Беларуская Служба

Украінскі афіцэр пра фронт: У асноўным адбываюцца артылерыйскія дуэлі

19.08.2023 07:00
Гэта вайна на знясіленне.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneGeneral Staff of the Armed Forces of Ukraine

Выданне Onet публікуе гутарку з афіцэрам Узброеных сіл Украіны Аляксандрам Афанасьевым, які ваюе на Данбасе, на перадавой пад Бахмутам.

Вайсковец кажа, што апошнія пяць дзён абстрэлы не спыняюцца. У іх дэфіцыт танкавых снарадаў. Яны могуць бараніцца толькі дзякуючы трафейным расійскім снарадам. «Расіяне год таму і расіяне сёння – гэта розныя салдаты. Яны навучыліся ваяваць, шмат чаму вучацца ў нас. І яшчэ трэба прыдумаць нешта лепшае», – кажа салдат.

У асноўным адбываюцца артылерыйскія дуэлі. Гэта вайна на знясіленне. Праціўнік пачаў выкарыстоўваць кіраваныя авіябомбы, якіх не было ў мінулым годзе. Раней яны засыпалі ўкраінскія сілы касетнымі боепрыпасамі. Цяпер, відаць, ім не хапае гэтых ракет. Таму яны выкарыстоўваюць больш боепрыпасаў, якіх было шмат на складах Савецкага Саюза.

Зараз УСУ ваююць з расійскай рэгулярнай арміяй. У іх ёсць сродкі для вядзення абарончай і наступальнай вайны, новыя танкі. Але з групай Вагнера змагацца было цяжэй. Вагнераўцы выкарыстоўвалі тактыку, якая нідзе не выкарыстоўваецца ніводнай арміяй. У іх была поўная пагарда да смерці і чалавечага жыцця. Таму і атакавалі там, дзе іх ніхто не чакаў. І дзе яны дасканала ведалі, што вялікая колькасць іх жаўнераў загіне.

«У нас шмат артылерыйскіх снарадаў, – кажа Афанасьеў. – Было б выдатна атрымаць танк Leopard 1. Нямецкая сістэма лепшая за старую савецкую 70-х гадоў, гэта таксама механічны танк, але ваяваць на ім было б значна лягчэй».

Як вайскоўцы праходзяць праз замініраваныя тэрыторыі? «У нас не хапае тэхнікі для абясшкоджвання мінаў. Гэта складана. Ёсць спецыяльныя тральшчыкі, якія ўсталёўваюць, напрыклад, на танкі. Але яны вытрымліваюць толькі 2-3 выбухі міны. Пасля гэтага танк можа быць пашкоджаны, можа быць паранены механік танка».

Якая цяпер сітуацыя пад Бахмутам? «Там ваююць лепшыя нашы людзі! Сумна, што мы губляем сваіх легендарных воінаў, якія перажылі сотні штурмаў», – адзначае салдат. І дадае, што ў горадзе няма ніводнага цэлага будынку. «Я не думаю, каб была магчымасць калі-небудзь яго адбудаваць. Але ёсць яшчэ мясцовыя людзі. Апошніх дзяцей вывезлі зімой. За год гэты горад быў цалкам разбураны на маіх вачах», – распавядае Аляксандр Афанасьеў.

нг