Беларуская Служба

Значна павялічылася колькасць расійскіх вайскоўцаў, якія хочуць дэзерціраваць з фронту

06.12.2023 14:02
З верасня па лістапад г.г. на сувязь з актывістамі, якія даюць парады, як пазбегнуць службы, выйшлі 577 вайскоўцаў.
Расійская арміяShutterstock.com/Sergey Rusanov

Сярод расійскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне, становіцца ўсё больш жадаючых дэзерціраваць, адзначае арганізацыя «Ідзіце лесам», якая дае парады, як пазбегнуць службы. З верасня па лістапад бягучага года на сувязь з актывістамі выйшлі 577 вайскоўцаў.

Раней за тры летнія месяцы (чэрвень-жнівень) такіх выпадкаў было 305, піша сайт The Moscow Times. Агулам з красавіка гэтага года, калі актывісты запусцілі свой праект, з імі звязалася больш за 1000 вайскоўцаў.

У інтэрв'ю сайту «Настоящее время» прэс-сакратар праекта Іван Чувылаеў растлумачыў, што часцей за ўсё салдаты звяртаюцца па такую ​​кансультацыю са шпіталя, куды трапілі з фронту.

Расійскі праваабаронца Сяргей Крывенка распавёў The Moscow Times, што раней вайскоўцы думалі, што пасля некаторага часу на фронце яны пойдуць дадому. Цяпер «яны бачаць, што няма ратацыі, што нават цяжкапараненых пасля шпіталю вяртаюць на фронт», – сказаў актывіст.

The Moscow Times нагадвае, што ўкраінскі бок заахвочвае расіян да добраахвотнай капітуляцыі і стварыў для гэтага адмысловы праект пад назвай «Хачу жыць». Украінская вайсковая выведка ГУР у жніўні гэтага года паведаміла, што атрымала 22 тысячы зваротаў ад пачатку мабілізацыі на фронт у Расіі.

Расійскія юрысты і праваабаронцы заяўляюць, што не могуць ацаніць маштабы дэзерцірства, дадае The Moscow Times.

Незалежны сайт «Медиазона» падлічыў, што з пачатку мабілізацыі ў ваенныя суды ў Расіі трапілі больш за 4,1 тысячы чалавек, справы якіх звязаныя з самавольным пакіданнем месца службы. Больш чым у палове выпадкаў суды выносілі ўмоўныя прысуды, каб, як піша «Медиазона», не даць салдатам трапіць у турму і адправіць іх на фронт.