Беларуская Служба

Медыкі з Усходняй Еўропы не хочуць лячыць палякаў

08.11.2019 15:03
Аблягчэнне працэдуры па прызнанні дыпломаў не пераконваюць медыкаў з Усходняй Еўропы працаваць у Польшчы. Яны аддаюць перавагу Захаду.
.
.DarkoStojanovic/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністэрства аховы здароўя рэалізавала свае ранейшыя абяцанні, то бок, унесла ў законапраект аб медыцынскіх прафесіях магчымасць прадастаўлення часовага права займацца прафесіяй лекара ў Польшчы, нават тады, калі дыплом медыка яшчэ не быў настрыфікаваны ў краіне. Гаворка ідзе пра медыкаў з краінаў, якія не з’яўляюцца членамі Еўрасаюза, паведамляе Караліна Кавальска ў выданні Rzeczpospolita.

На практыцы рашэнне па гэтай справе павінны прыняць дырэктары медыцынскіх установаў, якія плануюць наняць канкрэтнага лекара, напрыклад, хірурга з украінскім ці беларускім дыпломам.

Аднак гэтае рашэнне не падабаецца частцы асяроддзя медыкаў у Польшчы. Яраслаў Біліньскі (Jarosław Biliński) з Акруговай медыцынскай палаты ў Варшаве, які ўзначальваў групу экспертаў па ўнясенні зменаў у закон, сцвярджае, што аблягчэнні, датычныя лекараў з Усходняй Еўропы, былі ўнесены ў законапраект без ведама рабочай групы.

„Гэта ўвядзенне двайных стандартаў. Лекары з краінаў, якія не з’яўляюцца членамі Еўрапейскага Саюза, змогуць працаваць у Польшчы без надзейнай праверкі ведаў і правоў, якія датычаць лекараў з Еўрасаюза”, - кажа доктар Біліньскі. І дадае, што польскія лекары за мяжой ніколі не карысталіся такімі прывілеямі.

„Мой 30-гадовы калега з Беларусі, якога дыплом прызналі, ужо некалькі гадоў мае тытул спецыяліста. Гэта для польскага хірурга немагчыма. Усё дзякуючы таму, што ў яго краіне вучобу ва ўніверсітэце пачынаюць раней і спецыялізацыя доўжыцца ўдвая карацей, чым у Польшчы. Ён добры лекар, але яго медыцынскія веды меншыя”, - скардзіцца адзін малады польскі хірург. Ён баіцца, што польскай службай аховы здароўя авалодаюць дрэнна падрыхтаваныя лекары.

Аднак шмат сведчыць пра тое, што гэтыя боязі неапраўданыя. Пасля інфармацыі аб палёгках для медыкаў з Усходняй Еўропы кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што да 2025 года зарплата беларускіх дактароў павялічыцца ўдвая.


Некаторыя эксперты таксама кажуць, што карупцыя ў беларускай медыцынскай службе прычыняецца да таго, што польскія заробкі непрывабныя для тамтэйшых лекараў. Цяпер у Польшчы практыкуюць крыху больш за 100 лекараў-мігрантаў з Беларусі.

У сваю чаргу старшыня Саюза ўкраінцаў у Польшчы Пётр Тыма прызнае, што крызіс і вайна ва Украіне прымушаюць грамадзян думаць пра эміграцыю, але спецыялісты ўсё часцей выбіраюць Вялікабрытанію, Германію, а таксама Азію, Канаду ці ЗША.

„У Польшчы ёсць перавага ў сувязі з мовай, суседствам альбо вядомым рынкам, але лекары з Украіны часцей за ўсё думаюць пра працу ў прыватных медыцынскіх установах(…) Прапанова дзяржаўных бальніц для іх не прывабная. Таму я б не чакаў хвалі ўкраінскіх лекараў на польскім рынку працы”, - тлумачыць Тыма ў размове з выданнем Rzeczpospolita.

аз