Надоечы агенцтва Bloomberg паведаміла, што Еўропа выкарыстоўвае свае запасы газу самымі хуткімі тэмпамі за апошнія сем гадоў. Калі летась у гэты час падземныя сховішчы Еўрасаюза былі запоўненыя на 86%, то цяпер гэтая лічба складае крыху больш за 70%.
«Хоць рызыкі неадкладнага дэфіцыту няма, хуткае вычарпанне запасаў можа ўскладніць іх назапашванне да наступнага ацяпляльнага сезона і паўплываць на кароткатэрміновыя цэны», — адзначае агенцтва Bloomberg.
«Паглынанне запасаў высокае ў параўнанні з 2024 годам», - пацвердзіла ў аўторак, 7 студзеня прэс-сакратар Еўракамісіі Анна Кайса Ітконен. Акрамя нізкіх тэмператур у Еўропе, на павелічэнне спажывання запасаў газу ўплывае тэхнічнае абслугоўванне вытворчых магутнасцей у Нарвегіі, у прыватнасці, спыненне працы кампрэсара звадкавання газу ў Хамерфесце (чакаецца, што ён зноў запрацуе на гэтым тыдні).
Паводле прэс-сакратаркі Еўракамісіі, на павелічэнне спажыванне газу са сховішчаў таксама паўплывала вызваленне Германіі ў пачатку года ад так званага газавага падатку для транзітных краін (яго па-ранейшаму плацяць унутраныя пакупнікі). Чакаецца, што выйграюць, у прыватнасці, Аўстрыя, Чэхія і Славакія, якія шукаюць альтэрнатывы расійскаму газу.
Анна Кайса Ітконен запэўніла, што праблем з забеспячэннем попыту на газ у Еўропе не будзе. Паводле яе, запоўненасць сховішчаў на 70% азначае, што запасы вышэйшыя за сярэдні ўзровень у перыяд да ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе. Пасля гэтага Еўропа была вымушана перайсці на іншыя крыніцы паставак газу, зрабіўшы стаўку на максімізацыю запасаў у падземных сховішчах.
эж