Беларуская Служба

Польскі мовазнавец: Носьбіты беларускай літаратурнай мовы часта гавораць з рускім акцэнтам

15.04.2021 10:02
Супрацоўнік Славянскага інстытута Чэшскай АН Мірослаў Янковяк лічыць, што беларускай мове ў Беларусі патрэбна заканадаўчая падтрымка.
Аўдыё
  • М.Янковяк пра беларускія дыялекты.
         .
Фрагмент галоўнага ўвахода ў будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў Мінску.Foto: Viktar Korbut

Беларуская літаратурная мова і беларускія дыялекты — гэта не адно і тое ж. Колькасць людзей, якія размаўляюць на літаратурнай мове, і гавораць на дыялектах не супадае. Калі ў СМІ гавораць пра беларускую мову, то амаль ніколі не ўдакладняюць, што маюць на ўвазе. А між тым, ёсць людзі, якія валодаюць беларускай літаратурнай мовай, але амаль ёю не карыстаюцца. Ёсць тыя, хто валодае агульнанацыянальнай мовай і карыстаецца ёю. А ёсць і носьбіты народных гаворак, якія не абавязкова валодаюць літаратурнай мовай, а таму нават лічаць сваю мову адрознай ад беларускай літаратурнай, быццам бы іншай. Таму каб зразумець сучаснае становішча і перспектывы развіцця беларускай мовы, трэба ўлічваць гэтыя моманты. Тым больш што тэрыторыя распаўсюджвання беларускіх дыялектаў не супадае з арэалам бытавання беларускай літаратурнай мовы.

Сваім вопытам і назіраннямі за функцыянаваннем беларускіх народных гаворак у Беларусі і Літве, дзе на беларускіх гаворках размаўляюць часта людзі, якія лічаць сябе па нацыянальнасці палякамі, дзеліцца вядомы польскі даследчык беларускіх народных гаворак, супрацоўнік Славянскага інстытута Чэшскай АН Мірослаў Янковяк.

Мірослаў Янковяк:Мясцовыя жыхары, якія карыстаюцца беларускай гаворкай, не стараюцца пераходзіць на рускую мову, яны толькі насычаюць сваю мову русізмамі.

На Віленшчыне, у Літве, аднак, ёсць вёскі, дзе мясцовыя жыхары гавораць па-беларуску, а ёсць мясцовасці, дзе людзі валодаюць і мясцовым варыянтам польскай мовы. Калі яны пабачылі маю машыну з польскімі нумарамі, даведаліся, што я паляк, то не хацелі размаўляць са мной па-беларуску. Яны гаварылі па-польску, бо лічаць, што польская мова прызначана для кантактаў з чужымі людзьмі, гасцямі. “Па-просту” там гавораць з суседзямі, а калі, напрыклад, заходзяць у аўтобус, то — па-польску.

Колькі людзей размаўляе на беларускай мове — на літаратурным варыянце?

Мірослаў Янковяк:Гэта невялікае кола людзей, “беларускамоўны свет”. Аднак пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступных за імі падзей узровень сімпатыі да беларускай мовы ў Беларусі вырас.

Гаворачы пра беларускую мову, якая ўступае ва ўзаемаадносіны з рускай і іншымі мовамі, Мірослаў Янковяк лічыць важным фактарам захавання беларускай моўнай стыхіі фанетыку.

Мірослаў Янковяк:На ўзроўні фанетыкі добра відаць, ці носьбіт беларускай мовы з вёскі, ці яна для яго натуральная, ці чалавек яе вывучыў — у такім выпадку часта ў такога носьбіта заўважаецца моцны ўплыў рускай фанетыкі.

Мірослаў Янковяк дае парады адказным за развіццё беларускай мовы асобам некалькі рэкамендацый — што патрэбна, каб уратаваць яе ад поўнага знікнення.

Мірослаў Янковяк: — Не ідзе размова пра тое, што трэба забараніць рускую мову. У сям’і чалавек можа размаўляць на любой мове. Аднак беларусы ўжо дайшлі да такой ступені, што без дзяржаўнай дапамогі, без заканадаўчай падтрымкі беларуская мова мае кепскія перспектывы.

Людзі прагматычныя. І калі яны ўсё жыццё ў сям’і і на працы размаўляюць на рускую мову, то самі не пяройдуць на беларускую. Бо няма прычыны.

Без палітыкі ўлад па падтрымцы беларускай мовы няма шансаў, каб яна стала больш распаўсюджанай і каб большасць людзей пачала ёю карыстацца.

Калі не будзе адукацыі на беларускай мове, то таксама не варта чакаць, што нехта будзе размаўляць па-беларуску. Тут паказальны прыклад Літвы, дзе існавала польская школьная адукацыя і да 1939 г., калі Віленшчыны ўваходзіла ў склад Польшчы, і пасля — у камуністычныя часы, і дагэтуль. А беларускіх школ на Віленшчыне не было, а цяпер ёсць толькі адна гімназія ў Вільні. У выніку, на Віленшчыне ёсць некалькі рэгіёнаў, напрыклад, Ігналінскі раён, дзе знікла беларуская мова, а на яе месцы функцыянуе польская, бо там існуе сістэма адукацыі на польскай мове.

Беларуская мова павінна быць галоўнай у школе, а не дадаткам да рускай. І павінна быць комплексная палітыка ўлад Беларусі. Без гэтых двух фактараў немагчыма змяніць моўную сітуацыю ў Беларусі.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Польскі беларусіст: З пагранічнікамі і міліцыянерамі я ніколі не буду размаўляць па-беларуску

18.03.2021 10:02
Супрацоўнік Славянскага інстытута Чэшскай АН Мірослаў Янковяк адзначае, што беларусы, якія свядома пераходзяць на беларускую мову, уступаюць у барацьбу за мову не толькі з уладамі, але і ў сям’і.