Еўрапейскі Саюз узмацніў санкцыі супраць Расіі. У «чорны спіс» трапілі галоўны вытворца алмазаў карпарацыя «Алроса» і яе гендырэктар Павел Марынічаў.
З новага года ўступіла ў сілу эмбарга Еўрасаюза на імпарт алмазаў з Расіі, праўда, яно ўводзіцца паступова і спачатку распаўсюджваецца на прыродныя алмазы.
«Гэта частка нашых скаардынаваных дзеянняў з групай G7, якія накіраваны на тое, каб пазбавіць Расію ключавой крыніцы даходу», – пракаментаваў кіраўнік знешняй палітыкі ЕС Жазэп Барэль.
Экспарт алмазаў прыносіць у расійскі бюджэт больш за 4,5 млрд еўра ў год. «Алроса» – найбуйнейшая расійская дзяржаўная алмазаздабыўная кампанія ў свеце, на долю якой прыпадае больш за 95 працэнтаў расійскай вытворчасці. Кампанія доўгі час падтрымлівае расійскія ўзброеныя сілы і расійскія войскі ва Украіне.
Уключэнне кампаніі «Алроса» пад санкцыі было патрабаваннем Польшчы і краінаў Балтыі ад самага пачатку расійскага нападу на Украіну.
Усяго ў «чорным спісе» з забаронай на ўезд у ЕС і замарожанымі актывамі ў Еўропе амаль 2000 чалавек, кампаній і ўстаноў.
яс