Вялікабрытанія павінна перадаць Украіне ўсе замарожаныя расійскія актывы. Такі крок павінен даць Маскве выразны сігнал, што «агрэсары павінны і будуць плаціць».
У лісце The Times група брытанскіх парламентарыяў і палітыкаў з краін-саюзніц заяўляе, што ўрад павінен высветліць, як законна перавесці ва Украіну 300 мільярдаў долараў з замарожаных рэзерваў Цэнтрабанка Расіі. На іх думку, перавод не менш за 25,5 мільярдаў фунтаў стэрлінгаў, якія захоўваюцца на рахунках у Вялікабрытаніі, стаў бы «ясным сігналам» стратэгічнай рашучасці і дапамог бы стрымліваць будучыя канфлікты.
«Папярэдніх крэдытаў і экстранага фінансавання недастаткова — яны трымаюць на кручку заходніх падаткаплацельшчыкаў. Толькі выкарыстанне саміх актываў гарантуе, што Расія заплаціць за свае злачынствы», — гаворыцца ў паведамленні.
Міністры мяркуюць, што сама перадача актываў будзе звязаная з юрыдычнымі праблемамі. Але доктар Майк Марцін, член парламента ад Ліберальнай партыі і былы афіцэр арміі, сказаў, што трэба знайсці спосаб абыйсці гэтую праблему.
«Ёсць бясспрэчныя маральныя, стратэгічныя і юрыдычныя аргументы для выкарыстання расійскіх дзяржаўных актываў для падтрымкі Украіны ў яе ваенных аперацыях. Гэта ніколі не было больш актуальна, чым у свеце, дзе будучая адміністрацыя ЗША можа скараціць дапамогу Украіне», — сказаў ён.
Адзначаецца, што 50 мільярдаў долараў працэнтаў ад замарожаных актываў з'яўляюцца важным першым крокам, але ён забяспечвае Украіне экстранае фінансаванне максімум на адзін год. Акрамя таго, у выпадку размарожвання актываў Украіне або падаткаплацельшчыкам краін G7 давядзецца вярнуць крэдыт.
Краіны G7 абавязаліся выдзеліць Украіне крэдыт у памеры 50 мільярдаў долараў, які будзе пагашаны толькі за кошт працэнтаў ад замарожаных актываў.
У кастрычніку Вялікабрытанія абвясціла, што выдзеліць Украіне крэдыт у памеры £2,26 млрд у рамках больш шырокага пакета дапамогі краін G7.
24 снежня 2024 года Украіна атрымала грант ад ЗША ў памеры 1 мільярда долараў. Упершыню ў дзяржбюджэт паступілі сродкі, забяспечаныя даходамі ад замарожаных актываў РФ.
Крыніца: УНІАН
нг