Былы лідар брытанскіх кансерватараў Іэн Дункан Сміт (Iain Duncan Smith) сустрэўся ва Украіне з палітыкамі, вайсковымі чыноўнікамі і простымі вайскоўцамі, піша брытанская «Daily Mail». Высновы, якія ён давёў да цяперашніх уладаў Вялікабрытаніі, жахлівыя.
«Песімістычны прагноз, які я пачуў ад аднаго з найважнейшых украінскіх палітыкаў, заснаваны на скарачэнні рэсурсаў — у першую чаргу боепрыпасаў для 155-мм гармат», — тлумачыць Сміт.
«Украіна не можа выйграць артылерыйскія дуэлі з Расіяй. На кожны снарад, выпушчаны лаяльнымі Кіеву сіламі, расіяне адказваюць чатырма», — дадаў ён.
Іэн Дункан Сміт спасылаецца на словы высокапастаўленага афіцэра ўкраінскай выведкі, што, нягледзячы на страты Расіі ў памеры каля 1500 салдат у дзень, Украіна губляе тэрыторыю, і фронт разваліцца на працягу шасці месяцаў. Тады расійскія войскі зноў змогуць пагражаць Кіеву, а ўкраінскаму войску не будзе чым даць адпор ворагу.
«Перамога Пуціна — жахлівы сцэнар для Захаду, тым больш, што мы патрацілі вялізныя грошы, спрабуючы стрымаць Расію», — дадае брытанскі палітык.
Што чакае Украіну?
На ягоную думку, калі Захад хутка не адкрые свае арсеналы і не паскорыць пастаўкі, Украіну альбо падзеляць на дзве часткі, і Уладзіміру Зяленскаму давядзецца падпісваць мір на жудасных умовах, альбо ўся краіна трапіць у рукі расіян, а цяперашнім уладам давядзецца ўцякаць з краіны.
Урадавыя аналітыкі прагназуюць падобнае развіццё сітуацыі. Падобныя высновы прэм'ер-міністру Стармеру зрабіў яго дарадца па нацыянальнай бяспецы.
Брытанскія эксперты таксама кажуць, што ва Украіну трапляе занадта мала заходняй тэхнікі і што пастаўкі істотна затрымліваюцца, каб паўплываць на спыненне расійскіх нападаў.
forsal.pl/вх