Беларуская Служба

1807 г. - у Княстве Варшаўскім прымаюць «снежаньскі дэкрэт», які хаця й уводзіў роўнасць усіх перад правам, то не палепшыў жыцця сялян

20.12.2019 21:17
У народзе казалі, што гэты дэкрэт здымаў з мужыкоў кайданы разам з абуткам. 
Аўдыё
  • 21 снежня 1807 году ў Княстве Варшаўскім быў прыняты «снежаньскі дэкрэт»
:
Карціна: Юзаф Жэлмоньскі "Буслы"https://pl.wikipedia.org/wiki/Bociany_(obraz_J%C3%B3zefa_Che%C5%82mo%C5%84skiego)

21 снежня 1807 году ў Княстве Варшаўскім (Герцагства Варшаўскае) быў прыняты «снежаньскі дэкрэт», які хаця й уводзіў роўнасць усіх грамадзян перад правам, то не нашмат палепшыў жыццё сялян.

Еўрапейскія войны Напалеона ў значнай ступені ўплывалі на заканадаўства тых краінаў, якія пападалі пад французскую акупацыю. Для бальшыні дзяржаваў яны мелі прагрэсіўны характар, бо з’яўляліся працягам значных дасягненняў Французскай рэвалюцыі 1789 году. У выніку паспяховых войнаў Напалеона з Аўстрыяй і Прусіяй было ўтворана Княства Варшаўскае.

У ліпені 1807 году ў Дрэздэне Напалеон надаў новаўтворанай дзяржаве Канстытуцыю Варшаўскага Княства, а таксама Кодэкс Напалеона. Канстытуцыя ліквідавала няроўнасць грамадскіх слаёў, уводзілася агульная сістэма судоў. Згодна з артыкулам 4 новай канстытуцыі прызнавалася роўнасць усіх перад правам. Было знесена прыгоннае права і давалася асабістая свабода сялянам. Гэта быў моцны штуршок для грамадскага развіцця польскіх земляў.

Аднак жа новыя правы не давалі сялянам права ўласнасці на зямлю і не адмянялі паншчыны. Відавочна, Напалеон не жадаў раздражняць польскую шляхту, якую хацеў мець па сваім баку ў будучай вайне з Расеяй.

 Такая новая і нечаканая хваля пераменаў напалохала землеўладальнікаў і яны ў пэўным сэнсе патрабавалі абмежавання артыкула 4 канстытуцыі. Фактычна землеўладальнікі дамагліся абмежаванняў канстытуцыі.

 Абмежаваннем стаўся Дэкрэт ад 21 снежня 1807 г., які хоць і пацвердзіў усё тое, што было адзначана канстытуцыяй, але між іншым уводзіў вельмі шырокія абмежаванні, якія датычылі ўласнасці на зямлю.

У народзе казалі, што гэты дэкрэт здымаў з мужыкоў кайданы разам з абуткам. 

Згодна з дэкрэтам, не гледзячы на тое, што селянін станавіўся асабіста вольным, уласнасці на зямлю ён не атрымоўваў. Згодна з дэкрэтам, уся ўласнасць і «жывая» і не жывая заставалася ў руках пана. І калі селянін вырашаў пакінуць сяло (а да канстытуцыі 1807 года ён быў цалкам пазбаўлены такіх магчымасцяў) ён заставаўся ні з чым. Дэкрэт таксама даваў права памешчыкам «выганяць» сялян з зямлі, на якой яны жылі і працавалі. Такія змены выклікалі вялікую незадаволенасць сялян і пратэсты, якія падаўляліся пры з дапамогай войска.

Але не гледзячы на пэўныя недасканаласці, агульна, канстытуцыя Варшаўскага Княства была даволі прагрэсіўнай, калі параўноўваць з Расеяй. Нават пасля перамогі над Напалеонам Расея не вырашылася на адмену канстытуцыі 1807 году і на яе падставе прынялі канстытуцыю 1815 году.

Павал Усаў

 

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара