Паводле ацэнак Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, больш за два мільярды чалавек жывуць, не маючы доступу да бяспечнай пітной вады ў сваіх дамах. Свет навукі прымае меры для змякчэння наступстваў змены клімату. Адзін са спосабаў - атрымаць ваду з туману. Гэта, праўда, не наватарская ідэя, таму што пустынныя жукі з Намібіі стагоддзямі здабывалі ваду шляхам кандэнсацыі туману. Прырода вучыць нас паважаць і размяркоўваць ваду, кажа праф. Шымон Маліноўскі з Інстытута геафізікі Польскай акадэміі навук.
— Метад стары, як і эвалюцыя, таму што вада асядае на лісці раслін або ігліцы хвойных дрэў, у сітуацыі, калі вада кандэнсуецца ў атмасферы ў выглядзе дробных кропель туману.
Людзі назіраюць за прыродай і спрабуюць стварыць збудаванні і механізмы для здабычы вады накшталт згаданага жука. Маладыя польскія даследчыкі з асацыяцыі Freelab Września сканструявалі ўласны «туманаўлоўшчык», кажа Нікадэм Нізерны.
— Мы абмяркоўвалі, як можна затрымаць ваду, якая знікае з паверхні нашай Зямлі. Мы абмяркоўвалі, ці не скарыстаць гейзеры для фільтрацыі вады. Як раз яны ёсць у тым месцы, дзе мы павінны былі спраектаваць «туманаўлоўшчык». Гэта структура з сеткай, дзякуючы якой мы можам збіраць ваду з паветра. Напрыклад, калі стаіць туман, то малекулы вады з імглы, асядаюць на сетцы і затым сцякаюць у далучаны рэзервуар. У штодзённым побыце механізм можа выкарыстоўвацца для збору вады, напрыклад, можна ў гэтай вадзе памыць посуд ці паліць ёю кветкі.
Усталяванне «туманаўлоўшчыка» залежыць ад умоваў тэрыторыі.
Ідэі, як зменшыць наступствы засухі распрацоўваюць біёлагі Польскай акадэміі навук, якія вывучаюць структурную біялогію раслін.
Адкрыццё механізмаў функцыянавання раслін дае велізарныя магчымасці для распрацоўкі новых біялагічна актыўных рэчываў, якія можна выкарыстоўваць, напрыклад, каб зрабіць расліны ўстойлівымі да засухі, забруджвання навакольнага асяроддзя або высокай салёнасці,- адзначае прафесар Мілаш Рушкоўскі з Познаньскага інстытуту біяарганічнай хіміі Польскай акадэміі навук.
— Гаворка ідзе аб практычным прымяненні ў сельскай гаспадарцы, або, наогул, вырошчванні раслін. Структурная біялогія раслін дае нам разуменне таго, як пабудаваныя бялкі ці іншыя малекулы, ад якіх залежыць функцыянаванне кожнай жывой клеткі, кожнага жывога арганізма. На аснове гэтых ведаў, мы можам, напрыклад, распрацоўваць малекулы, якія змяняюць і мадыфікуюць функцыянаванне бялкоў. Выкарыстанне даследаванняў структурнай біялогіі можа быць вельмі шырокім, у тым ліку для распрацоўкі новых гербіцыдаў, бо мы змагаемся з праблемай павышэння ўстойлівасці раслін да гербіцыдаў. Нам трэба будзе ўкараніць новыя злучэнні гэтага тыпу.
Адкрыцці ў галіне структурнай біялогіі раслін маюць велізарнае значэнне для развіцця ўстойлівай сельскай гаспадаркі і сельскагаспадарчай вытворчасці. Сельская гаспадарка павінна быць больш эфектыўнай, таму што, паводле прагнозаў ААН, да 2050 г. яна павінна будзе пракарміць больш за 9 мільярдаў чалавек. Тым часам кліматычныя мадэлі паказваюць, што як у Еўропе, так і ва ўсім свеце, у бліжэйшыя дзесяцігоддзі вялікія рэгіёны стануць непрыдатнымі для сельскагаспадарчай вытворчасці. Таму навукоўцы павінны мадыфікаваць або шукаць новыя гатункі раслін, больш устойлівыя да цяжкіх умоў навакольнага асяроддзя.
IAR/Моніка Сушэк/яс