Сёння запрашаю ў Каралеўскі замак у Варшаве. 50 гадоў таму, 17 верасня 1971 года, была закладзена першая цэгла на месцы рэканструкцыі замкавага комплекса. Цырымонія мела неафіцыйны характар, паколькі адбылася насуперак камуністычных уладаў, якія забаранілі арганізаваць мерапрыемства ў гадавіну агрэсіі Савецкага Саюза на Польшчу.
На тэрыторыі замкавага комплекса з 1944 года праводзіліся археалагічныя работы, якія сталі першым этапам доўгай і складанай гісторыі адной з найбуйнейшых рэканструкцый помнікаў гісторыі ў краіне. Такім чынам пасля амаль чвэрці стагоддзя пачалі ажыццяўляцца планы, падрыхтаваныя яшчэ падчас Другой сусветнай вайны.
Падчас Першай сусветнай вайны ў замку былі праведзены першыя невялікія работы па рэканструкцыі. Рамонт аб’екта працягваўся амаль увесь міжваенны перыяд. Таксама была падрыхтаваная шырокая дакументацыя, якая праз некалькі дзесяцігоддзяў аказалася бясцэннай.
Каралеўскі замак у міжваенным перыядзе.
Напярэдадні Другой сусветнай вайны замак быў прыгожай і дагледжанай прэзідэнцкай рэзідэнцыяй, якую кіраўнік дзяржавы і чыноўнікі ягонай канцылярыі канчаткова пакінулі 6 верасня 1939 года. Адначасова пачалася эвакуацыя найбольш каштоўных калекцый, у тым ліку скрыначкі з сэрцам Тадэвуша Касцюшкі.
17 верасня, у так званую «чорную нядзелю», у выніку аднаго з найбуйнейшых нямецкіх налётаў згарэла гарышча і шлемы вежаў Уладзіслава і Жыгімонта. Падчас акцыі выратавання замкавых калекцыяў, у якой удзельнічалі жаўнеры, добраахвотнікі, пажарнікі і супрацоўнікі Нацыянальнага музея і замка загінуў куратар замка Казімір Брокль.
Падчас нямецкай акупацыі эвакуацыя калейцый працягвалася. Былі вывезеныя і схаваныя фрагменты абсталявання і ўпрыгажэнні. Таксама была схаваная дакументацыя аб’екта, што аказалася бясцэнным пры планаванні пазнейшай рэканструкцыі. Музейшчыкі спяшаліся, паколькі прадбачылі, што нямецкія акупанты плануюць цалкам разбурыць замкавы комплекс.
Сапраўды, пасля здушэння паўстання ў Старым горадзе немцы разбурылі абгарэлыя сцены замка. Захаваліся толькі заваленыя друзам падвалы, ніжняя частка Гродзкай вежы, фрагменты Каралеўскай бібліятэкі і Аркады Кубіцкага.
Замак падчас пажару пасля нямецкай бамбёжкі.
Неўзабаве пасля заканчэння Другой сусветнай вайны прагучалі заклікі да рэканструкцыі Каралеўскага замка. Аднак тагачасныя ўлады, як з-за спадзяванага кошту, так і ідэалагічных меркаванняў без энтузіязму ставіліся да гэтай ідэі.
Узнікалі і спынялі сваю дзейнасць чарговыя камітэты па рэканструкцыі замкавага комплекса. Напрыканцы 1940-х гадоў, пры нагодзе будаўніцтва Трасы W-Z (Траса «Усход-Захад» была першай маштабнай будоўляй у вызваленай Варшаве), удалося адбудаваць толькі Гродскую браму і Палац Любамірскіх, інакш «Палац пад бляхай».
Гісторыкі мастацтва з надзеяй успрынялі рэканструкцыю ў 1960-х гадах былой майстэрні жывапісу Марчэла Бачарэлі, якая стала сядзібай Палаца шлюбаў.
Канчатковае рашэнне аб рэканструкцыі сталічнага Каралеўскага замка прынялі на пачатку 1971 года члены Палітбюро ЦК Польскай Аб'яднанай Рабочай Партыі пад кіраўніцтвам новага першага сакратара Эдварда Герка.
Рэканструкцыя сімвала сталіцы павінна была зрабіць новыя партыйныя і дзяржаўныя ўлады больш аўтарытэтнымі ў вачах грамадства.
Праект рэканструкцыі Каралеўскага замка ў Варшаве з 1970 -х гадоў.
З прыходам вясны пачаліся археалагічныя работы і вываз друзу са скляпенняў, у якіх была знойдзеная вялікая колькасць артэфактаў, выкарыстаных падчас пазнейшай рэканструкцыі.
17 верасня 1971 года, у гадавіну першага разбурэння Каралеўскага замка ў Варшаве, пачалася рэканструкцыя каралеўскай рэзідэнцыі ў Варшаве, то бок адбылася закладка першай цэглы. Цырымонія адбылася супраць забароны дзяржаўных камуністычных уладаў, якія не хацелі пагадзіцца на арганізацыю мерапрыемства ў гадавіну агрэсіі Савецкага Саюза на Польшчу ў 1939 годзе.
У рэканструкцыі замка дапамагла буйная дакументацыя, а таксама дадатковыя археалагічныя работы. Будаўніцтва фінансавалася ў асноўным за кошт ахвяраванняў, у тым ліку польскай дыяспары за мяжой. Усяго было сабрана 1 мільярд злотых і больш за 800 тысяч долараў, а таксама шматлікія артэфакты для абсталявання комплекса.
Каралеўскі замак у Варшаве
Замак быў часткова ўведзены ў эксплуатацыю ў 1974 годзе. 19 ліпеня гэтага года ў прысутнасці тысяч варшавякаў быў уведзены ў дзеянне гадзіннік на Вежы Жыгімонта, які спыніўся 17 верасня 1939 года падчас пажару пасля нямецкай бамбёжкі.
Першым дырэктарам установы ў 1980 годзе быў прызначаны прафесар Аляксандр Гейштар. 2 верасня 1980 года Стары горад з Каралеўскім замкам быў унесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Замак быў афіцыйна адкрыты толькі ў 30 жніўня 1984 года, але аздобныя працы працягваліся яшчэ некалькі гадоў.
У 2004-2008 гадах быў адрамантаваны раней занядбаны «Палац пад бляхай». У 2009 годзе быў завершаны рамонт Аркадаў Кубіцкага, якія сталі месцам для выстаў, кірмашоў і канферэнцый. У 2015 годзе была завершана рэканструкцыя верхняга парку, а ў траўні 2019 года быў адкрыты ніжні парк Каралеўскага замка. Кіраўніцтва Каралеўскага замка прызнала гэты момант канчатковым завяршэннем рэканструкцыі каралеўскай рэзідэнцыі.
Цяпер Каралеўскі замак у Варшаве, побач з Вавэлем, застаецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Польшчы. Ён выконвае, перш за ўсё, ролю музея, у якім, акрамя пастаяннай экспазіцыі, можна паглядзець таксама часовыя выставы. Гэта таксама месца шматлікіх цырымоній на дзяржаўным узроўні, якія пераклікаюцца з гістарычнай традыцыяй Каралеўскага замку.
PAP/аз