V Міжнародная летняя школа беларусістыкі пройдзе з 17 да 28 жніўня. Па традыцыі сярод слухачоў школы многа палякаў. Спецыялісты ў галіне беларусістыкі і славістыкі, аспіранты, студэнты, перакладчыкі з Польшчы і іншых краін, беларусы замежжа і ўсе, хто цікавіцца беларускай мовай, літаратурай, гісторыяй і культурай, на праягу апошніх гадоў з'язджаюцца ў Мінск — у Міжнародную летнюю школу беларусістыкі. Сёлета заняткі ў ёй пройдуць у рэжыме анлайн, у сувязі з пандэміяй каранавіруса.
Людміла Кажухоўская (на першым плане).
Людміла Кажухоўская, кандыдат культуралогіі, прарэктар па міжнароднай і навукова-метадычнай рабоце Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, які арганізуе Міжнародную летнюю школу беларусістыкі: — Ідэя арганізацыі школы належыць Лідзіі Сямешка, заснавальніку навукова-метадычнай школы выкладання беларускай мовы як замежнай.
Адукацыйная праграма школы ўключае чатыры кампаненты: мова, літаратура, гісторыя, культура. Праграма мае міждысцыплінарны характар і складаецца з інтэнсіўных моўных курсаў беларускай мовы для пачатковага, сярэдняга і высокага ўзроўняў; лекцый па мовазнаўстве, літаратуразнаўстве, гiсторыi Беларусi, этналогіі, лінгвакультуралогіі; індывідуальных кансультацый з аўтарытэтнымі беларускімі вучонымі.
Сёлета праграма школы прадугледжвае:
мэтанакіраваную адукацыйную праграму для кожнай групы навучэнцаў (прадстаўнікоў дыпламатычных місій у краінах свету і членаў іх сямей; беларусаў замежжа; замежных студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і іншых асоб, зацікаўленых беларускай мовай, літаратурай, гісторыяй і культурай; выкладчыкаў беларускай мовы як замежнай (другой); дзяцей);
узроўневую моўную падрыхтоўку (праграма разлічана як на пачаткоўцаў, якія раней не сутыкаліся з беларускай мовай, так і на тых, хто ўжо вывучаў яе ў школе, універсітэце ці ў непасрэдных зносінах з носьбітамі беларускай мовы);
лекцыі вядомых беларускіх даследчыкаў па пытаннях і праблемах сучаснага мовазнаўства, літаратуразнаўства, гісторыі і культуры Беларусі;
разнастайную культурную праграму: анлайн наведванне музеяў, выставак, бібліятэк і іншых культурных устаноў Беларусі, інтэрактыўныя экскурсіі па гістарычных мясцінах Беларусі, тэматычныя сустрэчы з вядомымі дзеячамі беларускай культуры, навукі і мастацтва.
Удзельнікі II Міжнароднай летняй школы беларусістыкі ў 2016 годзе.
Па выніках навучання ўдзельнікі школы атрымаюць сертыфікаты Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы.
У межах школы плануецца арганізацыя Дзіцячай летняй школы беларусістыкі. Да ўдзелу запрашаюцца дзеці 7–14 гадоў беларусаў замежжа, дыпламатычных прадстаўнікоў Рспублікі Беларусь за мяжой, і ўсіх дзетак, зацікаўленых беларускай мовай, гісторыяй і культурай. Адукацыйная праграма для дзяцей распрацавана з улікам узроўневай педагогікі і псіхалогіі і будзе праходзіць у інтэрактыўным рэжыме з выкарыстаннем гульнявых тэхналогій.
Для прадстаўнікоў дыпламатычных місій Рэспублікі Беларусь у краінах свету, работнікаў Міністэрства замежных спраў будзе агранізавана асобная адукацыйная праграма па развіцці навыкаў валодання вуснай і пісьмовай афіцыйна-дзелавой беларускай мовы «Беларуская мова як сродак прафесійнага развіцця дыпламатычных работнікаў».
Падчас правядзення школы будзе арганізавана асобная адукацыйная праграма павышэння кваліфікацыі «Методыка выкладання беларускай мовы як замежнай (другой)». Пасля паспяховага завяршэння курсу слухачы павышэння кваліфікацыі атрымаюць пасведчанне дзяржаўнага ўзору.
У I Міжнароднай летняй школе беларусістыкі ў 2015 годзе ад Польшчы ўдзельнічалі Агата Красоўская, Дар’я Ляонюк, Мартына Шыманьская, Радаслаў Калета.
У II Міжнародную летнюю школу беларусістыкі ў 2016 годзе з Польшчы ў Мінск прыязджалі Яцак Юзаф Буднёк, Анна Дзям'янюк, Катажына Анна Дрозд, Хэнрык Роман Душыньскі–Карабаш, Лукаш Манцэвіч, Тоб'яш Зыгмунт Варанэцкі, Варвара Паварова, Вольга Трацяк, Караліна Зыховіч.
Караліна Зыховіч.
Караліна Зыховіч, супрацоўніца аддзела дакументацыі варшаўскай Нацыянальнай мастацкай галерэі Zachęta: — Пра гэту школу я даведалася на курсах беларускай мовы ў Варшаве. Мне пашанцавала, бо тады навучанне ў школе было бясплатнае. Я плаціла толькі за кватэру, якая была танная. А кармілі нас таксама па даступнай цане — пры Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы.
Я вучылася ў школе тры тыдні. Там было цудоўна, фантастычна! Гэта была адна з найлепшых паездак у маім жыцці. Туды з'ехаліся людзі з усяго свету. У асноўным гэта былі лінгвісты, якія вывучаюць беларускую мову. У той школе я была адзіным мастацтвазнаўцам. Увогуле, гучала пяць моў. Але амаль усе гаварылі па-польску, таму я, на жаль, так і не змагла паглыбіць свае веды беларускай мовы. Аднак я думала, што рускія ўдзельнікі школы будуць лепш валодаюць беларускай мовай, але аказалася, што было прасцей мне, бо ў беларускай мове больш агульных слоў з польскай, чым з рускай мовай. Для мяне гэта было нечаканасцю.
Таксама мне спадабаліся лекцыі па беларускай літаратуры. Мы наведвалі музеі, удзельнічалі ў экскурсіях па Беларусі, напрыклад, ездзілі ў музей Адама Міцкевіча. Было фантастычна! Я многаму тады навучылася, пабачыла многа мясцін, і, прызнацца, гэта былі адны з самых цікавых канікул у маім жыцці.
Польскімі ўдзельнікамі ІІІ Міжнароднай летняй школы беларусістыкі ў 2017 годзе былі Ежы Астапчук, Каміль Анджэй Дворнік, Тэцяна Сідлецкая, Яанна Яахімяк–Пражаноўская, Марта Худзік, Хэнрык Роман Душыньскі–Карабаш, Сэбаст'ян Роберт Камёнка, Анна Бэрэніка Сівірская, Уршуля Шубзда.
У IV Міжнароднай летняй школе беларусістыкі ў 2018 годзе ад Польшчы ўдзельнічаў Міхал Матэуш Халевіч.
Сёлета ўдзел у V Міжнароднай летняй школе беларусістыкі каштуе 100 еўра; адукацыйная праграма «Дзіцячая летняя школа беларусістыкі» кашуте 50 еўра; адукацыйная праграма «Беларуская мова як сродак прафесійнага развіцця дыпламатычных работнікаў» і адукацыйная праграма павышэння кваліфікацыі «Методыка выкладання беларускай мовы як замежнай (другой)» — па 150 еўра.
Для ўдзелу ў школе трэба да 15 жніўня 2020 года даслаць заяўку.
Скантактавацца з арганізатарамі можна па электроннай пошце: skolabel2020@gmail.com; па тэлефонах: +375 (17) 200-90-37, 395-79-40, 213-16-80.
Школа таксама прадстаўлена ў сацыяльных сетках:
https://www.facebook.com/groups/MLSBelarus/
https://www.facebook.com/skolabel20/
Віктар Корбут
Слухайце гукавы файл