэта спадарожнікі назірання Зямлі плюс метэаралагічныя спадарожнікі.
Штучныя спадарожнікі дазваляюць не толькі рабіць фотаздымкі і назіраць за наступствамі засухі, пажараў або паводак, звязаных з павышэннем тэмпературы, але таксама дазваляюць старанна вывучыць уплыў змены клімату на мора і акіяны, якія займаюць больш за 70% паверхні нашай планеты. "Дадзеныя аб зменах - адназначныя", падкрэслівае Аляксандра Кардаш, намеснік старшыні Фонду кліматычнай адукацыі.
— Павышэнне ўзроўню мора ў 20 стагоддзі складала ў сярэднім каля 1,5 мм у год. Цяпер яно больш за 3-4 мм у год. Тэмпература нашай планеты таксама значна павышаецца. Тэмпература акіяна відавочна расце. Сярэдняя тэмпература ў параўнанні з даіндустрыяльным часам ужо вырасла прыкладна на 1,2 градуса Цэльсія. І мы таксама павінны ўлічваць, што гадавы рост сярэдняй тэмпературы акіянаў усё часцей будзе перавышаць 1,5 градуса. Мы мяркуем, што гэта адбудзецца ў бліжэйшыя некалькі гадоў.
Навукоўцы лічаць, што мы не можам прадухіліць змены клімату, дзеля гэтага патрэбныя велізарныя рэсурсы і доўгі перыяд часу. Аднак гэта не азначае, што мы не павінны інвеставаць у вырашэнні, якія стрымліваюць павышэнне тэмпературы і памяншаюць забруджванне. Зараз мы таксама павінны думаць пра тое, як чалавецтву жыць у новым, менш спрыяльным асяроддзі. "Нам давядзецца прыстасоўвацца", – кажа загадчык аддзела мадэлявання атмасферы і клімату Інстытута аховы навакольнага асяроддзя праф. Яанна Стружэўская.
— Я думаю, што нам трэба рыхтавацца да таго, што мы будзем жыць у свеце, які крыху адрозніваецца ад таго, што было 20, 30, 50 гадоў таму. Задача для чалавецтва - адаптацыя да змены клімату, г.зн. дзеянні не толькі скіраваныя на абмежаванні дэструкцыйных для клімату з'яў, але і на адаптацыю, то бок на пошуках выхадаў, якім чынам выкарыстаць кліматычныя змены на карысць людзей. Нам неабходна падрыхтавацца да гэтага.
Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што на дадзены момант, безумоўна, танней і прасцей дзейнічаць, каб запаволіць змяненне клімату і падрыхтавацца да наступстваў, чым шукаць планету, на якую чалавецтва зможа перасяліцца, калі жыццё на Зямлі ўжо стане немагчымым. Гэта сцэнарый з навукова-фантастычных кніг і фільмаў, але пошукі такіх месцаў у космасе ўжо ідуць. Навукоўцы таксама працуюць над метадамі тэрафармавання - гэта значыць стварэння такіх умоў на іншай планеце ці Месяцы або іншым касмічным аб'екце, якія пануюць на Зямлі, з мэтай пасялення там людзей і стварэння ў космасе калоніі зямлян. Улічваючы хуткасць змены клімату на нашай планеце, магчыма, што ў будучыні пошук новага месца для жыцця стане для нас неабходнасцю.
яс/IAR/Пшэмыслаў Ліс