Беларуская Служба

Нельга недаацэньваць небяспеку, звязаную з угарным газам. Ад яго кожны год гінуць людзі

21.01.2025 17:00
Газ не мае колеру і паху. Чалавек не можа выявіць яго без спецыяльнага абсталявання.
Аўдыё
  • Польскае радыё далучылася да інфармацыйнай кампаніі пра небяспеку ўгарнага газу.
     .
Датчык угарнага газу можа выратаваць жыццё.Фота: Shutterstock/mahc

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы разам з журналістамі Польскага радыё праводзіць грамадскую інфармацыйную кампанію, мэта якой – панізіць небяспеку, звязаную з угарным газам. Гэты падступны газ кожны год становіцца прычынай смерці кагосьці з жыхароў Польшчы. 

Практычна кожны з нас чуў пра выпадак, звязаны з угарным газам, які здарыўся ў сям’і або сярод знаёмых. Часцей за ўсё ім атручваюцца падчас купання ў ванным пакоі з дрэннай вентыляцыяй, дзе працуе газавы абагравальнік вады. Таксама часта здараюцца выпадкі атручвання, калі людзі хочуць сагрэцца ў машыне з уключаным рухавіком у закрытым памяшканні, напрыклад, у гаражы. Засынаюць і ўжо не прачынаюцца.

Монааксід вугляроду, інакш угарны (чадны) газ не мае колеру і паху. Чалавек не можа выявіць яго без спецыяльнага абсталявання, таму ён лёгка назапашваецца ў памяшканні. Газ лёгка звязваецца з гемаглабінам у крыві, утвараючы карбоксігемаглабін, што блакуе здольнасць крыві транспартаваць кісларод у клеткі і тканкі. У выніку ўзнікае кіслароднае галаданне, якое можа прывесці да сур'ёзных пашкоджанняў органаў або смерці.

Нават невялікая канцэнтрацыя чаднага газу можа выклікаць сімптомы атручэння, такія як галаўны боль, галавакружэнне, млоснасць, слабасць, страта прытомнасці. Людзі часта блытаюць пачатковыя сімптомы з іншымі праблемамі, напрыклад, прастудай або стомленасцю. Высокая канцэнтрацыя CO можа прывесці да смерці на працягу некалькіх хвілін. Угарны газ утвараецца пры няпоўным згаранні паліва (газу, дроў, вугалю, бензіну). Ён можа выдзяляцца з печ, камінаў, газавых катлоў, абагравальнікаў, аўтамабіляў у закрытых гаражах, а таксама пры выкарыстанні генератараў у памяшканнях.

Самы надзейны спосаб абараніцца ад угарнага газу – усталяваць датчыкі газу ў кожным памяшканні. І таму з панядзелку да канца гэтага тыдня слухачы Польскага радыё, Першага каналу могуць выйграць такія прылады. Польскае радыё разам з Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі арганізуюць кампанію «Угарны газ і агонь. Абудзі пільнасць». Мэта акцыі — звярнуць увагу на небяспеку, звязаную з газам.

Каб выйграць датчыкі чаднага газу, удзельнікі павінны адказаць на пытанні, звязаныя з пажарнай бяспекай. Узнагароды будуць уручаныя ў перадачах «Сігналы дня» і «Экспрэс Першай праграмы» да канца тыдня. Міністр унутраных спраў Томаш Семоняк (Tomasz Siemoniak) у эфіры «Першага каналу» адзначыў, што небяспеку, звязаную з чадным газам, нельга недаацэньваць.

- Гінуць ад аксіду вугляроду нашыя грамадзяне, таму мы павінны рабіць усё магчымае, каб зменшыць да нуля такую рызыку. З пункту гледжання пажарнай аховы гэта вельмі важна, а для грамадства – я не хачу, каб гэта гучала надта страшна - але гэта пытанне жыцця і смерці.

Томаш Семоняк таксама дадаў, што дзякуючы кампаніі «Угарны газ і агонь. Абудзі пільнасць» тысячы палякаў даведаюцца пра пагрозу, звязаную з небяспекай атручвання чадным газам.

- Я разлічваю на тое, што гэтыя 600 датчыкаў атрымаюць тыя людзі, каму яны найбольш патрэбныя. Але пры гэтым, сотні тысяч слухачоў даведаюцца, на колькі важную функцыю можа выконваць такі датчык. Гэта вельмі важная справа, і мяне цешыць, што Польскае радыё ў такой важнай справе імкнецца дапамагчы.

Са снежня мінулага года ў Польшчы ўведзена абавязак усталёўваць датчыкі монааксіду вугляроду. На дадзены момант ён распаўсюджваецца на новыя жылыя будынкі, а з 2030 года датчык чаднага газу стане абавязковым у кожнай кватэры. А Першы канал Польскага радыё раздае такія датчыкі, аб чым паведаміла намесніца дырэктара станцыі Магдалена Штурэмска (Magdalena Szturemska).

- Для нас вельмі важна, каб нашыя слухачы адчувалі сябе ў бяспецы ў іх дамах. А чадны газ – гэта грозны праціўнік. У барацьбе з ім дапамагае дэтэктар угарнага газу. І такія дэтэктары мы раздаём у эфіры Першага каналу Польскага радыё. Калі слухачы слухаюць праграму “Сігналы дня” або “Экспрэс Адзінкі”, яны могуць сябе адчуць у большай бяспецы. У Першым канале мы здаўна ўжо паведамляем слухачам, як ахаваць сябе ад пагрозы, звязанай з угарным газам. Мы запрашаем розных экспертаў, паказваем, як змагацца з чадам.

Угарны газ, у Польшчы вядомы як «чад», з'яўляецца моцна таксічным газам, і атручэнне ім можа прывесці да смерці. 

IAR/нг