Беларуская Служба

Продкі першага віленскага фатографа паходзілі са Слуцка

16.11.2023 14:50
Першы пасол Літвы ў Польшчы з 1991 года Дайнюс Юнявічус у Варшаве прэзентаваў кнігу пра першага фатографа Вільні Абдона Корзана.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Д.Юнявічус пра А.Корзана.
  DiG  -    1991          Abdon Korzon  pierwszy fotograf widoków Wilna.
Дырэктар выдавецтва DiG Івона Дацка-Гужыньска і першы з 1991 года пасол Літвы ў Польшчы Дайнюс Юнявічус з кнігай Abdon Korzon – pierwszy fotograf widoków Wilna.Viktar Korbut

На днях Варшаву наведаў першы з 1991 года пасол Літвы ў Польшчы Дайнюс Юнявічус. Аднак не ў якасці дыпламата, а як даследчык.

Першы з 1991 года пасол Літвы ў Польшчы Дайнюс Юнявічус (нарадзіўся ў 1958 г. у Каўнасе) наведаў Варшаву ў сувязі з прэзентацыяй тут, у Доме сустрэч з гісторыяй, яго кнігі пра Абдона Корзана (Корзуна), першага фатографа Вільні — Abdon Korzon – pierwszy fotograf widoków Wilna.

Корзан з’яўляўся ўдзельнікам Студзеньскага паўстання (1863-1864 гг.), за што быў арыштаваны расійскімі ўладамі і сасланы ў Сібір (Краснаярскі край). Таму візіт даследчыка жыцця і творчасці фатографа і паўстанца ў Варшаву быў прымеркаваны і да 160-годдзя паўстання. Таксама сустрэча з вучоным і дыпламатам адбылася ў сувязі з 700-годдзем Вільні.

Дайнюс Юнявічус напісаў першую біяграфію Абдона Корзана, якая выйшла ў 2018 г. у Вільні, а ў 2022 г. у Варшаве, у выдавецтве DiG (дзякуючы падтрымцы Фонду Лянцкароньскіх). Дырэктар выдавецтва DiG Івона Дацка-Гужыньска таксама наведала прэзентацыю кнігі літоўскага вучонага.

Дарэчы, першае выданне кнігі Д. Юнявічуса было прызнана Асацыяцыяй выдаўцоў Літвы лепшай кнігай 2018 года пра Вільню.

Хоць майстэрня Корзана ў Вільні працавала ўсяго некалькі гадоў (1859-1863), менавіта ён каля 1860 г. першы адлюстраваў гістарычную сталіцу Літвы на фатаграфіі.

Біяграфію Корзана Дайнюс Юнявічус рэканструяваў на падставе друкаваных крыніц і архіўных матэрыялаў, сабраных у Літве, Польшчы, Беларусі, Расіі і Францыі. Не ўдалося знайсці, бадай, самага галоўнага — фотапартрэта самога фатографа. Магчыма, ён быў страчана падчас вобыску, калі Корзан быў арыштаваны...

А гісторыя віленскай фатаграфіі пачыналася так...

Дайнюс Юнявічус: — Каля 165 гадоў таму Корзан адкрыў у Вільні фотамайстэрню, у якой спачатку рабіў партрэты, але неўзабаве адправіўся ў падарожжа з фотаапаратам. Ён рабіў здымкі помнікаў, касцёлаў, вуліц, плошч Вільні і ваколіц.

Цікава, што чатыры стэрэаскапічныя фатаграфіі Корзана былі выяўлены ў Польскай бібліятэцы ў Парыжы.

Дайнюс Юнявічус: — На гэтых здымках было ўвекавечана заканчэнне будаўніцтва чыгуначнага тунэлю ў Панарах (Панярай) пад Вільняй.

Гэта было важнае адкрыццё не толькі ў кантэксце гісторыі віленскай, літоўска-беларускай фатаграфіі, але і ў сувязі з тым, што адлюстроўвае пракладку праз горад чыгункі, якая ў той час ішла з Санкт-Пецярбурга праз Вільню і Гродна да Варшавы.

Дайнюс Юнявічус у сваёй кнізе робіць многа адкрыццяў, бо раней пра дзейнасць фотамайстэрні Корзана было вядома пераважна ў перыяд 1861-1862 гг., а біяграфія фатографа з’яўлялася недастаткова даследаванай.

Дайнюс Юнявічус: — Неўзабаве стала відавочна, што ў архівах захавалася многа дакументаў, якія праліваюць святло на жыццё Абдона Корзана. Так разраслася тэкставая частка кнігі.

Сярод новых дакументаў, якія я выкарыстаў у кнізе, — гэта дакументы следства з літоўскіх і расійскіх архіваў, а таксама дакументы герольдыі, метрыкі, школьныя паперы.  

Важным фактам, які набывае асаблівую актуальнасць у нашы дні, з’ўляецца дата нараджэння фатографа.

Дайнюс Юнявічус: — Абдон Корзан прыйшоў на свет 19 кастрычніка 1824 г. У наступным годзе будзе адзначацца 200-годдзе з дня яго нараджэння, у сувязі з чым можам праз год спаткацца.

Абдон Корзан быў першынцом Яна Корзана і Ружы Станкевіч, якія ў той час жылі ў фальварку Новыя Пашалтоне (Наўеі Пашалтоняй) надалёка ад Таўрогаў (Таўраге), побач з пагранічным пераходам, каля мытнай канторы, пры дарозе, якая вяла з Тыльзіта (цяпер Савецк) у Рыгу.

Бацька Абдона Корзана, праўдападобна, нарадзіўся ў Вітаголе, у Расейнскім павеце (у Жамойці), паходзіў са шляхты Мінскай губерні, дзе, дарэчы, праходзіла працэдура праверкі яго прыналежнасці да шляхецкага саслоўя. А пачынальнікам роду Корзанаў на тэрыторыі сучаснай Літвы з’яўляўся Шыман Корзан, які прыбыў сюды са Слуцка.

Гэтыя і іншыя факты Дайнюс Юнявічус знайшоў у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску. З імі вы можаце азнаёміцца, набыўшы кнігу літоўскага вучонага, якая яшчэ ёсць у продажы.

Варта таксама дадаць, што Тадэвуш Корзан, адзін з найвыдатнейшых польскіх гісторыкаў, таксама паходзіў з Мінска, дзе нарадзіўся ў 1839 г. І таму роля Корзанаў у супольнай гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы, здаецца, яшчэ павінна быць па-сапраўднаму ацэнена.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Выпускнік Варшаўскага ўніверсітэта: Вывучэнне балцкіх моў — ключ да беларускай тутэйшай культуры

22.09.2023 13:01
22 верасня ў Літве і Латвіі адзначаецца Дзень адзінства балтаў, да якіх належаць і продкі беларусаў.

Адам Замойскі: Вільня — бастыён Захаду

09.11.2023 15:53
Мацей Радзівіл напомніў, што Вільня вельмі важная для беларусаў.