Беларуская Служба

Ці змяншэнне паставак расійскай нафты ў Беларусь звязана толькі з санкцыямі ЗША?

05.05.2021 13:25
Расійскае Міністэрства энергетыкі зацвердзіла травеньскую пастаўку нафты на "Нафтан" у памеры ўсяго толькі 50 тысяч тон - 14,5 раза менш, чым у красавіку.
Аўдыё
  • Расія націсне па інтэграцыі?
.
Ілюстрацыя.Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0

Пастаўкі расійскай нафты на беларускія НПЗ могуць значна скараціцца. Ці гэта звязана толькі з амерыканскімі санкцыям супраць беларускіх прадпрыемстваў, ці ёсць таксама другое дно?

Пра скарачэнне паставак паведаміла надоечы «Наша Ніва» са спасылкай на добра праінфармаваныя крыніцы. Расійская нафта будзе паступаць у маі на завод «Нафтан» у памеры ўсяго толькі 50 тысяч тон – гэта ў 14,5 раза менш, чым у красавіку. Нафтапрадукты, якія вырабляюцца на НПЗ, Беларусь прадае галоўным чынам у краіны Еўрапейскага Саюза, а таксама ва Украіну. У мінулым годзе даход ад гэтага продажу склаў 2,7 млрд долараў, гэта значыць, амаль адну дзясятую ўсяго беларускага экспарту.

Раней агенцтва Reuters паведамляла, што ў маі расійская нафта можа перастаць паступаць на «Нафтан», паколькі расійскія кампаніі баяцца падпасці пад амерыканскія санкцыі.

На думку эксперткі па пытаннях нафтавага рынку Таццяны Манёнак, за гэтымі паведамленнямі можа стаяць таксама іншая, палітычная мэта – Расія такім чынам можа імкнуцца прымусіць Беларусь да інтэграцыі.

- Крэмль хоча хутчэй фарсіраваць падпісанне ўсіх дамоў, інтэграцыйных картаў больш глыбокай інтэграцыі. Нельга выключыць тое, што Масква хоча паказаць Лукашэнку, што без поўнага падпарадкавання Расіі сітуацыя для яго будзе амаль што тупіковая. 

На «Нафтане» працуе каля 10 тысяч чалавек. Калі б завод спыніў сваю працу, гэта будуць вялізныя сацыяльныя ды эканамічныя страты, у тым ліку ад продажу нафтапрадуктаў за мяжу. Праўда, у мінулым годзе цана нафты ўпала, таму і даход у бюджэт панізіўся, але цяпер кошты «чорнага золата» зноў растуць.

Амерыканскія санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў – гэта выдатная нагода для крамлёўскіх уладаў, каб паднаціснуць на Аляксандра Лукашэнку па справе паглыбленай інтэграцыі. У Крамлі добра разумеюць, што Еўропа хутчэй за ўсё зробіць усё магчымае, каб беларускія нафтапрадукты не былі ахоплены санкцыямі, у выніку чаго іх продаж на Захад магла б стаць немагчымай, але таксама расійскія ўлады выдатна ведаюць, што ў беларускага кіраўніка на дадзены момант толькі адзін шлях – на ўсход.

Слухайце аўдыё

нг