Беларуская Служба

Мірослаў Янковяк: Беларускія гаворкі пад Вільняй сфарміраваліся на балцкім субстраце і пад польскім уплывам

28.04.2022 16:21
У Празе выйшла кніга польскага лінгвіста Мірослава Янковяка Leksyka gwar białoruskich na Litwie. Dziedzictwo językowe pogranicza bałtycko-słowiańskiego.
Аўдыё
  • М.Янковяк пра кнігу аб бел. гаворках у Літве.
 ,            Lexikum bloruskch ne na Litv. Jazykov ddictv balto-slovanskho pomez = Leksyka gwar białoruskich na Litwie. Dziedzictwo językowe pogranicza bałtycko-słowiańskiego (, 2022).
Польскі лінгвіст, супрацоўнік Славянскага інстытута Чэшскай АН Мірослаў Янковяк са сваёй новай кнігай Lexikum běloruských nářečí na Litvě. Jazykové dědictví balto-slovanského pomezí = Leksyka gwar białoruskich na Litwie. Dziedzictwo językowe pogranicza bałtycko-słowiańskiego (Прага, 2022).Viktar Korbut

Беларуская мова знікае ў Беларусі, але працягвае жыць у Літве, пад Вільняй — там, дзе нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч, аўтар выдадзенай у Вільні ў 1918 г. “Беларускай граматыкі для школ”, якая стала асновай граматыкі сучаснай беларускай літаратурнай мовы. У Празе, у выдавецтве Slovanský ústav AV ČR, v. v. i. выйшла кніга польскага лінгвіста, супрацоўніка Славянскага інстытута  Чэшскай АН Мірослава Янковяка Lexikum běloruských nářečí na Litvě. Jazykové dědictví balto-slovanského pomezí = Leksyka gwar białoruskich na Litwie. Dziedzictwo językowe pogranicza bałtycko-słowiańskiego (“Лексіка беларускіх гаворак Літвы. Моўная спадчына балта-славянскага памежжа”).

Пасля Другой сусветнай вайны беларускія дыялектолагі праводзілі маштабныя палявыя даследаванні, вынікам якіх сталі шматлікія публікацыі, у тым ліку дыялектныя слоўнікі, атласы і працы іншага кшталту. Гэтыя публікацыі маюць розны характар як у метадалагічным, храналагічным, так і ў арэальным плане. Палявыя даследаванні закранулі найперш тэрыторыю Беларускай ССР (цяпер Рэспубліка Беларусь) і амаль не праводзіліся па-за яе межамі.

Сабраны матэрыял апрацоўвалі двума спосабамі: лексіка пэўнай вёскі ці рэгіёна прэзентавалася ў форме лексікона або з падзелам на тэматычныя групы (напр., дыялектная лексіка, якая датычыць адзежы).

Важнымі публікацыямі з’яўляюцца тэматычныя лексіконы, якія паказваюць лексіку беларускіх гаворак: "Жывёльны свет. Тэматычны слоўнік", "Раслінны свет. Тэматычны слоўнік", "Чалавек. Тэматычны слоўнік", "Сельская гаспадарка. Тэматычны слоўнік" і "Плытніцтва. Тэматычны слоўнік".

Больш дэталёвы аналіз – напрыклад, лексікі, спецыфічнай для паасобных дыялектаў і дыялектных груп з пункту гледжання яе структуры, – фактычна не праводзіўся. Выключэннем з’яўляецца манаграфія Аляксандры Станкевіч "Лексіка іншамоўнага паходжання ў беларускіх народных гаворках", выдадзеная ў Гомелі ў 1996 г.

У артыкулах і падручніках па дыялекталогіі аўтары абмяжоўваліся звычайна агульнай інфармацыяй, напрыклад, звярталі ўвагу на спосаб утварэння назваў маладых істот у паасобных дыялектах.

Лексіку беларускіх гаворак па-за межамі Беларусі, як і самі моўныя памежжы, несумненна можна лічыць адной з самых цікавых даследчыцкіх тэм у беларускай дыялекталогіі. У найменшай ступені апісвалася лексіка беларускіх гаворак на тэрыторыі паўночнай Чарнігаўшчыны (Украіна) і расійскай Смаленшчыны. Пётр Растаргуеў у сваёй грунтоўнай манаграфіі 1960 г. пра гаворкі Смаленшчыны прысвяціў лексіцы ўсяго толькі кароткі раздзел на некалькі старонак. Лексіка беларускага паходжання на Смаленшчыне была паказана таксама ў працы Уладзіміра Дабравольскага 1914 г. "Смоленский областной словарь". Беларуская лексіка паўднёвай часткі Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі, без уліку артыкулаў, найлепш адлюстравана ў шматтомным слоўніку "Псковский областной словарь с историческими данными", які з’яўляецца поўным, а не дыферэнцыраваным, г. зн. уключае таксама нярускія элементы (балцкія, прыбалтыйска-фінскія, беларускія і польскія).

Найбольш поўна апісана лексіка беларускіх гаворак, якія функцыянуюць на тэрыторыі сучаснай Польшчы. У першую чаргу тут трэба звярнуць увагу на Atlas gwar wschodniosłowiańskich Białostocczyzny (1980–2012 гг.), асабліва на тамы, прысвечаныя лексіцы, на слоўнік Różnojęzyczne słownictwo gwarowe Podlasia, Suwalszczyzny i północno-wschodniego Mazowsza (2014 г.), на манаграфіі Słownictwo z zakresu uprawy roli w gwarach wschodniej Białostocczyzny na tle wschodniosłowiańskim  Эльжбеты Смулковай (1968 г.), Pogranicze polsko-białorusko-ukraińskie w świetle danych językowych i etnograficznych na podstawie nazw roślin Казімеры Пастусяк (2007 г.), Kulturowo-językowe dziedzictwo Podlasia пад рэдакцыяй Ніны Баршчэўскай, Мікалая Хаўстовіча і Мікалая Цімашука (2016 г.), а таксама на многія артыкулы.

Лексіка беларускіх гаворак Латвіі ў агульным плане была ахарактарызавана ў працах Мірослава Янковяка (з пункту гледжання інтэрферэнцыі рускай мовы, змешанага беларуска-рускага характару і запазычанняў), найперш у манаграфіі Gwary białoruskie na Łotwie w rejonie krasławskim. Studium socjolingwistyczne (2009 г.) і некалькіх артыкулах 2017-2018 гг. Другая манаграфія Янковяка Współczesne gwary białoruskie na Łotwie. Charakterystyka. Wybór tekstów, якая была выдадзена ў 2018 г., не толькі ўключае кароткую характарыстыку лексікі (разам з запазычаннямі з балцкіх, польскай і рускай моў), але і прэзентуе вельмі багаты слоўнікавы склад з розных сфер жыцця, прадстаўлены ў шматлікіх тэкстах (звыш 300 старонак). Сярод ранейшых публікацый трэба назваць "Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча" (1979–1986 гг.), які геаграфічна ахоплівае і частку Латвіі. У апрацоўцы знаходзіцца манаграфія Міраслава Янковяка Běloruská nářečí v Lotyšsku jako příklad lexikálního dědictví balto-slovanského pomezí (праект на 2018–2022 гг.).

Лексічны склад беларускіх гаворак Літвы вельмі добра адлюстраваны ў "Слоўніку беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча" і дзвюх манаграфіях Лілеі Плыгаўкі: "Беларуская мова ў Літве: сацыякультурны і лінгвістычны аспекты" і "Беларуская мова ў полікультурным рэгіёне (паўднёва-ўсходняя тэрыторыя Літоўскай Рэспублікі)" (2009, 2015 гг.). Дыялектная лексіка не была, аднак, галоўным аб’ектам аналізу аўтара, да таго ж, гэтымі даследаваннямі ахоплена не ўся тэрыторыя функцыянавання беларускіх гаворак у Літве.

Упершыню Мірослаў Янковяк пазнаёміўся з жывымі беларускімі гаворкамі ў Літве ў 2009 г., калі паехаў на даследаванні ў ваколіцы Вільні — пад Шумск.

Мірослаў Янковяк: — Манаграфія Lexikum běloruských nářečí na Litvě. Jazykové dědictví baltsko-slovanského pomezí  з’яўляецца першай публікацыяй, якая комплексна прадстаўляе лексіку беларускіх гаворак на тэрыторыі сучаснай Літвы, з уключэннем лінгвістычных, арэальных і гістарычна-культурных аспектаў. Мэтай аўтара было прадэманстраваць разнароднасць слоўнікавага складу на даследаванай тэрыторыі ва ўмовах памежнага шматмоўя і полікультурнасці, а таксама выявіць спецыфіку лексікі з пункту гледжання арэальнай прыналежнасці і паходжання слоў (маецца на ўвазе аналіз запазычанняў).

Тэрыторыя даследавання абмежавана геаграфічна: на захадзе – да мяжы міжваеннага перыяду паміж Польшчай і Літвой, на ўсходзе – да сучаснай беларуска-літоўскай мяжы. У манаграфіі разгледжана амаль уся зона, дзе функцыянуюць беларускія гаворкі ў сучаснай Літве (уключаючы мясцовасці, якія да Другой сусветнай вайны ўваходзілі ў склад Польшчы), у прыватнасці Варанскі, Шальчынінкскі, Тракайскі, Вільнюскі, Швянчонскі і Ігналінскі раёны.

У новай кнізе Мірослава Янковяка аналізуецца толькі адзін аспект беларускай мовы ваколіц Вільні — лексіка, якая на гэтай тэрыторыі ўвабрала ў сябе элементы розных моў, якія тут функцыянуюць — перш за ўсё літоўскай і польскай.

Мірослаў Янковяк: — Прааналізаваная лексіка характарызуецца вялікай разнароднасцю з пункту гледжання як колькасці лексем, якія апісваюць адзін дэсігнат, так і шматлікасці запазычанняў, перш за ўсё з польскай, літоўскай моў і іх дыялектаў.

Галоўных крыніц матэрыялу для аналізу дзве.

Першая – гэта запісы аўтара, сабраныя падчас дыялекталагічных экспедыцый у 2009–2019 гг. (агулам амаль 100 гадзін інтэрв’ю), а таксама запісы з архіва нямецкага праекта TriMCo і архіва Інстытута літоўскай мовы.

Другая галоўная крыніца – гэта "Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча", пяць тамоў якога налічваюць 2955 старонак. Дадатковы характар у якасці крыніц матэрыялу маюць дзве згаданыя вышэй манаграфіі Лілеі Плыгаўкі і сем публікацый Юрася Унуковіча пад агульным загалоўкам "Народная культура Віленшчыны ў палявых запісах пачатку ХХІ стагоддзя" (тэксты размоў, запісаных падчас палявых даследаванняў, усяго 252 старонкі), якія надрукаваны ў шэрагу выпускаў часопіса «Фальклор Беларусі» (2014-2020 гг.).

Яшчэ адной крыніцай матэрыялу з’яўляюцца чатыры тамы кнігі Neris. 2007 metų ekspedicija , дзе змешчаны тэксты з экспедыцыі, праведзенай уздоўж ракі Віліі літоўскімі і беларускімі даследчыкамі.

Манаграфія Мірослава Янковяка складаецца з дзвюх асноўных частак.

У першай частцы апісана лексіка беларускіх гаворак, якія функцыянуюць на тэрыторыі Літвы. Аналізу лексікі папярэднічае характарыстыка гістарычна-грамадскіх умоў. У першую чаргу прадстаўлены гістарычна-археалагічна-лінгвістычныя тэорыі на тэму ўтварэння беларускіх гаворак і беларускага этнасу на г. зв. балцкім субстраце, які не толькі адыграў важную ролю ў фарміраванні беларускіх дыялектаў, але і меў вялікі ўплыў на слоўнікавы склад славянскага насельніцтва гэтага памежжа, што адлюстроўваецца ў мове да сённяшняга дня. Далей ахарактарызавана беларуская меншасць у Літве (зроблены нарыс гісторыі, акрэслена тэрыторыя беларускай мовы і беларускіх гаворак), функцыянаванне розных моў і дыялектаў, а таксама юрыдычныя аспекты, якія ўплываюць на развіццё і захаванне моў (дыялектаў) нацыянальных меншасцей.

У другім раздзеле прыведзена характарыстыка лексікі беларускіх гаворак Літвы – класіфікацыя, апісанне з улікам прыналежнасці да таго або іншага тэрытарыяльна-моўнага ўтварэння.

Мірослаў Янковяк звяртае ўвагу на тое, што ў ваколіцах Вільні ў вуснах носьбітаў беларускіх гаворак часам адзін і той жа прадмет можа мець чатыры назвы.

Мірослаў Янковяк: — Мною вылучана лексіка, тыповая для паўночна-ўсходняга дыялекту (як для ўсяго дыялекту, напр. biélka ‘вавёрка’, cialiónak ‘цялёнак’, jóŭnia ‘сушыльня ў гумне’, так і для паўночнай групы гаворак, напр. kasavídla ‘касаўё’ kasavídla ‘касаўё’, skapiéc ‘кастрыраваны баран’, siélazień ‘самец качкі’, полацкай групы гаворак, напр. pastaŭník ‘агароджанае месца для жывёлы ў полі ці ў лесе’, staŭbún ‘назва глінянай пасуды з вузкім горлам для малака’, sviakróŭka ‘свякроў’. Прадстаўлены і словы, характэрныя для паўднёва-заходняга дыялекту (як для ўсяго дыялекту, напр. bič ‘біч у цэпе’, cialiá ‘цяля’, pókuć ‘покуць’ , так і для гродзенска-баранавіцкай групы гаворак, напр. bócian ‘бусел’, nabédryki ‘раменная або вяровачная частка вупражы, якая накладаецца на тулава каню’, róĺnik ‘земляроб’, а таксама сярэднебеларускіх гаворак (напр., dzició ‘дзіця’, uzréch ‘агрэх, дрэнна ўзараная або прапушчаная лапіна зямлі’).

Сабраны падчас палявых даследаванняў матэрыял вельмі добра адлюстроўвае і лексіку, якая функцыянуе на абшары паўночна-заходняй дыялектнай зоны (напр., býdla ‘рагатая жывёла’, hény ‘гэты’, parsiúk ‘кастрыраваны кабан’). Атрымалася таксама знайсці словы, тыповыя толькі для тэрыторыі Літвы (напр., bachúrčyki ‘парода курэй’, krumklán ‘грак’, lasiúk ‘малады лось’), ды шэраг лексем, характэрных для Літвы і памежнай зоны (напр., pakós ‘касьба’, сенажаць’, svir ‘вага ў студні з жураўлём’).

У трэцім раздзеле прадстаўлена лексіка, запазычаная з розных моў і дыялектаў (з балцкіх, перш за ўсё літоўскай, з польскай і польскай «крэсовай» мовы, з рускай і іншых). Кожная з груп запазычанняў (паводле мовы-крыніцы) апісана па той жа схеме, што і беларуская дыялектная лексіка: прынцыпы, па якіх вызначана паходжанне лексем, гістарычна-грамадскія ўмовы, характарыстыка, спосабы адаптацыі і прыналежнасць да тэматычных груп.

У чацвёртым раздзеле, "Лексічная спадчына балцка-славянскага памежжа", паказана функцыянаванне лексікі з пункту гледжання лінгвістычных тэорый розных даследчыкаў.

Стала магчымым адказаць на пытанне, якія дыялекты ці групы гаворак гістарычна мелі самы вялікі ўплыў на фарміраванне беларускіх гаворак на тэрыторыі Літвы і ўсяго беларуска-літоўскага памежжа, якія працэсы тут адбываліся і як яны паўплывалі на фарміраванне лексікі, а таксама якую ролю ў гэтым адыгралі пазамоўныя чыннікі (напр., адміністрацыйная прыналежнасць, змены граніц, адукацыя, даступнасць СМІ і г. д.). Акрамя таго, атрыманыя звесткі дазваляюць вызначыць, якія тэматычныя групы ўтрымліваюць найбольш запазычанняў з літоўскай ці польскай моў.

Аналіз сабранага матэрыялу паказаў, наколькі вялікі ўплыў на лексіку даследаваных гаворак мелі і ўвесь час маюць гістарычныя, грамадскія і эканамічныя фактары.

Беларускі этнас і беларускія гаворкі ў пэўнай ступені фарміраваліся на балцкім субстраце, што адлюстравана ў мове жыхароў беларуска-балцкага памежжа. Шэраг балтызмаў мае шырокі абшар функцыянавання, што можа сведчыць пра іх архаічны характар, у той час як лексемы, якія функцыянуюць у памежнай зоне, з’яўляюцца, хутчэй за ўсё, пазнейшымі запазычаннямі.

Значны ўклад у фарміраванне слоўнікавага складу мясцовага насельніцтва належыць і польскай мове. У сабраным матэрыяле паланізмы сярод усіх запазычанняў складаюць самую высокую колькасць. Інтэнсіўны ўплыў польскай мовы назіраўся найперш у XIX i XX стст., асабліва ў міжваенны перыяд, калі гэтыя землі ўваходзілі ў склад польскай дзяржавы.

На фарміраванне камунікатыўнай супольнасці і наяўныя канвергентныя працэсы цяпер мае ўплыў шэраг фактараў – ад функцыянавання незалежных Беларусі і Літвы, што уплывае, сярод іншага, на сацыялінгвістычную сітуацыю і прэстыж моў, да глабальных працэсаў, якія прыводзяць, напрыклад, да апусцення і знікнення вёсак. Апошняе разам са смерцю найстарэйшай генерацыі рэспандэнтаў азначае і знікненне шэрагу лексем, якія дагэтуль былі патрэбны для дэталёвага апісання штодзённага вясковага жыцця.

Другая частка манаграфіі Мірослава Янковяка – гэта слоўнік, які ўключае два асноўныя раздзелы. У першым прадстаўлена беларуская дыялектная лексіка з падзелам на словы, тыповыя для паўночна-ўсходняга і паўднёва-заходняга дыялектаў, сярэднебеларускіх гаворак, паўночна-заходняй дыялектнай зоны, памежнай тэрыторыі і самой Літвы (часткова Латвіі). Другі раздзел ахоплівае запазычанні – як тыя, што былі ўзяты непасрэдна з мовы-крыніцы (літуанізмы і іншыя балтызмы, а таксама паланізмы, русізмы), так і тыя, што трапілі з мовы, якая сама іх запазычыла. Як беларуская дыялектная лексіка, так і запазычанні падзелены паводле тэматычных груп: 1) метэаралогія, рэльеф, час, 2) свет раслін, 3) свет жывёл, 4) сельская гаспадарка, 5) чалавек, 6) умовы жыцця, 7) матэрыяльная і духоўная культура, 8) дзяржава, эканоміка, адміністрацыя, адукацыя, горад, 9) іншая лексіка.

Манаграфію дапаўняюць дадаткі: спісы інфарматараў, даследаваных мясцовасцей, геаграфічных назваў, выкарыстаных у кнізе скарачэнняў, а таксама алфавітны спіс усіх лексем са спасылкамі на катэгорыі (г. зн. з указаннем на арэальную прыналежнасць і/або паходжанне запазычання).

Мірослаў Янковяк, рэзюмуючы, расказвае, кім сябе лічаць тыя людзі ў Літве, якія гавораць на беларускіх дыялектах.

Мірослаў Янковяк: — 90% носьбітаў беларускіх гаворак у Літве лічаць сябе палякамі. Гэта звязана і з тым, што яны католікі, і з тым, што яны ці іх продкі жылі да 1939 г. у складзе РП. 10% носьбітаў беларускіх гаворак — праваслаўныя, якія лічаць сябе беларусамі.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Мовазнавец: Трэба падрыхтаваць атлас беларускіх гаворак Польшчы, Літвы і Латвіі

02.12.2021 13:49
Польскі беларусіст Мірослаў Янковяк рыхтуе ў Празе працы па беларускіх дыялектах у Латвіі і Літве.