Шведская каралеўская акадэмія назвала адкрыцці навукоўцаў рэвалюцыйнымі для астраноміі. Так быў ацэнены іх унёсак у вывучэнне эвалюцыі Сусвету і месцы Зямлі ў ім.
Палову грашовага прыза, за тэарэтычныя адкрыцця ў фізічнай касмалогіі, атрымаў канадскі і амерыканскі вучоны Джэймс Піблз, прафесар Прынстанскага універсітэту. Ён быў адным з тых, хто прадказаў існаванне рэліктавага выпраменьвання, якое запоўніла Сусвет пасля Вялікага выбуху.
Другую частку, за адкрыццё экзапланеты, якая верціцца вакол зоркі сонечнага тыпу, падзялілі швейцарскія астрафізікі Мішэль Маёр і Дыд’е Кэлё.
Яны адкрылі экзапланету 51 Пегаса b у 1995 годзе. З тых часоў больш за чатыры тысячы экзапланет былі выяўленыя ў Млечным Шляху.
Агульная сума грашовай узнагароды гэта – дзевяць мільёнаў шведскіх крон (909 тысяч долараў ЗША).
Падчас прэс-канферэнцыі ў Стакгольме Піблз падкрэсліў, што адкрыцці былі зробленыя намаганнямі многіх навукоўцаў. Ён таксама даў параду маладым людзям, якія думаюць пра навуковую кар'еру: рабіць гэты крок з любові да навукі.
«Мае сэнс займацца навукай, калі яна вас захапляе», – сказаў сёлетні нобэлеўскі лаўрэат па фізіцы Джэймс Піблз.
паводле bbc.com/эж