Апытанні не прадказваюць аптымістычнага лёсу Украіне, якая амаль тры гады адбівае расійскую агрэсію. Ажно 21 працэнт украінцаў заяўляюць, што хочуць пакінуць радзіму адразу пасля адкрыцця межаў. У сваю чаргу 70% рэспандэнтаў маюць намер застацца ў краіне, піша Rzeczpospolita.
Пакуль межы зачыненыя для мужчын прызыўнога ўзросту (18–60 гадоў). Іх адкрыюць толькі пасля заканчэння вайны і адмены ваеннага становішча.
Апошняе апытанне Цэнтра Разумкова і фонду «Дэмакратычная ініцыятыва» паказвае, што пасля заканчэння вайны мільёны ўкраінцаў могуць вырашыць пакінуць краіну ў пошуках лепшага жыцця. Як яны гэта тлумачаць? Адны не бачаць магчымасці для развіцця, іншыя жадаюць далучыцца да сваіх блізкіх, якія ўжо жывуць за межамі Украіны.
Найбольш імкнецца з'ехаць моладзь. Украіна на парозе дэмаграфічнай катастрофы
Часцей за ўсё пра жаданне з'ехаць заяўляе моладзь - кожны трэці жыхар ва ўзросце 18-29 гадоў. Украіне гэта не абяцае нічога добрага, улічваючы той факт, што мільёны ўжо з'ехалі ў іншыя краіны. Паводле ацэнак ААН, толькі ў краінах Еўропы статус часовай абароны атрымалі больш за 6 мільёнаў украінцаў. У гэты лік не ўваходзяць тыя, хто легалізаваў сваё знаходжанне іншым спосабам (напрыклад, мае від на жыхарства па працы і г.д.).
Для дзеянняў за вяртанне суайчыннікаў на радзіму нядаўна ў Кіеве было створана новае міністэрства – Міністэрства нацыянальнай еднасці.
Вядомы ўкраінскі эканаміст Аляксандр Ахрыменка звязвае шанец на вяртанне мільёнаў украінцаў са шматмільярднай дапамогай Захаду на аднаўленне. Толькі сёлета ўкраінскі бюджэт павінен атрымаць 35 мільярдаў еўра крэдытаў ад Еўрасаюза.
яс