Беларуская Служба

«Прафесар Аляксандр Баршчэўскі заўсёды карыстаўся аўтарытэтам сваіх студэнтаў»

02.11.2020 11:23
З нагоды 90-га юбілею спадара прафесара Аляксандра Баршчэўскага, наша рэдакцыя падрыхтавала серыю перадач пра гэтага важнага для беларускай навукі ў Польшчы чалавека.
Аўдыё
  • Пра прафесара Аляксандра Баршчэўскага расказваюць выкладчыкі Варшаўскага ўніверсітэта
Аляксандр Баршчэўскі на Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэтакрыніца: kamunikat.org

2 лістапада вядомы беларускі паэт, літаратуравед і даследчык культуры прафесар Аляксандр Баршчэўскі, вядомы таксама пад псеўданімам Алесь Барскі, святкуе свой 90-ты дзень народзінаў. З гэтай нагоды мы вырашылі запытацца ў людзей, якія з ім працавалі, які ён чалавек, у чым каштоўнасць яго дзейнасці. Адным з галоўных месцаў працы прафесара быў Варшаўскі ўніверсітэт, кафедру беларусістыкі якога ён узначальваў амаль 30 гадоў.

Пакаленні студэнтаў выхаваліся пры прафесары Баршчэўскім. Ёсць такія, якія пад ягоным наглядам прайшлі свой увесь студэнцкі шлях, з першакурснікаў, а пазней самі сталі выкладаць на кафедры побач са сваім былым кіраўніком. Адной з такіх асоб з’яўляецца доктар Катажына Дрозд, адмысловец у галіне беларускай лагернай літаратуры.

Спадарыня Катажына, якая Ваша гісторыя, звязаная з прафесарам Баршчэўскім?

-Я пазнала спадара прафесара з кожнага боку. Як у якасці выкладчыка, так і ў якасці кіраўніка кафедры, потым ён таксама быў апекуном маёй магістратуры і дысертацыі, а ў канцы мы сталі калегамі па працы. Такім чынам, можна сказаць, што мы супрацоўнічалі на ўсіх магчымых узроўнях. Калі казаць пра тое, якім выкладчыкам ён быў – напэўна варта падкрэсліць, што ён прафесіянал, лепшы ў сваёй галіне, але адначасова не дэманстраваў сваіх ведаў, каб засароміць студэнтаў. Калі хтосьці са студэнтаў не ведаў чаго-небудзь, прафесар стараўся нам дапамагчы, падказаць, успомніць гэтую рэч. І пры тым ён выказваў вялікую пашану, нягледзячы на тое, колькі ўзроўняў нас аддзяляла. Ён шанаваў і студэнтаў, і супрацоўнікаў, твая пазіцыя не мела значэння.

А як праяўлялася ў яго зацікаўленне беларускасцю, беларускай культурай, якім чынам ён перадаваў гэта Вам, студэнтам?

-Ён нас гэтым заражаў. Расказваў гісторыі, часта звязаныя з яго прафесійнай тагачаснай дзейнасцю – як ён збірае матэрыялы, як размаўляе з людзьмі. Па-просту паказваў чалавечы бок гэтай дзейнасці, захоўвання і распаўсюджвання беларускай культуры. Ягоныя аповеды пра Падляшша і пра Беларусь чаравалі і заражалі нас. Але перадусім ён вельмі цікава расказваў. Бо ведаеце, можна гаварыць розным спосабам, можна казаць пра цікавыя рэчы так, што ўсё роўна ніхто не праявіць сваё зацікаўленне, але можна таксама чараваць словам і мы заўсёды былі зачараваныя, калі спадар прафесар распавядаў.

А чаму Вы вырашылі пісаць у яго сваю дысертацыю? Чым ён Вас так уразіў, што прыйшлі да яго па дапамогу?

-Выбар яго маім апекуном быў поўнасцю свядомым выбарам. Галоўным фактарам былі, канешне, ягоныя веды, але таксама тое, якім чалавекам ён з’яўляецца. Спадар прафесар заўсёды стараўся памятаць, што па другім баку стаіць такі ж чалавек, як ён, студэнт, у якога ёсць сваё жыццё, свае справы, і ён разумеў гэта. Ён заўсёды ахвотна дапамагаў мне. Калі, напрыклад, я не магла знайсці нейкай кніжкі, званіла яму і ён казаў «спадарыня Катажына, гэтая кніжка ў мяне ёсць, прыязджайце, я Вам пазычу».

А потым, калі вы ўжо абаранілі сваю дысертацыю і пачалі працаваць разам са спадаром прафесарам, ужо ў якасці выкладчыка на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту, якім калегам ён быў?

-Калі маеш да чынення з прафесарам, то сама думка пра тое, якімі ведамі гэты чалавек валодае, блакуе поўную свабоду, якую я б напрыклад праяўляла ў кантакце з аднагодкамі. Так што тут казаць пра нас, як калегаў, цяжка. Але напэўна я ніколі не адчувала сябе горшай, прыніжанай. Ён ніколі не казаў пра якія-небудзь недахопы маладзейшых калегаў. Памятаю сваю паніку перад дысертацыяй, тады прафесар супакойваў словамі «спадарыня Катажына, вы не хвалюйцеся».

З нагоды 90-гадовага юбілею, што вы б хацелі пажадаць спадару прафесару?

-Я хацела б пажадаць, каб прафесар жыў 200 гадоў, акрамя таго, пазітыўнага настрою і, канешне, здароўя, у той сітуацыі, у якой мы ўсе апынуліся.

Прафесар Аляксандр Баршчэўскі ўзначальваў Кафедру беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту з 1975 года. Сваю працу ў якасці кіраўніка скончыў у 2004 годзе. Пад ягоным кіраваннем выхавалася сотні новых адмыслоўцаў па Беларусі, беларускай мове і літаратуры. Безумоўна, ягоная праца ва ўніверсітэце будзе падставай для будучых пакаленняў даследчыкаў – беларусістаў з Беларусі, Польшчы ды іншых краін свету.

Слухайце аўдыёфайл

Альберт Ежы Вяжбіцкі