У Мінску з дапамогай варшаўскага Цэнтра польска-расійскага дыялогу і паразумення выйшаў зборнік дакументаў «Вызваленыя» і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў». Цэнтр польска-расійскага дыялогу і паразумення таксама паспрыяў правядзенню даследаванняў. Таму фактычна гэта беларуска-польскі кніжны праект. Змешчаныя ў зборніку дакументы паходзяць пераважна з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага архіва грамадскіх арганізацый Гродзенскай вобл. Большасць іх публікуецца ўпершыню. Укладальнікам зборніка з’яўляецца доктар гістарычных навук Аляксандр Смалянчук, даследчык Найноўшай гістoрыі Беларусі, прафесар Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук, рэдактар часопіса Rocznik Centrum Studiów Białoruskich Варшаўскага ўніверсітэта і гадавіка антрапалагічнай гісторыі Homo Historicus.
У дакументах з архіваў Рэспублікі Беларусь адлюстраваны адносіны насельніцтва Заходняй Беларусі (паўночна-ўсходніх ваяводстваў даваеннай РП) да палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурных пераўтварэнняў савецкай улады ў перыяд з верасня 1939 да чэрвеня 1941 г.
Апублікаваныя дакументы адлюстроўваюць надзвычай складаную рэчаіснасць восені 1939 г. — пачатку лета 1941 г. у Заходняй Беларусі пад савецкім кіраваннем. Яны сведчаць пра гвалт і рэпрэсіі не толькі над целам чалавека, але таксама над яго сумленнем, але адначасова расказваюць пра супраціўленне грамадства новай уладзе.
Аляксандр Смалянчук: — Гэты зборнік з’яўляецца гісторыка-дакументальным даследаваннем, у якім праз дакументы я хацеў данесці да чытача той вобраз савецкай улады, які паступова сфарміраваўся ў свядомасці жыхароў Заходняй Беларусі. Мяне найбольш цікавіла стаўленне мясцовага насельніцтва да палітычных і культурных перамен. Дакументы шмат гавораць пра гэта.
Але я не хачу сцвярджаць, што правёў цалкам аб’ектыўнае даследаванне, паказаў як усё было на самой справе. Насамрэч, мой зборнік — гэта аўтарская рэканструкцыя вельмі складанай рэчаіснасці “першых саветаў” з дапамогай гістарычных дакументаў. Як кожны гісторык я імкнуся да аб’ектыўнасці, але выразна ўсведамляю, што яна недасягальная. Чаму? Па-першае, мае магчымасці абмежаваны тымі дакументамі, з якімі давялося працаваць. Тут варта нагадаць, што ў Беларусі па-ранейшаму гісторыкі не маюць магчымасці, напрыклад, працаваць у архівах Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Па-другое, кожны гісторык, і я ў тым ліку, працуе ў межах пэўнага наратыву. І таму, каб не ўводзіць у зман чытачоў падобных зборнікаў, трэба выразна характарызаваць сваю пазіцыю.
Я прытрымліваюся нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі, распрацаванай у 1990-я гг. даследчыкамі з Інстытута гісторыі АН Беларусі. Адпаведна ёй я даследую гісторыю менавіта Беларусі, а не “Паўночна-Заходняга краю Расіі” ці “kresów wschodnich”. Пры гэтым імкнуся трактаваць беларусаў як галоўнага суб’екта ўласнай гісторыі. Гэта між іншым непазбежна робіць кожнае даследаванне беларусацэнтрычным.
У зборніку «Вызваленыя» і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў» прадстаўлена жыццё людзей, якія сталі аб’ектам палітыкі савецкіх улад у 1939-1941 гг. Людзі “ўз’ядналіся” з БССР, але неўзабаве зразумелі, што апынуліся ў таталітарнай дзяржаве, у пэўным “сталінскім лагеры”.
Шэраг дакументаў ілюструюць працэс саветызацыі былой польскай сістэмы адукацыі на заходніх землях БССР.
Аляксандр Смалянчук: — Праглядаючы дакументы, датычныя савецкіх пераўтварэнняў у галіне школьнай адукацыі, стала відавочна, што знішчэнне польскай школы абярнулася на пэўны перыяд калапсам усёй сістэмы адукацыі. Школы адкрываліся толькі з 1 студзеня 1940 г. і паўсюль, у тым ліку на тэрыторыі далучанага былога Ломжанскага пав. Варшаўскага ваяв. павінны былі дзейнічаць толькі на рускай або беларускай мовах. Гэта выклікала масавыя пратэсты мясцовага польскага насельніцтва, пра існаванне якога на гэтых землях савецкія чыноўнікі, здаецца, не здагадваліся.
Прадстаўнікі новай улады зусім не арыентавалася ў тым, хто і як жыве на далучаных да СССР тэрыторыях, былі ў палоне савецкай ідэалогіі аб “вызваленні з-пад прыгнёту” беларусаў і г. д. У выніку павінны былі рэагаваць на пратэсты і пазней былі вымушаны адкрываць і польскія школы.
Часама можна пачуць, што савецкая ўлада была для беларусаў цудоўнай, бо, нарэшце, адкрыла беларускія школы, якіях не было ў даваеннай Рэспубліцы Польшча. Сапраўды, у Польшчы беларусы не мелі нармальных умоў для развіцця нацыянальнай культуры. Аднак трэба разумець, што савецкія школы заўсёды былі важным інструментам саветызацыі і паступовай русіфікацыі мясцовага насельніцтва. Менавіта гэтыя задачы стаялі ў першую чаргу перад сістэмай школьнай адукацыі, а зусім не развіццё беларускай культуры.
З кожным новым дакументам, расказвае Аляксандр Смалянчук, чытача чакаюць розныя адкрыцці.
Аляксандр Смалянчук: — Падчас працы над гэтым зборнікам я зразумеў, што практычна ўсе мерапрыемствы савецкай улады ажыццяўляліся шляхам гвалту і прымусу. Іншага метада дзеянняў гэта ўлада не бачыла і не прапаноўвала.
І калі спачатку, у верасні 1939 г., дакументы фіксуюць у часткі праваслаўнага беларускага насельніцтва, а таксама сярод яўрэяў пэўную радасць ад прыходу “нашых”, то пазней назіраецца расчараванне і роспач. Людзі задаваліся пытаннем, якія ж гэта “нашы”, калі яны падштурхоўваюць да забойства чыноўнікаў, памешчыкаў, рабавання маёнткаў, парушаюць агульначалавечыя нормы паводзін і жыцця. Разам з Чырвонай арміяй і савецкімі чыноўнікамі на землі Заходняй Беларусі прыходзілі нормы іншай культуры і палітыкі, галоўнай мэтай якой было камуністычнае панаванне ва ўсіх галінах жыцця, а не паляпшэнне матэрыяльных і культурных умоў існавання чалавека.
Дакументы сведчаць, што ўжо позняй восенню 1939 г. адбываецца пэўнае працверазенне людзей у адносінах да новай улады. Хутка ўзмацняецца крытычнае стаўленне да палітычных і сацыяльных перамен. Праўда, таксама хутка людзі зразумелі як небяспечна выказваць гэтую крытыку. Запанаваў страх перад усёмагутнай рэпрэсіўнай сістэмай, які паступова змяніўся спробамі актыўнага супраціўлення. Дакументы з архіваў былых карных органаў савецкай улады перапоўнены інфармацыяй пра шматлікія тайныя гурткі і падпольныя арганізацыі, якія ядналі людзей розных нацыянальнасцей, розных узростаў і сацыяльных груп.
Матэрыяльныя ўмовы жыцця пагоршыліся, бо ў выніку нацыяналізацыі прамысловасці і гандлю апусцелі паліцы крам, запанаваў агульны дэфіцыт тавараў і прадуктаў. Трэба было начамі стаяць у чэргах, каб хоць нешта набыць. Забеспячэнне насельніцтва таварамі ўдалося наладзіць толькі з другой паловы 1940 г.
Дакументы яскрава сведчаць, што савецкая агрэсія супраць Польшчы ў верасні 1939 г. — гэта не толькі паход Чырвонай арміі як вынік дамоўленасцей Сталіна і Гітлера. Дакументы дапамагаюць зразумець, што савецкая палітыка была рэпрэсіўнай ва ўсіх сферах жыцця, што без палітычнага гвалту і прапаганды, якая была яго неад’емнай часткай, новы палітычны рэжым не мог існаваць.
Гаворачы пра жыццё ў заходніх раёнах БССР у 1939-1941 гг., Аляксандр Смалянчук напамінае пра яшчэ адзін факт тагачаснай рэчаіснасці — рэпрэсіі і дэпартацыі.
Аляксандр Смалянчук: — У зборніку апублікаваны справаздачы тых, хто займаўся дэпартацыямі, у прыватнасці, падчас першай дэпартацыі 10 лютага 1940 г., калі быў жудасны мароз, а людзей грузілі ў эшалоны, многія замярзалі ў дарозе... Гэтыя дакументы перагукаюцца з вуснымі ўспамінамі, якія я збіраў у свой час з калегамі. Нават у афіцыйных дакументах прысутнічае спачуванне тым, каго грузілі ў вагоны, і абурэнне сведкаў гэтай дэпартацыі.
Трэба прызнаць, што жыхары Заходняй Беларусі даволі хутка зразумелі, што г.зв. “ўз’яднанне” насамрэч было далучэннем да таталітарнай дзяржавы, а разам з ім пачалася вайна — бадай самая жахлівая ў беларускай гісторыі.
Доктар гістарычных навук Аляксандр Смалянчук, прафесар Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук, расказваў пра ўкладзены ім зборнік дакументаў «Вызваленыя» і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў», выдадзены Цэнтрам польска-расійскага дыялогу і паразумення.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё