У Польшчы ідзе спрэчка вакол магчымага візіту ў Польшчу прэм'ер-міністра Ізраіля, якога шукае Міжнародны крымінальны суд. А тым часам ізраільскі бок паведаміў, што Біньямін Нетаньяху не плануе прыязджаць у Польшчу, - чытаем на партале wiadomosci.wp.pl.
Міжнародны крымінальны суд у лістападзе выдаў ордар на арышт Нетаньяху па абвінавачванні ў ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці ў сектары Газа.
Польшча ратыфікавала Статут Міжнароднага крымінальнага суду ў 2001 годзе, і як дзяржава абавязалася выконваць яго палажэнні.
Нягледзячы на гэта, прэзідэнт Анджэй Дуда звярнуўся да ўрада з просьбай дазволіць прэм'ер-міністру Ізраіля прыняць удзел ва ўрачыстасцях з нагоды 80-годдзя вызвалення гітлераўскага канцлагера Асвенцым, калі ён гэтага пажадае.
Кіраўнік ураду Дональд Туск адказаў на нечаканы ліст прэзідэнта Дуды:
«У сувязі з запланаванымі 27 студзеня 2025 г. цырымоніямі з нагоды 80-й гадавіны вызвалення былога нямецкага нацысцкага канцэнтрацыйнага лагера Аўшвіц-Біркенаў у Асвенцыме ўрад Польшчы заяўляе, што забяспечыць свабодны і бяспечны ўдзел у гэтых мерапрыемствах вышэйшых прадстаўнікоў Ізраіля», — заявіў польскі ўрад на чале з Дональдам Тускам.
У чацвер сайт Times of Israel са спасылкай на дарадцу Біньяміна Нетаньяху паведаміў, што прэм'ер-міністр Ізраіля не плануе наведваць Асвенцым. Урад Ізраіля на ўрачыстасцях будзе прадстаўляць міністр адукацыі Ёаў Кіш.
Дарадца прэм'ер-міністра Ізраіля падкрэсліў, што пытанне аб ордары на арышт павінна было быць вырашана перад тым, як можна будзе разглядаць паездку.
— Будзем разглядаць (прыезд — рэд.), калі атрымаем запрашэнне. На дадзены момант гэта не ў парадку дня, сказаў ён на ўмовах ананімнасці. - У першую чаргу (Польшчы - рэд.) трэба будзе вырашыць пытанне МКС, - дадаў ён - адзначаецца на партале wiadomosci.wp.pl
«Gazeta Wyborcza» пацікавілася ў спецыяліста па еўрапейскім заканадаўстве ці калі б Нетаньяху прыехаў у Польшчу, а Польшча яго не арыштавала б, то ці адбылося б парушэнне міжнароднага права з боку Варшавы?
Прафесар Томаш Канцэвіч навуковы супрацоўнік Гданьскага ўніверсітэта (Tomasz Koncewicz) патлумачыў, што Польшча адобрыла асноўны прынцып Міжнароднага крымінальнага суду, у якім гаворыцца, што права дамінуе над актуальнай палітыкай, а не палітыка над правам.
«Мы павінны выканаць рашэнне Міжнароднага крымінальнага суду», сказаў GW прафесар Канцэвіч.