Беларуская Служба

Славуты польскі актор прыбярэ дом таму, хто заплаціў 136 тысяч на дабрачынную акцыю

28.01.2025 17:37
Мільёны сабралі ў Польшчы на лячэнне анкалагічных захворванняў у дзяцей. І гэта не канец.  
Аўдыё
  • Мільёны сабралі ў Польшчы на лячэнне дзяцей
      .
Ініцыятар Вялікага аркестра святочнай дапамогі Ежы Оўсяк.Фота: PAP/Radek Pietruszka

33-ці фінал Вялікага аркестра святочнай дапамогі (WOŚP) прайшоў 26 студзеня з вялікім поспехам, сабраўшы вялізныя сумы на падтрымку дзяцей, якія змагаюцца з анкалагічнымі захворваннямі. Удзельнікі з усяго свету, у тым ліку польскія дыяспары, актыўна ўдзельнічалі ў акцыях, аўкцыёнах і зборы сродкаў.

Ініцыятыва ў чарговы раз паказала велізарную салідарнасць палякаў і жаданне дапамагаць, аб'ядноўваючы людзей у добрай справе. Гэта фенаменальная акцыя, якая трымаецца, акрамя, канешне, тысяч валанцёраў, на асобе яе заснавальніка Ежы Оўсяка. Нягледзячы на тое, што пра яго пішуць рознае ў СМІ, людзі яму давяраюць і ахвотна даюць грошы на дапамогу.

У класе маіх дочак з 25 вучняў 20 удзельнічалі ў зборы сродкаў. Людзі ахвотна кідалі ў скарбонку грошы, і не толькі манеты, але нават па 100 злотых. 13-гадовая Ніна кажа, што мэта збору высакародная.

- Я хацела дапамагчы людзям, якія хварэюць анкалагічным захворваннем. І ўдалося сабраць шмат грошай – больш за тысячу злотых.  

У сваю чаргу, сястра Ніны, Паўліна сабрала звыш 1700 злотых. Яны ўдзельнічалі ў акцыі разам са сваім бацькам Анджэем, паколькі, паводле рэкамендацыі арганізатараў, дзяцей да 16 года жыцця павінны суправаджаць дарослыя. Па словах Анджэя, людзі ахвотна ахвяравалі, нават даволі вялікія сумы.

- Мы збіралі сродкі на тэрыторыі мікрараёна Ахота, пераважна каля крам. І там менавіта людзі часцей за ўсё давалі нам грошы, а не дзесьці на тратуарах, у парках. Некаторыя людзі давалі вялікія сумы, магчыма, яны самі сутыкнуліся з анкалогіяй або хтосьці сярод блізкіх хварэў. Для мяне было нечаканасцю, што некаторыя асобы давалі 50, а нават 100 злотых.     

У панядзелак Ежы Оўсяк паведаміў, што падчас вялікага фіналу ўдалося сабраць 178 531 625 злотых. Але гэта не канец, паколькі аўкцыёны працягваюцца. Поўная сума ахвяраванняў будзе вядомая толькі ў сакавіку. У мерапрыемстве ўдзельнічае шмат вядомых асоб, у тым ліку актораў. Напрыклад, прапанова актора Мацея Мусяла была прададзеная за 136 тыс. злотых. За гэтыя грошы ён прыбярэ дом пераможцы пад музыку, напрыклад, кампазіцыю «Explosion». На маркетплейсе Allegro у рамках 33-га Фіналу WOŚP даступна больш за 150 тыс. лотаў, з якіх агульная сума заяўленых ставак у нядзелю дасягнула амаль 23 млн злотых. Сярод аўкцыёнаў, якія яшчэ працягваюцца, самы дарагі лот — сумесная гульня ў гольф у Іспаніі з Оменай Мэнсах і Рафалам Бжоскам (295 тыс. злотых). Другі па кошце лот — прапанова Роберта Левандоўскага: два білеты на матч FC Barcelona і наведванне трэніроўкі каманды (155 тыс. злотых).

У нядзелю акцыі спрыяла добрае надвор’е і адкрытыя крамы ў гэты дзень, паколькі ў Польшчы толькі некалькі гандлёвых нядзель на працягу года. Ежы Оўсяк паведаміў, што 26 студзеня было сабрана больш сродкаў, чым у дзень вялікага фіналу год таму.

- Вядома, што сёлета мы сабралі крыху больш, чым год таму. Летась было 175 мільёнаў, у гэтым годзе – 178. Штабы паведамляюць, што ім удалося сабраць больш. Калі будзе крыху больш, нас гэта вельмі ўцешыць, калі будзе менш – таксама будзем радыя. Трэба пакорліва ставіцца да такіх спраў, не казаць адразу, што будзе рэкорд. Магчыма, у людзей менш грошай. А калі будзе больш, гэта значыць, што яны далей хочуць з намі граць. Яшчэ раз я дзякую ўсім палякам, мне гэта вельмі дапамагло. Я не хацеў хаваць усе гэтыя дрэнныя рэчы, якія мяне закранулі. Палякі паказалі, што яны з гэтым не згаджаюцца.

Нагадаем, некалькі тыдняў таму быў затрыманы пенсіянер, які пагражаў забіць Ежы Оўсяка пасля прагляду адной з тэлеперадач, у якой Оўсяка паказалі ў негатыўным ракурсе.  

Сродкі з сёлетняга фіналу WOŚP будуць накіраваныя на абсталяванне 18 дзіцячых аддзяленняў, 17 хоспісаў і анкалагічных цэнтраў. У Польшчы анкалогію штогод выяўляюць у каля 1,2 тыс. дзяцей, яшчэ 3 тыс. знаходзяцца на стадыі інтэнсіўнага лячэння.

Віцэ-старшыня, адзін з заснавальнікаў WOŚP прафесар Богдан Марушэўскі сказаў, што сродкаў, сабраных аркестрам у гэтым годзе, хопіць на набыццё самага сучаснага абсталявання для аддзяленняў дзіцячай анкалогіі і гематалогіі.

- Па выніках, якія паказалі, што было сабрана 178 мільёнаў злотых, мы можам прадбачыць, што сродкаў будзе дастаткова, каб купіць самую сучасную і дарагую тэхніку. Мы будзем інвеставаць у самую сучасную галіну хірургіі, якой з'яўляецца робататэхніка. Будзем набываць як новых робатаў у аддзяленні дзіцячай анкалагічнай хірургіі, так і дэталі для ўжо купленых робатаў, якіх зусім няшмат.

Грошы для Вялікага аркестра святочнай дапамогі збіралі таксама палякі за мяжой. Напрыклад, польская дыяспара ў Вене сабрала эквівалент 35 тысяч злотых. У аўстрыйскай сталіцы ахвяраванні збіралі перад касцёламі, у польскіх крамах і падчас канцэрта.

IAR/нг