Беларуская Служба

Канферэнцыя пра палякаў у Беларусі праходзіць у Вільні

04.11.2021 15:01
3-5 лістапада ў Вільні адбываецца навуковая канферэнцыя “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI ст.”.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Канферэнцыя "Палякі ў Беларусі" ў Вільні.
      ,  3             XXI ..
Будынак пасольства Польшчы ў Літве ў Вільні, дзе 3 лістапада адкрылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI ст.”.Viktar Korbut

3-5 лістапада ў Вільні праходзіць міжнародная навуковая канферэнцыя “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI ст.”. Яна адбываецца сёлета ў пяты раз. Яе вядучая тэма на гэты раз — “Рыжскі дагавор і яго наступствы для палякаў і беларусаў”. Традыцыйна навуковы форум адбываўся ў Гродне. Але сёлета вучоныя сустракаюцца ў Вільні.

Ян Маліцкі, дырэктар Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта: Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта з’яўляецца арганізатарам навуковай часткі канферэнцыі. Але ўласна арганізацыйнай работай па правядзенні гэтага форуму з самага пачатку займалася генеральнае консульства РП у Гродне, а асабіста — генеральны консул Ярослаў Ксёнжак, які сам з’яўляецца гісторыкам і таму асабіста зацікаўлены ў правядзенні гэтага мерапрыемства.

Можна задаць пытанне: чаму канферэнцыя праводзілася ў Гродне? Адказ гучыць проста: Гродна з’яўляецца цэнтрам палякаў у сучаснай Беларусі. Там знаходзіцца сядзіба Саюза палякаў Беларусі, іншыя ўстановы і асобы — беларускія палякі, якія займаюцца вывучэннем гісторыі палякаў у Беларусі. Урэшце, у Гродне, бадай, працуе самая вялікая група беларускіх гісторыкаў, якія займаюцца гісторыяй польскай-беларускіх адносін, у т.л. гісторыяй палякаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Сёлета канферэнцыя перанесена з Гродна ў Вільню невыпадкова.

Ян Маліцкі: У сувязі з тым, што ўвогуле робіць беларускі рэжым са сваімі грамадзянамі, становіцца немагчымай паездка ў Беларусь і правядзенне гэтай канферэнцыі.

Што і гаварыць! Яшчэ раней канферэнцыя адбывалася ў бубынку генеральнага консульства РП у Гродне, што было ўжо дзіўна, бо ўвогуле консульствы не арганізуюць канферэнцыі.

Але нават два гады таму пад уладай рэжыму (Лукашэнкі. — Рэд.) немагчыма было быць упэўненым, што канферэнцыя адбылася б, калі б яна планавалася ў іншым памяшканні ў горадзе. Што, напрыклад, раптам не пачнецца рамонт на вуліцы, або ў зале, дзе праводзіцца канферэнцыя, не лопне кран. Таму дзеля бяспекі мы праводзілі канферэнцыю на тэрыторыі генеральнага консульства РП у Гродне. Бо тут рэжым не можа паўплываць на ход падзей: перакрыць вуліцу або заявіць, што лопнуў кран, і зрабіць немагчымым правядзенне гэтай канферэнцыі.

Урэшце, сёлета ў сакавіку арганізатар канферэнцыі ў Гродне генеральны консул доктар Ярослаў Ксёнжак быў прызнаны (уладамі РБ. — Рэд.) персонай нон-грата і атрымаў 48 гадзін на тое, каб пакінуць тэрыторыю РБ. У сувязі з гэтым правядзенне канферэнцыі ў Гродне стала зусім немагчымым.

Апрача таго, пастаянным удзельнікам нашай канферэнцыі быў Анджай Пачобут (адзін з актыўных дзеячаў Саюза палякаў Беларусі. — Рэд.), які, праўда, з’яўляецца публіцыстам, але па адукацыі з’яўляецца гісторыкам і выступаў з вельмі змястоўнымі дакладамі. І сёлета таксама павінен быў выступаць на канферэнцыі, а яго даклад павінен быў убачыць свет у канферэнцыйным зборніку. Але Анджай Пачобут, як і Анжаліка Борыс (старшыня Саюза палякаў Беларусі. — Рэд.), цяпер з’яўляецца палітычным зняволеным. І таму немагчыма ні па фармальных, ні па маральных прычынах праводзіць гэту канферэнцыю ў граніцах РБ.

3 лістапада канферэнцыя “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI ст.” адкрылася ў пасольстве Рэспублікі Польшча ў Літве, у Вільні.

Ян Маліцкі: Не толькі для палякаў, не толькі для літоўцаў, але і для беларусаў Вільня з’яўляецца важным месцам, горадам. Мы ведаем, што гэты горад быў цэнтрам беларускага руху, які тут пачынаўся ў часы “Нашай Нівы”. А цяпер Вільня з’яўляецца цэнтрам беларускай палітычнай эміграцыі.

Раніцай 4 лістапада ўдзельнікі канферэнцыі наведалі віленскія каталіцкія могілкі: на Росе, на Антокалі. Затым выступленні вучоных прадоўжыліся ў Доме польскай культуры ў Вільні. Сярод даследчыкаў, якія ўдзельнічаюць у канферэнцыі: Аляксандр Смалянчук, Вячаслаў Швед, Дар’юш Тарасюк, Яанна Героўская-Калаўр, Яўген Мірановіч, Мікалай Іваноў і інш.

Па традыцыі адбылася прэзентацыя зборніка дакладаў вучоных, якія прымаюць удзел у канферэнцыі, які выйшаў пад рэдакцыяй Тадэвуша Гавіна, заснавальніка, першага старшыні, а цяпер —  ганаровага старшыні Саюза палякаў Беларусі. Ян Маліцкі падкрэслівае значэнне ўжо пяці тамоў кніжнай серыі Polacy na Białorusi od Powstania Styczniowego do XXI wieku (“Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI ст.”).

Ян Маліцкі: Не толькі гэтай пятай кнігі, але і папярэдніх чатырох не было б без генеральнага консульства РП у Гродне і былога генеральнага консула РП у Гродне Ярослава Ксёнжака і Тадэвуша Гавіна, выдатнага, прызнанага даследчыка гісторыі палякаў у Беларусі.

Гэта адзіная вядомая мне ў Польшчы канферэнцыя, том матэрыялаў якой выходзіць не праз год-два, а то і пазней, а да канферэнцыі.

Тадэвуш Гавін, рэдактар канферэнцыйных зборнікаў, прымушае нас, аўтараў, каб мы здавалі тэксты задоўга да канферэнцыі. Яны сумленна апрацоўваюцца. Пан консул Ксёнжак піша ўступ, я пішу пасляслоўе. І гэтыя кнігі трапляюць на канферэнцыі.

У сёлетнім зборніку павінен быў быць тэкст Анджая Пачобута пра Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. Замест гэтага змешчаны ліст арганізатараў канферэнцыі, што Пачобут з’яўляецца палітычным зняволеным.

5 лістапада, у трэці, апошні дзень канферэнцыі, на ёй павінны адбыцца дэбаты “Беларусь у сучаснай палітыцы Польшчы і Літвы: дзеянні парламентаў”. Плануецца ўдзел у дыскусіі Малгажаты Гасеўскай, намесніка старшыні Сейма Рэспублікі Польшча, і Паўлюса Саўдаргас, намесніка старшыні Сейма Літоўскай Рэспублікі.

Закрыюць канферэнцыю выступленні Тадэвуша Гавіна, Ярослава Ксёнжака і Яна Маліцкага.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

У Варшаўскім універсітэце вучоныя з усяго свету абмяркоўваюць фарміраванне беларускай ідэнтычнасці

01.04.2021 10:02
У Варшаўскім універсітэце праходзіць міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларуская ідэнтычнасць: вопыт мінулага і выклікі сучаснасці».

Кнігі па гісторыі Беларусі адзначаны прэміяй часопіса Przegląd Wschodni

28.10.2021 10:02
Італьянскі вучоны Андрэа Марыяні, які працуе ў Познані, апрацаваў інвентары навагрудскага і нясвіжскага езуіцкіх калегіумаў 1773-1774 гг.