Фестываль “Скрыжаванне культур” ўжо паспеў стаць традыцыйным, хоць з-за эпідэміі каронавіруса быў перапынак і ён пэўны час не праводзіўся. Апроч таго, з вялікіх шатроў ў парку ён перайшоў у будынак Драматычнага тэатру. Беларускі музыка Ягор Забелаў кажа, што выступаць на гэтай знакамітай сцэне вялікі гонар.
- Я шмат выступаў у Варшаве, – расказвае Ягор Забелаў але гэта былі сяброўскія “кватэрнікі” у асноўным. А ля Драматычнага хадзіў і ўздыхаў, маўляў, вось каб тут выступіць!
Ягор ў Варшае не па сваёй волі, прыйшлося ўцякаць ад палітычнага пераследу пасля пратэстаў 2020 года. Прыехаўшы ў Варшаву, пэўны час не іграў на публіцы - не было моцы. Але аднойчы ён зразумеў, што музыка – гэта па-ранейшему яго жыццё:
- Я без музыкі, без выступленняў страчваю сябе самога, а з баянам, на рэпетыцыях і выконваючы музыку на сцэне, я станаўлюся іншым. Сцэна вельмі мяняе мяне і я адчуваю, што нешта магу, што жывы.
Ягор грае на баяне з 7-мі гадоў, вучыўся па класу гэтага інструмента ў Вышэйшай музычнай школе. Аднак хутка ўцягнуўся ў альтэрнатыўную сферу і пачаў ствараць уласныя кампазіцыі. Набыў папулярнасць дзякуючы заснаваным ім гуртам "Гурзуф" і "Трыо Ягора Забелава", з якімі гастраляваў па ўсёй Еўропе. Значная частка яго мастацкай творчасці звязана з Польшчай -- ён супрацоўнічаў, між іншым, з Уладзімірам "Кініёрам" Кініёрскім і Лао Чэ, ствараў музыку для тэатральных спектакляў і нямых фільмаў. Але фестывальнае выступленне – асаблівае.
– Было шмат новай публікі, добра прымалі, добра віталі напрыканцы. Гэта здорава, што ёсць магчымасць аддаваць сваю энергію праз музыку людзям розных культур і атрымліваць ад іх добры водгук, добрую рэакцыю.
Музыку Ягора Забелава можна ахарактарызаваць як спалучэнне неакласікі, авангарду, джаза, нойза і мінімалу - гэта гіпнатычнае спалучэнне, узбагачанае электронікай, гучыць моцна і экспрэсіўна. Разам з Ягорам у якасці госця выступала Дар'я Косек – адно з найцікавейшых адкрыццяў польскай фолк-сцэны апошніх гадоў, спявачка трыа Wernyhora. Сумесна яны паказалі спецыяльна падрыхтаваны да фестывалю праект, які ўяўляе сабой музычны каментар сітуацыі ва Украіне, а таксама да парушэння правоў чалавека і свабодных памкненняў беларускага грамадства. Такі супольны праект – гэта вельмі яркая дэманстрацыя сутнасці дыялогу, узаемнай павагі і разумення, – лічыць глядач канцэрту Дзмітрый.
– У Варшаве даволі шмат праходзіць беларускіх канцэртаў і іпрэз, але важна, што тут беларускі голас быў з голасам людзей з розных краін і культур, разам з Украінай. Важна ў гэты складаны час паказваць, што і мы змагаемся поплеч з усё гэтай навалай, якая адбываецца ў нашы дні.
У Варшаве ў прыватнасці, і ў Польшчы ўвогуле цяпер шмат беларускіх творцаў, якія знайшлі тут прытулак. Як бы не было цяжка, але не трэба свой талент закопваць, кажа Ягор Забелаў, а скарыстоўваць яго, каб натхняць суайчыннікаў.
К.Ш.