Польскія шахцёры канцэрну Polska Grupa Górnicza пратэстуюць супраць імпарту расійскага вугалю і патрабуюць павышэння заробкаў.
Сёння некалькі сотняў шахцёраў, якія працуюць на здабычы вугалю, з самай раніцы перакрылі рэйкі на пад'ездзе да Еўратэрміналу ў Слаўкуве недалёка ад Бэндзіна ў Сілезіі на поўдні Польшчы. Гэта тэрмінал перагрузкі, які злучае Усход з Заходняй Еўропай. Шахцёры тлумачаць, што тудою паступае ў Польшчу расійскі вугаль, у той жа час, як у краіне мноства непрададзенага польскага вугалю.
Прэс-сакратар ураду Пётр Мюлер адзначыў, што вугаль імпартуюць з Расіі прыватныя прадпрыемствы, а тое што ў краіне - кучы айчыннага вугалю, гэта іншая справа:
- Гэта не пытанне здабытага вугалю, а найперш кошту па якім ён прадаецца. Гэта выклік для нас. Зараз урад рыхтуе рашэнні, паводле якіх спачатку трэба выкарыстоўваць унутраны патэнцыял. Зразумела, што нам нельга забараніць імпарт прыватным кампаніям, а мытная палітыка вызначаецца закандаўствам ЕЗ. Таму Польшча не мае магчымасці вось так узяць ды заблакаваць імпарт любых тавараў, бо гэта будзе парушаць правілы ЕЗ.
Шахцёры скардзяцца, што расійскі вугаль забірае ў іх працоўныя месцы і адбірае магчымасці на павелічэнне заробкаў.
На 25 лютага прафсаюзы шахцёраў плануюць забастоўку, а 28 лютага паедуць на дэманстрацыю ў Варшаву.
Прафсаюзныя актывісты патрабуюць ад ураду 12-працэнтнага павелічэння заробкаў і выпрацоўкі захадаў па паляпшэнні становішча горназдабыўной галіны, то бок: забеспячэнне продажу вугалю айчыннай энергетыцы і зніжэнне імпарту гэтай сыравіны.
Спецыяліст па эканамічных пытаннях Адам Гжэшак (Polityka) адзначае, што польскія шахцёры апынуліся ў нязручнай сітуацыі:
- Цёплая зіма, гіганцкія запасы вугалю, якія ўжо нават не змяшчаюцца ў самой Сілезіі. Запасы вугалю даводзіцца вывозіць у іншыя куткі краіны. У прынцыпе, не вядома, што рабіць далей, паколькі кліматычная палітыка ЕЗ выцясняе вугаль і нам таксама прыйдзецца ісці па гэтым шляху. Шахцёры не хочуць з гэтым мірыцца і яны намераны працягваць сваю працу, нягледзячы на тое, ці яна патрэбная, ці не.
Урад лічыць, што павышэнне заробкаў шахцёраў кампаніі Polska Grupa Górnicza немагчымае з-за фінансавага становішча прадпрыемства, якое не дае прыбытку.
яс