Адзін з галоўных журналістаў нямецкай штодзёнкі «Bild» Юрген Хельфрыхт звольнены за суаўтарства ў пракрамлёўскім выданні. Кніга пад назвай «Як любіць Расію» была выдадзеная без ведама кіраўніцтва «Bild» і з'яўляецца «вялікім паклонам Уладзіміру Пуціну», паведамляюць нямецкія СМІ.
Кіраўніцтва «Bild» заявіла, што яны ніколі не дазволілі б апублікаваць хвалебную песню Пуціну.
«Мы ацанілі, што Юрген Хельфрыхт не захаваў прафесіяналізму, калі далучыўся да ідэалізавання Расіі. Таму ён быў неадкладна адхілены ад сваіх абавязкаў», – гаворыцца ў заяве.
Тэкст, суаўтарам якога зʼяўляецца адзін з галоўных карэспандэнтаў дрэздэнскага выдання штодзённай газеты «Bild», апублікаваны на нямецкай і расійскай мовах. Прадмову напісаў Уладзімір Пуцін, адзін з суаўтараў таксама былы міністр культуры Расіі Уладзімір Мядзінскі. Расійскія палітыкі з самага пачатку падкрэсліваюць, што публікацыя павінна стаць «проціяддзем ад шматгадовай заходняй прапагандысцкай хлусні».
Гэта чарговы скандал з удзелам прапуцінскага журналіста аднаго з вядучых нямецкіх СМІ. Некалькі тыдняў таму стала вядома, што журналіст ARD Хʼюберт Зайпель гадамі рыхтаваў выгадныя Крамлю рэпартажы і інтэрвʼю, атрымліваючы шчодрую аплату ад расійскіх уладаў.
яс