Беларуская Служба

Латушка заклікаў дэмакратычныя краіны заявіць пра немагчымасць выбараў у Беларусі «ў атмасферы страху і тэрору»

23.10.2024 17:21
«У Беларусі створаная атмасфера поўнага страху і тэрору, што не дазваляе казаць пра магчымасць арганізацыі свабоднай рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду прэзідэнта і правядзення выбарчай кампаніі», — гаворыцца ў заяве, змешчанай у тэлеграм-канале П. Латушкі.
Павел ЛатушкаФота з адкрытых крыніц

Заявіць «аб немагчымасці правядзення выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у той атмасферы страху і тэрору, якая створана ў нашай краіне», заклікаў «усіх дэмакратычных партнёраў» кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка, каментуючы прызначэнне даты выбараў.

Паводле яго, у Беларусі не выкананыя базавыя ўмовы для іх правядзення: «Па-першае, у турмах рэжыму знаходзяцца тысячы палітычных зняволеных. Сярод іх былыя кандыдаты на пасаду прэзідэнта (...) у папярэдніх выбарчых кампаніях. Па-другое, у Беларусі ліквідаваныя ўсе незалежныя СМІ. Па-трэцяе, у Беларусі ліквідаваныя ўсе апазіцыйныя палітычныя партыі. Па-чацвёртае, у Беларусі ліквідавана больш за 1,7 тыс. няўрадавых арганізацый, што складае больш за 50% ад колькасці ўсіх няўрадавых арганізацый, якія дзейнічалі ў Беларусі ў 2020 годзе».

«У Беларусі створаная атмасфера поўнага страху і тэрору, што не дазваляе казаць пра магчымасць арганізацыі свабоднай рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду прэзідэнта і правядзення выбарчай кампаніі», — гаворыцца ў заяве, змешчанай у тэлеграм-канале П. Латушкі.

Нагадаем, Палата прадстаўнікоў Беларусі 23 кастрычніка прызначыла сёмыя выбары прэзідэнта на 26 студзеня 2025 года.

эж

Павел Латушка стаў лаўрэатам прэміі «Салідарнасць» імя Леха Валенсы

26.07.2024 12:30
Палітыка намінаваў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.