Беларуская Служба

«Для тых, хто прайшоў праз канцлагер, вяртанне ў Аушвіц - надзвычай цяжкі момант»

22.01.2025 12:01
У мерапрыемствах з нагоды 80-й гадавіны вызвалення канцлагера Аўшвіц-Біркенаў прыме ўдзел рэкордная колькасць гасцей з усяго свету.
Аўдыё
  • 80-я гадавіна вызвалення канцлагера Аўшвіц-Біркенаў
80-    -
80-я гадавіна вызвалення канцлагера Аўшвіц-БіркенаўЗдымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

27 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту, заснаваны Генеральнай Асамблеяй ААН 1 лістапада 2005 года. У гэты дзень у 1945 годзе быў вызвалены нямецкі канцлагер Аўшвіц-Біркенаў. Канцлагер Аўшвіц-Біркенаў быў найбуйнейшым з нямецкіх нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў і цэнтраў знішчэння людзей. За няпоўныя 5 гадоў існавання тут, паводле ацэнак гісторыкаў, загінула каля 1,1 мільёна чалавек. Сёння для ўсяго свету Аўшвіц-Біркенаў з'яўляецца сімвалам Халакосту і зверстваў Другой сусветнай вайны.

Завяршаецца падрыхтоўка да 80-й гадавіны вызвалення канцлагера Аўшвіц-Біркенаў, якой галоўныя ўрачыстасці адбудуцца 27 студзеня 2025 года з удзелам рэкорднай колькасці гасцей у тым ліку замежных дэлегацый.

Маштаб гэтай падзеі для нас - музэя, які штодзённа не ладзіць такіх буйных лагістычных і медыйных мерапрыемстваў, велізарны, заяўляе намеснік прэс-сакратара Музэя Аўшвіц-Біркенаў Павел Савіцкі(Paweł Sawicki):

- З нашага пункту гледжання важна тое, што тых, хто выжыў у Аўшвіц, сапраўды будзе слухаць увесь свет. Ля галоўных варотаў былога лагера Біркенаў - другой і самай вялікай часткі комплексу Аўшвіц-Біркенаў, быў пастаўлены буйны намёт, які змесціць каля 3 000 гасцей. Акрамя тых, хто выжыў, ва ўрачыстасцях прымуць удзел таксама некалькі дзясяткаў дзяржаўных дэлегацый на чале з каранаванымі асобамі, прэзідэнтамі, прэм'ерамі і міністрамі. Будзе таксама шмат людзей, якія штодня ўдзельнічаюць у фарміраванні памяці пра Аўшвіц і Халакост - шмат устаноў, шмат нашых партнёраў і гасцей. Таксама будзе адкрыты сектар, дзе людзі, якія проста захочуць быць тут у гэты дзень, змогуць назіраць за мерапрыемствамі. З гэтага пункту гледжання, гэта сапраўды вялікая лагістычная і медыйная падзея.

Для гэты, хто прайшоў праз канцлагер, вяртанне ў Аушвіц заўсёды надзвычай цяжкі момант

Асвятляць падзеі плануе больш за 1 100 журналістаў з амаль 50 краін. Гэта шанец на тое  што 27 студзеня, у 80-ю гадавіну вызвалення Аўшвіц- Біркенаў, свет сапраўды прыслухаецца да слоў тых, хто прайшоў праз канцлагер. Нагадваем, на ўрачыстасці прыбудуць некалькі дзясяткаў былых вязняў:

- На дадзены момант гаворка ідзе аб паўсотні чалавек. Аднак, можа быць так, што пра іх удзел у апошні момант вырашаць эмоцыі і стан здароўя - гэта вельмі асабістая і вельмі далікатная справа. Для гэтых людзей вяртанне ў гэтае месца заўсёды надзвычай цяжкі момант. Гэта будуць людзі з розных краін свету: ЗША, Германія, Швецыя, Вялікабрытанія… Мы ўсё яшчэ чакаем інфармацыі ад замежных гасцей, таму што былыя вязні могуць таксама ўваходзіць у склад некаторых дзяржаўных дэлегацый.

27 студзеня мерапрыемствы з нагоды 80-й гадавіны вызвалення канцлагера будуць адбывацца як на тэрыторыі былога нямецкага канцлагера Аўшвіц І — гаворка ідзе пра такую сціплую частку для саміх былых вязняў, так і на тэрыторыі Аўшвіц ІІ Біркенаў, дзе запланаваныя асноўныя ўрачыстасці:

- А 9.00 раніцы адбудзецца такое прыватнае мерапрыемства – былыя вязні прыедуць на тэрыторыю былога канцлагера Аўшвіц І, каб ускласці кветкі да Сцяны смерці ля блока 11 і ўшанаваць памяць ахвяраў Аўшвіц. Іх таксама будзе суправаджаць прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, пад патранажам якога праходзяць урачыстасці. Галоўнае мерапрыемства пачнецца а 16-й гадзіне, у намёце перад Брамай смерці былога канцлагера Біркенаў. Тут з асноўнымі дакладамі выступяць былыя вязні канцлагера Аўшвіц. Прозвішчы выступоўцаў мы назавем у апошні момант, калі будзем упэўненыя, што яны прыехалі, адчуваюць сябе добра, што іх стан здароўя дазволіць ім выступіць.

Пакуты ў Аўшвіц пачыналіся не з моманту прыбыцця ў канцлагер, а з моманту дэпартацыі

Адным з сімвалаў 80-годдзя вызвалення нямецка-фашысцкага канцэнтрацыйнага лагера смерці Аўшвіц-Біркенаў з’яўляецца грузавы вагон. З 2009 года згаданы вагон стаіць на рэйках у былым канцлагеры Біркенаў, на месцы, дзе лекары СС праводзілі адбор габрэяў, адпраўляючы большасць з іх на смерць у газавыя камеры:

- У нас няма нейкага асаблівага лозунгу гадавіны, але ёсць два такія візуальныя сімвалы. Адзін – гэта галоўная брама былога лагера Біркенаў, якую называюць Брамай смерці. За гэтымі варотамі з вясны 1944 года была платформа, на якую прыбывалі таварныя цягнікі. Там габрэі падвяргаліся адбору. Перад варотамі будзе стаяць гістарычны чыгуначны вагон - у такіх вагонах людзей прывозілі ў канцлагер. Гэта галоўны сімвал, звязаны з лёсам ахвяраў Аўшвіц, таму што транспарціроўка ў лагер з'яўляецца неад’емнай часткай гэтага працэсу. Пакуты ў Аўшвіц пачаліся не з моманту прыбыцця ў лагер, а з моманту дэпартацыі. На заканчэнне мерапрыемстваў былыя вязні і кіраўнікі дзяржаўных дэлегацый запаляць знічкі перад гэтым вагонам, ушаноўваючы памяць усіх ахвяр нямецкага нацысцкага канцэнтрацыйнага лагера і лагера смерці Аушвіц-Біркенаў.

Гэта будзе адна з самых буйных сустрэч кіраўнікоў дзяржаў у Польшчы ў гісторыі

Апошнім часам узніклі сумневы вакол удзелу ізраільскай дэлегацыі ва ўрачыстасцях у Аўшвіц. У прыватнасці справа тычыцца прэм'ера Ізраіля і ордэру на яго арышт, які быў выдадзены Міжнародным крымінальным судом.

Мы адмяжоўваемся ад палітыкі. Падчас урачыстасцяў мы хочам, перш за ўсё, праліць святло і засяродзіць усю ўвагу на тых, хто выжыў, кажа Павел Савіцкі:

- Зразумела, мы бачым гэтую дыскусію ў СМІ, але мы ўсё роўна стараемся кожны раз падчас гэтых гадавінаў на першым месцы ставіць пытанні памяці і ўшанавання  - тое, на чым мы хочам засяродзіцца ў музеі ў той дзень. Мы хочам, праліць святло і засяродзіць усю ўвагу на тых, хто прайшоў праз канцлагер. Гэта ж 80-годдзе і, хутчэй за ўсё, апошняя круглая гадавіна, калі мы зможам прыняць у музеі такую ​​буйную групу былых вязняў. Цяжка ўявіць сабе, што праз 10 гадоў, нешта такое будзе яшчэ магчымае. Менавіта таму, голас тых, хто выжыў - самы важны падчас угодкаў. Вядома, палітыкі прысутнічаюць на ўрачыстасці. Дарэчы, калі ўзяць пад увагу іх колькасць і ранг, то гэта будзе адна з самых буйных сустрэч кіраўнікоў дзяржаў у Польшчы ў гісторыі. Аднак усе яны будуць прыслухоўвацца да тых, хто прайшоў праз канцлагер, а палітычныя пытанні застаюцца недзе звонку. Таму падчас мерапрыемстваў не будзе палітычных выступленняў, а галоўнымі будуць галасы тых, хто выжыў.

Мерапрыемствы з нагоды 80-й гадавіну вызвалення канцлагера Аўшвіц-Біркенаў будзе трансляваць грамадскае Польскае Тэлебачанне. Іх можна будзе паглядзець таксама ў музейных сацсетках, у тым ліку на канале YouTube. Усе спасылкі можна знайсці на сайце 80.auschwitz.org. Трансляцыя пачнецца 27 студзеня роўна а 16-й гадзіне.

Пра падрыхтоўку да 80-й гадавіны вызвалення канцлагера Аўшвіц-Біркенаў казаў намеснік прэс-сакратара музэя Аўшвіц-Біркенаў Павел Савіцкі (Paweł Sawicki).

Пра гісторыю заснавання, функцыянавання і вызвалення канцлагера Аўшвіц-Біркенаў - машыны смерці, якую нямецкія акупанты стварылі ў гарадку на поўдні Польшчы - можна прачытаць на афіцыйным сайце музея і ў яго сацсетках. Музей рэкамендуе таксама свае  анлайн-урокі на старонцы lekcja.auschwitz.org.

Анна Задрожна

Кароль Карл III прыедзе ў Польшчу на адзначэнне 80-й гадавіны вызвалення лагеру Аўшвіц-Біркенаў

13.01.2025 19:08
Гэта будзе пяты візіт Карла ў Польшчу, але ўпершыню ён наведае краіну як кароль.