Нобелеўскай лаўрэатка ў галіне літаратуры за 2018 год, польская пісьменніца Вольга Такарчук вярнулася ў горад Уроцлаў, дзе пражывае. Яна знаходзілася ў літаратурным турнэ па Германіі, падчас якога, дарэчы, і даведалася пра тое, што атрымала Нобеля па літаратуры. Ва Уроцлаве яна расказала Польскаму радыё пра сябе, сваю творчасць і прэмію. Гэта першае інтэрв’ю пісьменніцы пасля вяртання на радзіму.
Для ўдакладнення варта зазначыць, што Вольга Такарчук жыве не толькі ва Уроцлаве, але таксама ў вёсцы Краянаў, размешчанай у некалькіх дзясятках кіламетраў ад горада.
Пісьменніцу ва Уроцлаве чакалі сотні яе чытачоў і прыхільнікаў. Сама Такарчук з’явілася на Літаратурным фестывалі імя Бруна Шульца, дзе правяла творчую сустрэчу і раздавала аўтографы.
На фестывалю таксама стала вядома, што нобелеўская лаўрэатка створыць фонд, які будзе падтрымліваць пісьменнікаў і перакладчыкаў і займацца даследаваннем літаратуры ды літаратурнага перакладу. Дапамагчы літаратарцы вырашылі ўлады Уроцлава і далі на штаб-кватэру фонда асабняк Карповічаў – помнік гісторыі і архітэктуры, адзін з вядомых ва Уроцлаве.
Ва ўсім Уроцлаве – шматлікія вашы плакаты і здымкі. Ці ў вас няма такога адчування, што ўвесь горад з вамі радуецца і святкуе атрыманне ўзнагароды?
- Так, я гэта моцна адчуваю. Увогуле я – чалавек з эмпатыяй, я адчуваю пазітыўныя эмоцыі іншых людзей, чэрпаю добрую энергію ад іншых людзей. Гэтая энергія і эмоцыі дапамагаюць мне цяпер перажыць гэты складаны час, калі на мне сканцэнтраваная ўвага многіх. Так што дзякуючы гэтай энергіі і эмоцыям я – у добрай форме.
Учора была на прагулцы з сабакам у парку, каля якога я жыву. Я бачыла, як людзі мне ўсміхаюцца, і вось гэтая энергія ўздзейнічае на мяне пазітыўна.
Вядомы балгарскі пісьменнік Георгі Гаспадзінаў сказаў, што калі існуе анёл літаратуры, то гэты анёл цяпер знаходзіцца ва Уроцлаве. Гэта пра вас, Вольга.
- Прыгожыя словы! Мы добра знаёмыя з Георгіем, я лічу, што ён – вялікі пісьменнік, і радая, што пару дзён таму ён атрымаў Літаратурную ўзнагароду Цэнтральнай Еўропы Angelus, устаноўленую ўладамі Уроцлава.
Мне таксама прыемна, што Нобелеўскую прэмію атрымаў Уроцлаў, таму што Кракаў меў сваіх лаўрэатаў, іншыя гарады, а вось цяпер чарга прыйшла да нас.
Георгі Гаспадзінаў назваў вас анёлам. А ці можна літаратуру падзяліць на анёльскую і д’ябальскую? Як вы думаеце?
- Не, не думаю. Уся літаратура – гэта цуд. Дзякуючы ёй людзі могуць паразумецца паміж сабой пры дапамозе рэчаў, зробленых з паперы. Літаратура – гэта цудоўны праект чалавецтва.
А якога нобелеўскага лаўрэата вы лічыце найбольш блізкім вам?
- Марыю Складоўскую-Кюры. Яна мяне, так бы мовіць, суправаджала з дзяцінства. Яна была для мяне прыкладам, я ёю захаплялася, у тым ліку і як першым навуцоўцам-жанчынай, якая ўвайшла ў той час на мужчынскую тэрыторыю і дасягнула вялікіх поспехаў. А я нагадаю, што ў тыя часы ў Польшчы жанчын не прымалі ў ВНУ! Марыя Складоўская-Кюры не толькі здзейсніла шматлікія адкрыцці ў галіне хіміі і фізікі, але таксама перакрочыла многія грамадскія, культурныя бар’еры і перажыла шматлікія прыдзіркі з боку патрыярхальнага акружэння.
У сваіх кнігах і выступленнях вы часта звяртаеце ўвагу на пытанне жанчын і іх ролю ў сучасным свеце. Ці літаратура мае альбо павінна мець род – жаночы альбо мужчынскі?
- Літаратура як частка грамадскага жыцця не мае роду. Я заўсёды падкрэсліваю, што муза, якая нас натхняе, не мае роду, не мае полу. Ведаеце, адрозненні паводле полу – павярхоўныя і датычаць толькі невялікай часткі нашай асабовасці. Я не веру ў нейкія глыбокія біялагічныя адрозненні паміж жанчынай і мужчынам. Але з іншага боку да нядаўна літаратурны свет быў светам мужчынскім, таксама як і іншыя галіны жыцця, таму што мы жывём у патрыярхальнай цывілізацыі, якая арыентуецца на мужчын, і мужчыны ў ёй адыгрываюць важнейшую ролю. Я лічу, што мы жывём у добры час, бо можам назіраць за тым, як мяняецца свет і адкрываецца на жанчын. А жанчыны ў грамадства могуць унесці шмат добрага, напрыклад, уражлівасць і жаночы пункт гледжання на свет.
З Вольгай Такарчук размаўляў журналіст Радыё «Уроцлаў» Гжэгаж Хайноўскі.
вс
слухайце аўдыёфайл