Беларуская Служба

«Нас 60 мільёнаў!»

30.07.2019 12:26
У сядзібе Польскага радыё абвешчана пра пачатак інфармацыйнай кампаніі, скіраванай на знаёмства палякаў з дыяспарай.
Маршалак Сенату Польшчы Станіслаў КарчэўскіPAP/Radek Pietruszka

Інфармацыйная кампанія «Нас 60 мільёнаў» – гэта вынік супрацоўніцтва Польскага радыё з Сенатам краіны. Сёння адбылося ўрачыстае падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве пры рэалізацыі дадзенай кампаніі.

«Нас 60 мільёнаў» – гэта маштабная інфармацыйная акцыя, мэта якой распавесці палякам, якія жывуць у Польшчы пра штодзённасць жыцця тых, хто з’ехаў з краіны. Адначасова дыяспара будзе інфармавацца пра тое, як змяняецца Польшча.
Маршалак польскага Сенату Станіслаў Карчэўскі заявіў, што кампанія «Нас 60 мільёнаў» павінна ўмацаваць сувязі паміж палякамі ў краіне ды за мяжой. Справы дыяспары – гэта адзін з важных аспектаў працы Сенату.

- У першую чаргу мы хочам, каб было ўсведамленне сярод палякаў, што нас столькі шмат, каб гэтая свядомасць шырылася, што мы ёсць вялікая грамада, што трэба яе пашыраць і клапаціцца. Гэта супольнасць палякаў, Якія жывуць у Польшчы і за мяжой. Польская дыяспара – гэта важная справа для Сенату, штодня мы прысвячаем час на кантакты з дыяспарай, размовы, дзеянні, якія робяць яе больш блізкай.

60 мільёнаў – гэта прыблізная лічба ўсіх людзей польскага паходжання ў свеце. Каля 40 мільёнаў палякаў жывуць у Польшчы, і каля 20 за межамі краіны. У рамках кампаніі «Нас 60 мільёнаў» у польскіх СМІ будуць выходзіць адукацыйныя праграмы, спартовыя, гістарычныя і культурныя, адрасаваныя палякам, якія жывуць у Польшчы, і за мяжой для дыяспары.

Таксама кампанія скіраваная на тое, каб заахвоціць польскіх эмігрантаў вяртацца на Радзіму.

ПР/юл