Працягласць жыцця пачала змяншацца, прычыну эксперты бачаць у празмернай вазе і шкодных звычках, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР), якая аб’ядноўвае развітыя краіны, апублікавала справаздачу, датычную здароўя людзей. Паводле экспертаў, чалавек, які нарадзіўся цяпер, у сярэднім мае шанц пражыць 81 год. Але ў многіх краінах сярэдняя працягласць жыцця падае. У тым ліку і ў Польшчы: на два месяцы. Спецыялісты зазначаюць, што хоць развіццё медыцыны і прычыняецца да таго, што мы даўжэй жывём, то аднак на працягласць жыцця негатыўны ўплыў аказваюць шкодныя звычкі і дрэнны стыль.
На першым месцы – гэта празмерная вага, якая з’яўляецца вынікам абмежаванай фізічнай актыўнасці і нездаровага харчавання. У краінах АЭСР 33% дзяцей ва ўзросце ад 5 да 9 гадоў маюць лішнюю вагу, а ў Злучаных Штатах Амерыкі – ажно 43%. У гэтай статыстыцы Польшча займае лепшыя пазіцыі: толькі 29,5% дзяцей важаць больш, чым павінны.
Іншая сур’ёзная праблема, якая аказвае ўплыў на сярэднюю працягласць жыцця, гэта спажыванне наркотыкаў. Так, у параўнанні з 2011 годам на 20% вырасла статыстыка, датычная атручэння наркатычнымі рэчывамі і апіоіднымі лекамі. А пад найбольшай небяспекай знаходзяцца жыхары Эстоніі, Канады, ЗША і Швецыі. У справаздачы згадваецца, што надалей 18% дарослых людзей у краінах АЭСР штодзённа кураць тытунь. Пры гэтым спецыялісты нагадваюць, што штогод цыгарэты з’яўляюцца прычынай смерці 7 млн людзей, сярод якіх 1 млн 200 тыс. чалавек – гэта пасіўныя курцы, а 65 тыс. – дзеці.
Алкаголь таксама робіць свой унёсак у негатыўную статыстыку. Так, у краінах АЭСР 4% жыхароў – залежныя ад «зялёнага змія». У 2016 годзе 7% мужчын і 2% жанчын памерлі ад празмернага спажывання алкаголю. Найбольш людзі п’юць у Літве, Аўстрыі, Францыі, Чэхіі і Люксембургу, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
вс