Падчас сустрэчы шмат гаварылі пра існыя ўмовы для беларускай мовы ў краіне, пра стаўленне ў грамадстве да мовы тытульнай нацыі, а таксама наколькі верагодна хутка зрабіць беларускую мову адзінай дзяржаўнай.
Аліна Нагорная, грамадская актывістка, якая шмат гадоў займаецца адстойваннем права на беларускую мову ў сваёй жа краіне падкрэслівае, што дэклараванае двухмоўе насамрэч не працуе.
— Што такое двухмоўе? Гэта сітуацыя, калі абедзьве мовы забяспечаныя ў патрэбным аб'ёме для людзей. Людзі павінны «атрымліваць» беларускую мову ад дзяржаўных устаноў. Але па факту самы папулярны адказ на запыты — «у нас двухмоўе, таму мы карыстаемся рускай мовай», — дзеліцца назіраннямі за сітуацыяй Нагорная.
Філосаф Павел Баркоўскі звяртае ўвагу, што падчас аднаўлення гістарычнай справядлівасці ў моўным пытанні можна сутыкнуцца з шэрагам праблем у грамадстве. Хаця, калі беларусы хочуць гаварыць пра адраджэнне сваёй ідэнтычнасці, то першы ж закон мусіць тычыцца менавіта моўнага пытання.
Журналіст, рэдактар, а таксама музыка гурта «Сумарок» Ігар Палынскі падзяліўся настроямі ў грамадстве на Віцебшчыне, гэтая вобласць мяжуе з Расіяй.
— Я родам з Полацка, большую частку жыцця пражыў там, нейкі час быў старшынёй мясцовай філіі Таварыства беларускай мовы. У мяне сумныя высновы: трэба будзе шмат працы прыкласці, каб пераканаць жыхароў гэтага рэгіёну, што беларуская мова — безумоўная каштоўнасць. Што руская мова — каланіяльная, бо цяпер людзі ўспрымаюць рускую як сваю. Мяжа там блізка і гэта ўплывае на сацыяльны, культурны кантэкст. У Полацку, можа быць, сітуацыя не самая кепская, бо гэта старажытны горад, у людзей ёсць момант гонару, што мы самыя-самыя — калыска дзяржаўнасці, духоўнасці і гэтак далей. Але, на жаль, гэта рэдка пераходзіць межы дэкларатыўнасці. Сказаўшы, што мы — калыска беларускай дзяржаўнасці, чыноўнікі пераходзяць на рускую мову. І складана пераканаць, што думку трэба працягваць думку па-беларуску, што гэта не проста шыльдачка. Нажаль, людзі не гатовыя ў адзін момант пераводзіць справаводства на беларускую мову, публічныя камунікацыі.
Гісторык, прадстаўнік Таварыства беларускай мовы Сяргей Герасімовіч.
Фота: Беларуская служба Польскага радыё
Гісторык, прадстаўнік Таварыства беларускай мовы Сяргей Герасімовіч мае адрознае меркаванне, ён перакананы, што шанцы на хуткі разварот у бок беларускай мовы ёсць:
— Я лічу, што само двухмоўе, якое існуе ў Беларусі, само па сабе не зусім законнае, бо той рэферэндум быў з парушэннямі. Мяркую, калі адбудуцца дэмакратычныя пераўтварэнні, трэба вярнуцца да адзінай беларускай дзяржаўнай мовы. Мяркую, трэба было б цалкам перавесці на беларускую мову адукацыю, усё справаводства ў дзяржаўных органах. Але як людзі будуць камунікаваць у прыватным жыцці — іх асабістая справа. Грамадскія арганізацыі могуць займацца заахвочваннем людзей перайсці на беларускую мову.
Ва ўстановах адукацыі павінна быць беларуская. Гэта вельмі добра для будучыні. На прыкладзе Уэльсу бачна, што на валійскай мове найбольш размаўляюць школьнікі, бо там адукацыя ў школах на валійскай мове. Тое самае мы ўбачылі б у Беларусі. Не думаю, што будуць нейкія вялікія цяжкасці. Я вучыўся на юрфаку па-беларуску, але ўсё было добра. Не думаю, што ў гэтым будзе нейкі супраціў. Але адукацыя была б вялім штуршком у пераходзе да адной мовы. Справа грамадзянскай супольнасці зрабіць беларускую мову прывабнай у шырокім ужытку.
Падчас апошняга перапісу траціна апытаных заявілі, што карыстаюцца ў побыце беларускай мовай, 80 працэнтаў назвалі беларускую мову роднай. Таму трэба ім дапамагчы.
Агулам удзельнікі дыскусіі пагаджаліся з ідэяй, то ў выпадку, калі будзе магчымасць рэалізаваць новую моўную палітыку, адштурхоўвацца трэба не ад абмежаванняў, забароны рускай мовы, а ад шырокай падтрымкі беларускай мовы ў самых розных сферах жыцця. Таксама мусіць быць выразна акрэслены пераходны план з крокамі і тэрмінамі, каб кожнаму была зразумелая паслядоўнасць дзеянняў.
вх