Мы дзякуем краінам Паўночнай Еўропы, Балтыі і Польшчы за падтрымку нашага плана перамогі, — напісаў кіраўнік кабінета прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага Андрэй Ермак у шведскай газеце «Dagens Industri». Ён таксама пералічыў пяць пунктаў плана перамогі Зяленскага.
У сераду і чацвер у рэзідэнцыі прэм’ер-міністра Швецыі ў Харпсундзе пройдзе саміт краін Паўночнай Еўропы, Балтыі ды Польшчы. Тэмы ўключаюць пытанні бяспекі і далейшую падтрымку Украіны.
«Краіны NB8 (Швецыя, Нарвегія, Фінляндыя, Данія, Ісландыя, Літва, Латвія і Эстонія) і Польшча могуць адыграць ключавую ролю ў пабудове новай стратэгіі бяспекі для Еўропы, заснаванай на нацыянальным заканадаўстве, эфектыўным стрымліванні, абароне і ўстойлівасці», — падкрэсліў Ермак.
Ён дадаў, што «забеспячэнне перамогі Украіны ў вайне з'яўляецца цэнтральным элементам рашучай барацьбы з расійскай пагрозай». «Дыпламатыя не мае шанцаў на поспех без сілы», — падкрэсліў палітык. «Лічыць, што супакойванне агрэсара прывядзе да трывалага міру, — ілюзія», — адзначыў Ермак.
Кіраўнік кабінета прэзідэнта Украіны пералічыў пяць пунктаў плана перамогі Зяленскага: запрашэнне Украіны ў NATO, павелічэнне ваеннай падтрымкі без абмежаванняў на прымяненне зброі і размяшчэнне ва Украіне «пакета няядзернага стрымлівання». Іншыя прапановы ўключаюць абарону ўнікальных эканамічных і гандлёвых актываў Украіны і замену амерыканскіх баз у Еўропе ўкраінскім кантынгентам.
ПР/юл