Беларуская Служба

Рэдакцыйная кухня: гатуем рыбу ў цесце са стала польскага караля Яна ІІІ Сабескага (РЭЦЭПТ)

11.12.2024 09:07
Неверагодна, але страву з 17-га стагоддзя паспяхова ўдасца прыгатаваць і цяпер.
Аўдыё
  • Рэдакцыйная кухня: гатуем рыбу ў цесце са стала польскага караля Яна ІІІ Сабескага
         .       17-
Рыба ў цесце са стала польскага караля Яна ІІІ Сабескага. Рэцэпт з кнігі «Французскі кухар» з 17-га стагоддзя фота: Кацярына Адамская/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Інгрэдыенты 

ласось – 500 г 

французскае цеста 

жаўток 

аліўкі 

лайм 

Марынад 

вінны воцат 

імбір 

аліўкавы алей 

гваздзікі 

мускатны арэх 

соль 

перац 

Ян Сабескі быў гурманам, вялікім знаўцам апошніх кулінарных тэндэнцый і прыхільнікам французскай кухні. У ягонай бібліятэцы, сярод іншага, была кніга «Французскі кухар» - самая вядомая французская кулінарная кніга 17-га стагоддзя. У 1666 годзе, калі Сабескі быў яшчэ гетманам, ён параіў сваёй жонцы Марысеньцы напісаць у Парыж і заказаць «добрага кухара для нас, а пакуль прыняць любога, абы француза». 

З кулінарнай кнігі мы выбралі рыбу, запечаную ў цесце. 

Рэцэпт з кнігі «Французскі кухар» 

«Вазьмі кавалак свежай рыбы, пакладзі яго ў посуд, залі вінным воцатам, дадай перац, імбір, соль, гваздзікі, мускатны арэх і вымочвай гэта шэсць гадзін, дадаўшы лімоны і аліўкі. Вазьмі пшанічную муку, аліўкавы алей, ваду, і замясі цеста, не занадта крутое.

Раскатай цеста, пакладзі рыбу, палі аліўкавым алеем, закрый цестам і сфармуй страву, як толькі хочаш ці ўмееш, а калі яна запячэцца, падай на стол у гарачым або халодным выглядзе». 

Мы мадыфікавалі рэцэпт. 

З імбіру, аліўкавага алею, гваздзікоў, мускатнага арэху, перцу, солі і віннага воцату робім марынад. А аліўкі і лайм маюць запякацца разам з рыбай у цесце. Марынуем каля 6 гадзін. Аліўкі рэжам так, каб яны змясціліся на ласосі. Кладзём рыбу на цеста, а бакі шмаруем жаўтком. Жаўток мае трымаць цеста і не даваць яму адслойвацца. На рыбу выкладаем аліўкі і лайм. Прыкрываем рыбу цестам, а рэшту цеста абразаем. Верх шмаруем жаўтком. Выпякаем каля 40 хвілін пры тэмпературы 180 градусаў. 

Смачна есці!

Падрабязней пра тое, як прыгатаваць страву, раскажуць Кацярына Адамская і Валеры Саўко. 

слухайце аўдыёфайл 

Паводле праграмы "Гісторыя польскай кухні" вытворчасці Польскага тэлебачання

Больш на гэтую тэму: Лыжка і відэлец