Міністр замежных спраў РБ Максім Рыжанкоў апублікаваў у газеце «СБ. Беларусь сегодня» артыкул на гэтую тэму. Ён прызнае, што «беларуска-літоўскія адносіны на цяперашнім этапе... перажываюць найгоршы перыяд за ўсю гісторыю двухбаковага ўзаемадзеяння». І пры гэтым ускладае адказнасць за гэта на... Літву, - паведамляе euroradio.
Нібыта і не было міграцыйнага крызісу на яе мяжы, арганізаванага з удзелам сілавікоў РБ. Нібыта не было пагроз на адрас літоўскай дзяржавы з Мінска.
Рыжанкоў называе шмат лічбаў, якія павінны сведчыць пра страты літоўскай эканомікі з-за санкцый, уведзеных супраць рэжыму Лукашэнкі. Але той жа Клайпедскі порт і без беларускага калію сёлета аднаўляе абароты.
«Беларусь... па-ранейшаму зацікаўлена ў нармальным раўнапраўным дыялогу з літоўскімі суседзямі, — піша Максім Рыжанкоў. — ...Сярод першачарговых мер мы маглі б сумеснымі намаганнямі намеціць шляхі вырашэння пытанняў нармалізацыі міграцыйнай сітуацыі на мяжы, дээскалацыі ваеннай напружанасці, узаемадзеяння па лініі сілавых ведамстваў...». Міністр лічыць, што «аднаўленне нармальнага пасажырскага і грузавога спалучэння і мабільнасці, транзіту грузаў» у агульных інтарэсах. І палохае «кропкай незвароту».
Пры гэтым рэжым Лукашэнкі нічога не абяцае Літве. Проста просіць, каб з ім нарэшце пачалі размаўляць. А пакуль чакае «рэакцыі літоўскага боку на гэтыя прапановы і канкрэтных крокаў літоўскай палітычнай эліты».
эж