Лондан і Вашынгтон адзіныя ў меркаванні, што на фоне вайны ва Украіне заходнім саюзнікам неабходна і далей аказваць калектыўны ціск на прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Пра гэта паведаміла прэс-служба ўрада Злучанага Каралеўства па выніках тэлефоннай размовы паміж прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, якая адбылася ўвечары ў нядзелю, 30 сакавіка.
Паведамляецца, што Кір Стармер праінфармаваў Дональда Трампа аб «прадуктыўных абмеркаваннях» на нядаўняй сустрэчы ў Парыжы «кааліцыі ахвочых», куды павінны ўвайсці краіны, гатовыя выступіць гарантамі бяспекі Украіны. Белы дом і Даўнінг стрыт дамовіліся заставацца на сувязі ў бліжэйшыя дні.
Нагадаем, надоечы ў інтэрв'ю NBC News Дональд Трамп заявіў, што ён «раз'юшаны» і «вельмі злы» на Уладзіміра Пуціна, у прыватнасці, з-за яго заявы аб «часовым урадзе ва Украіне пад эгідай ААН» і вайне, якая працягваецца да гэтага часу. Акрамя таго, на працягу месяца Дональд Трамп паабяцаў увесці мыты на расійскую нафту ў памеры 25-50%, калі не будзе падпісана пагаднення аб спыненні агню.
IAR/PAP/Reuters/эж