З пачатку вайны Расіі супраць Украіны ў радзе польскіх СМІ замест традыцыйнага для польскай мовы выразу na Ukrainie з'явіўся выраз w Ukrainie. Раней можна было сустрэць і выразы w Białorusi, w Litwie, хаця літаратурная мова дапускае формы na Białorusi, na Ukrainie, na Litwie.
«На Беларусі Бог жыве», — так пісаў Уладзімір Караткевіч. А цяпер мы пішам і гаворым: у Беларусі. У прасторы ўсходнеславянскіх моў не спыняюцца дыскусіі, як пісаць і гаварыць: у Беларусі ці на Беларусі, ва Украіне ці на Украіне. Распаўсюджана думка, што нібы прыназоўнік «на» абазначае прыналежнасць Беларусі або Украіны да іншай дзяржавы, а прыназоўнік «у» сведчыць пра іх дзяржаўную самастойнасць.
Украінскія лінгвісты пішуць, што першапачаткова па-ўкраінску пісалі і гаварылі «на Украïні», адсюль, дарэчы, узнік і рускі выраз «на Украине». Праўда, цяпер лічыцца, што напісанне і вымаўленне «на Украине» — гэта сведчанне прыхільнасці расійскаму імперыялізму. Маўляў, трэба ўжываць іншую форму: укр. в Украïні, бел. ва Украіне, рус. в Украине, пол. w Ukrainie. Быццам бы гэта сведчыць пра Украіну як пра незалежную дзяржаву.
Цікава, што яшчэ да стварэння ўкраінскай дзяржавы ў 1991 годзе сярод украінскіх эмігрантаў узнікла дыскусія па гэтай праблеме. Прывяду думку аднаго з украінскіх даследчыкаў Пантэлэймона Каваліва, якая прагучала ў 1972 годзе: «Ва ўкраінскай літаратурнай мове здаўна існуе традыцыйная форма «на Україні», «на Україну». Гэта форма існуе з таго часу, як існуе і назва «Україна». Але апошнім часам у эмігранцкім друку штучна ўведзена і форма «в Україні», «в Україну» [...], матывуючы тым, што гэта апошняя форма «дзяржаўніцкая» як сведчанне аб незалежнасці Украіны. Першая форма нібыта «недзяржаўніцкая».
Каваліў напамінае, што паняцце «Україна» гістарычна тоесна паняццю «зямля»: «Вельмі цікава супаставіць форму «на Україні» і форму «на Русі». Тэрмін Украіна засланіў даўні тэрмін «Русь» як абазначэнне шырокай тэрыторыі, не ўскраіннай толькі. […] Слова «Русь», як вядома, перанесена і ў Расію для абазначэння цэлай дзяржаўнай тэрыторыі, але не з «у», а з «на». Параўн.: «Кому на Руси жить хорошо».
Формы «Русь» і «Україна» звязаны з першапачатковай ідэяй зямлі. Само слова «зямля», як аб'ект дзеяння, патрабуе толькі формы з прыназоўнікам на».
Традыцыйны для беларускай мовы выраз «на Беларусі», хаця цяпер «правільным» лічыцца «ў Беларусі». Выраз u Biełarusi сустракаецца ў другой беларускай газеце „Nasza Niwa” за 1906-1907-ы, першыя гады выдання. Аднак пераважаў выраз na Biełarusi, а таксама na Biełaj Rusi. Параўнайце выпіскі з нумароў за 1906-1907 гг.:
НА БЕЛАРУСІ: szkoł u nas na Biełarusi mała; u nas na Biełarusi; jak heta u nas na Biełarusi robicca;
У БЕЛАРУСІ: Зямельная справа у Беларуси [«Наша Нива» 1906, № 6 — першы выпадак ужывання формы «ў Беларусі»]; У Беларуси; u Biełarusi; Kolki słoū ab sielskaj haspadarcy ū Biełarusi; U nas – u Białarusi [sic!];
НА БЕЛАЙ РУСІ: у нас на Белай Руси; u nas na Biełaj Rusi; na Biełaj Rusi; na Biełoj Rusi; Na Biełaj Rusi ŭ 21 wujezdach; Wialiki i sławny ziemlak nasz – paeta Adam Mickiewicz radziŭsia ŭ 1788 [sic!] hadu na Biełaj Rusi, u Nawahrudku (Minskaj hub.); u nas na Biełaj Rusi.
З гэтага можна зрабіць вывад пра сувязь формы на Беларусі з формай на Белай Русі. Выраз у Беларусі не мае паралелі *у Белай Русі. Можна толькі выказаць здагадку, што форма з прыназоўнікам на магла падтрымлівацца пол. na Białorusi, na Białej Rusi, na Białejrusi, а таксама рус. на Руси. У той жа час форма ў Беларусі можа быць часткова звязана з рус. в Бѣлоруссіи.
Паняцці Русь, Белая Русь, Беларусь і Украіна звязаны семантычна як абазначэнні пэўнай зямлі, тэрыторыі, бо дзяржавы з адпаведнымі назвамі з’явіліся толькі ў ХХ ст.
У „Naszaj Niwie”, напрыклад, у 1907 г. увесь час пісалі na Ukrainie, адзін раз сустрэўся выраз na Ukrainie, abo ŭ Małorosii (Nr 11, с. 4). Тут відаць выразная розніца. Маларосія была ў свядомасці тагачасных людзей сінонімам Украіны як часткі Расіі, але гэта слова выкарыстоўваецца з прыназоўнікам «у». Толькі адзін раз у „Naszaj Niwie” ў 1907 г. я сустрэў выраз u Ukrainie (1907, Nr 14, с. 3). Значыць, прыназоўнік «у» зусім не сведчыць пра тое, ці нейкая зямля, краіна з’яўляецца дзяржавай ці не. Справа не ў палітычных акалічнасцях, а ў моўных традыцыях, якія ўзнікаюць стыхійна. Іншая справа, што людзі, асабліва цяпер, спрабуюць прыстасаваць мову да патрэб бягучай палітыкі.
Лукаш Адамскі ў Кіеве. 2 мая 2022 г.
Лукаш Адамскі, доктар гуманітарных навук, гісторык, палітолаг, намеснік дырэктара Цэнтра польска-расійскага дыялогу і паразумення, які даследуе польска-ўкраінскія адносіны: — Да нядаўняга часу форму w Ukrainie выкарыстоўвалі левыя колы. Цяпер гэту форму можна сустрэць нават на ўрадавых парталах, за яе публічна выступаюць нават некаторыя кансерватыўныя інтэлектуалы. Праціўнікі ж усё гучней і гучней крычаць: «Украінцы не будуць змяняць нашу мову!»
З пункту гледжання граматыкі няма ніякіх перашкод для таго, каб гаварыць w Ukrainie. Але навошта гэта рабіць? У польскай мове няма правіла, паводле якога прыназоўнік w выкарыстоўваецца ў адносінах да дзяржаў, а na — да правінцый. Мы гаворым w Wielkopolsce, w Siedmiogrodzie, w Tyrolu, і ў той жа час na Łużycach, na Morawach. З назвамі большасці краін патрабуецца выкарыстанне прыназоўніка w, але астраўныя краіны (na Cyprze) і суседнія краіны, як правіла, мы называем з прыназоўнікам na. Адсюль na Łotwie, na Litwie, na Białorusi, na Ukrainie, na Słowacji i na Węgrzech, a гістарычна нават na Rakuziech, г. зн. w Austrii.
Просты пералік гэтых краін абвяргае яшчэ довад аб тым, што прыназоўнік na быццам бы падкрэслівае прыналежнасць да польскай дзяржавы пэўнай тэрыторыі сёння або ў мінулым. Ні Венгрыя не ўваходзіла ў склад Польшчы, ні выраз w Tyrolu не азначае закліку да незалежнасці гэтага рэгіёна.
Прыхільнікі канструкцыі w Ukrainie хочуць не пакрыўдзіць украінцаў. Так, ёсць колы, якія жадаюць, каб выкарыстоўвалася форма w Ukrainie. Некаторыя з іх таксама настойвалі на тым, каб называць раку Днепр (Дняпро) — Dnipro, лічачы пад уплывам ілжывых аналогій, што форма Dniepr — гэта быццам бы русізм.
Аднак ці можа нечая адчувальнасць, заснаваная на няправільных уяўленнях аб сутнасці справы, быць аргументам на карысць змены правіл той агульнай каштоўнасці, якой з'яўляецца мова? Ідэалагізуючы мову, мы абцяжарваем выкананне ёю сваёй асноўнай ролі — нейтральнага сродку камунікацыі, які яднае нацыю.
Адкуль у польскай мове прыназоўнік na? Ён азначае нешта роднае, якое знаходзіцца па суседстве — вось таму і хадзілі na Węgry, ездзілі na saksy (і цяпер так гавораць, што азначае паехаць на заробкі ў Германію), а многія польскія турысты, насуперак норме, гавораць аб паездцы na Chorwację.
Выкарыстанне прыназоўніка na ў адносінах да Украіны паказвае эмацыянальную блізкасць да гэтай краіны і ўкраінскага народа.
Той жа, хто прапангуе адмовіцца ад формы na Ukrainie, прапануе адмовіцца ад формы, якая сведчыць як пра гістарычную, так і палітычную блізкасць нашых краін, якая патрэбна асабліва ў цяперашні, вельмі складаны для Украіны і ўсяго рэгіёна час.
Урэшце, трэба сказаць, што калі бы будзе змяняць нормы нашай роднай мовы пад уплывам палітычных аргументаў, што нешта ў ёй кагосьці «абражае», то гэта выкліча незадавальненне часткі эліты.
Адчуванне моўнай эстэтыкі — гэта аснова нашай ідэнтычнасці, нешта інтымнае, блізкае.
Я лічу, што асновай супрацоўніцтва Польшчы і Украіны павінна быць павага да нашых нацыянальных традыцый, культур. Няхай нават украінцы называюць палякаў ляхами, як калісьці, — гэта іх права.
Развагі Лукаша Адамскага можна прачытаць таксама ў яго артыкуле ў газеце Rzeczpospolita.
Такім чынам, як бачым, уся беларуска-ўкраінска-польская моўная традыцыя агульная — і ёсць сэнс яшчэ раз задумацца, ці не варта ўсім нам вярнуцца да вытокаў, каранёў, а значыць, і да слоў Беларусь, Украіна з прыназоўнікам «на»? У любым выпадку, лічыць такое словаўжыванне чужым, а тым больш рускім, было б памылкова.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё