Беларуская Служба

У «Зубраняці» адпачываюць дзеці з-пад Белавежскай пушчы

01.08.2019 10:03
У Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» адпачываюць 37 дзяцей беларусаў Падляшша.
Аўдыё
  • Варшаўскі мост. Падляшскія дзеці на Нарачы.
 -   -  .
У тарзан-парку Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”.Zubronok.by

Дзеці з Падляшша — прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці Польшчы адпачываюць у гэтыя дні на беларускім возеры Нарачы.

Ініцыятыва адправіць дзяцей — прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці Польшчы на адпачынак у Беларусь рэалізуецца ўпершыню. Пры тым, што, напрыклад, прадстаўнікі польскай нацыянальнай меншасці Беларусі на працягу многіх гадоў ездзяць у Польшчу па розных дзяржаўных і недзяржаўных праграмах.

Пра тое, што ёсць магчымасць накіраваць беларускіх дзяцей з Польшчы на адпачынак у Беларусь, на бераг возера Нарач, а менавіта ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”, што знаходзіцца на тэрыторыі Нацыянальнага парку “Нарачанскі”, у пасольстве Беларусі ў Польшчы атрымалі інфармацыю ад МЗС РБ яшчэ ў канцы мінулага года. І пачалі рыхтавацца да арганізацыі паездкі. Выезд беларускіх дзяцей з Польшчы на адпачынак у “Зубраня” арганізаваны паводле даручэння прэзідэнта Беларусі. З Польшчы на Нарач накіраваліся 37 дзяцей і 3 дарослыя — настаўнікі, якія суправаджаюць хлопцаў і дзяўчат з 25 ліпеня да 3 жніўня.


Ілона Юрэвіч. Ілона Юрэвіч.

Ілона Юрэвіч, першы сакратар пасольства Беларусі ў Польшчы, кіраўнік Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве: — “Зубраня” — гэта сучасны комплекс з 56 будынкаў. На тэрыторыі цэнтра размешчаны медыцынскі корпус, дом дзіцячай творчасці, адміністрацыйны комплекс, школа, сталовая і інш. У цэнтры ёсць плавальны басейн, саўна, кінаканцэртная зала, актавая зала, відэасалон, більярдны салон, дзве спартыўныя залы, зала настольнага тэніса, камп’ютарны клуб, стадыён, адкрыты тэнісны корт, адкрытыя валейбольная, баскетбольная і гандбольная пляцоўкі, пляцоўка для пляжнага валейбола, касцюмерная з наборам тэатральных касцюмаў. На базе бібліятэкі створаны інтэлектуальны цэнтр. Медыцынскае абслугоўванне дзяцей забяспечваецца аддзяленнем медыцынскай дапамогі і аздараўлення. Ёсць стацыянар, паліклініка, стаматалагічны і фізіятэрапеўтычны кабінеты, зала лячэбнай фізкультуры. Медыцынскі персанал забяспечвае кругласутачнае абслугоўванне дзяцей, якія маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе. У цэнтры арганізуюцца лекцыі, дыскусіі, «круглыя» сталы, «мазгавыя штурмы», форумы па праблемах дзіцячага і маладзёжнага руху. Арганізуюцца сустрэчы з палітыкамі, вучонымі, дзеячамі культуры і мастацтва, маладзёжнымі лідарамі. За апошнія гады тут пабывалі дзеці больш чым з 40 краін свету. Штогод праводзяцца міжнародныя форумы, змены, навукова-практычныя канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы.

Для беларускіх дзяцей з Польшчы прадугледжаны медыцынскія працэдуры: кіслародны кактэйль, фітачаі, ароматэрапія, аэраіонатэрапія, апаратны масаж, бескантактавы масаж. Дзейнічаюць майстэрні “Нацыянальная цацка”, “Нацыянальная песня”, праводзяцца майстар-класы “Нацыянальная гульня”, экскурсіі. Дзеці катаюцца на лодках, катамаранах, веласіпедах, скейтах, роліках, гуляюць у спартыўныя гульні, ходзяць на дыскатэку. Адбываюцца міжатрадныя сустрэчы з беларускімі дзецьмі. Адбылося наведванне цэнтра старадаўняй культуры беларусаў “Хутар Неслуч”. Прайшоў Вечар беларуска-польскай дружбы. 1 жніўня госці з Польшчы наведваюць Мінск, 2 жніўня Нясвіжскі і Мірскі замкі.

Выезд дзяцей з Польшчы ў Беларусь арганізаваны паводле ўзгаднення з польскім бокам. У наступным годзе дзяцей з беларускай нацменшасці ў Польшчы зноў запросяць у “Зубраня”.

16-18 жніўня ў “Зубраняці” адбудзецца яшчэ адно мерапрыемства — міжнародны маладзёжны форум “Сяброўства без меж”, на які запрошаны тры прадстаўнікі Польшчы ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў. У мінулыя гады аналагічныя мерапрыемствы таксама праходзілі пры ўдзеле гасцей з Польшчы. Пражыванне і харчаванне, а таксама візавую падтрымку беларускі бок бярэ на сябе, удзельнікі плацяць толькі за праезд да Мінска, адкуль дэлегатаў адвязуць на Нарач, у “Зубраня”, куды з’едуцца маладыя людзі з усяго свету. Дарэчы, сёлета “Зубраняці” спаўняецца 50 гадоў.

Віктар Корбут

 

 

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост