Беларуская Служба

Еўрапейскія краіны задзейнічаюць свае войскі ў вайне Украіны з Расіяй?

26.11.2024 15:38
Францыя і Вялікабрытанія быццам бы разглядаюць такі варыянт.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com/ Military_Material

Выбар Дональда Трампа прэзідэнтам ЗША інтэнсіфікаваў абмеркаванне еўрапейскімі краінамі магчымасці адпраўкі войскаў на тэрыторыю Украіны — піша французская газета «Le monde», якую цытуе Forsal. Паводле выдання, абмеркаванне вядзецца ў сакрэтным фармаце, аднак вядома, што ключавую ролю ў гэтай ініцыятыве могуць адыграць Францыя, Вялікабрытанія і Польшча.

«На фоне эскалацыі вайны ва Украіне дыскусіі пра ўдзел заходніх вайскоўцаў і прыватных вайсковых кампаній набылі новы імпульс. Тэма далікатная, таму абмеркаванні закрытыя, але яны сталі больш актыўна весціся пасля вяртання Дональда Трампа ў Белы дом — піша «Le monde», спасылаючыся на свае крыніцы.

Газета нагадвае, што гэтая дэбата была пачата ў лютым 2024 года французскім прэзідэнтам Эманюэлем Макронам. Дагэтуль супраць былі некаторыя еўрапейскія краіны, у першую чаргу Германія. Аднак у апошнія тыдні гэтае пытанне зноў стала актуальным, асабліва падчас візіту брытанскага прэм’ер-міністра Кіра Стармэра (Keir Starmer) у Францыю.

Міністр замежных спраў Францыі Жан-Ноэль Баро (Jean-Noel Barrot) у інтэрв’ю BBC ад 23 лістапада пацвердзіў, што Захад не ставіць «ніякіх межаў» для падтрымкі Кіева ў вайне супраць Расіі. Адказваючы на пытанне пра магчымасць удзелу французскіх вайскоўцаў, Баро заявіў: «Мы не выключаем ніводнага варыянту».

«Le monde» адзначае, што Францыя і Вялікабрытанія разглядаюць варыянт накіравання прыватных вайсковых кампаній, і такіх, як Defense Conseil International, якая належыць французскай дзяржаве. Кампанія магла б займацца навучаннем украінскіх вайскоўцаў або абслугоўваннем заходняй ваеннай тэхнікі.

Абмеркаванні адбываюцца на фоне павелічэння паставак Украіне зброі далёкага дзеяння. Як паведамлялі СМІ, адміністрацыя Джо Байдэна дала Кіеву дазвол на выкарыстанне амерыканскай зброі для ўдараў па тэрыторыі Расіі. Паводле ўкраінскіх крыніц, запуск такіх ракет патрабуе дапамогі заходніх спецыялістаў на месцах.

Абмяркоўваецца таксама магчымасць размяшчэння еўрапейскіх войскаў уздоўж украінска-расійскай мяжы пасля магчымага перамір’я паміж Кіевам і Масквой у межах гарантый бяспекі. Крыніцы «Le monde» мяркуюць, што Дональд Трамп плануе выключыць удзел амерыканскіх войскаў у такой місіі. Важнейшую ролю ў такой ініцыятыве могуць узяць на сябе Францыя, Вялікабрытанія, краіны Балтыі, Скандынавіі і Польшча. Германія, як мяркуецца, будзе ўдзельнічаць у меншай ступені з-за ўнутрыпалітычнай нестабільнасці.

Le monde/Forsal.pl/нг