Беларуская Служба

Вёска Лысэ ў рэгіёне Курпе – месца, якое варта наведаць у Вербную нядзелю(ФОТА)

31.03.2023 14:15
Тут штогод праводзіцца конкурс на самую прыгожую велікодную курпскую пальму.
Аўдыё
Вербная нядзеля ў вёсцы Лысэ ў рэгіёне КурпеAnna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У Вербную нядзелю ўсе дарогі вядуць не традыцыйна ў Рым, а ў вёску Лысэ ў рэгіёне Курпе. Менавіта тут штогод праводзіцца конкурс на самую прыгожую велікодную пальму і ўрачыстае шэсце пераможцаў. Аднак Вербная нядзеля ў вёсцы Лысэ – гэта не толькі ўрачыстая працэсія ад гістарычнага касцёла святой Анны да новага касцёла Хрыста Валадара Сусвету, дзе адбываецца ўрачыстая святая Імша, але таксама свята курпскага фальклору. Конкурс на лепшую велікодную пальму суправаджаецца выступамі мясцовых народных артыстаў і кірмашом майстроў.

Вербная нядзеля ў вёсцы Лысэ ў рэгіёне Курпе/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Вербная нядзеля ў вёсцы Лысэ ў рэгіёне Курпе/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У хрысціянскім календары Вербная нядзеля – гэта рухомае свята, якое прыпадае на апошнюю нядзелю перад Вялікаднем. Гэта таксама першы дзень Вялікага тыдня – перыяду, калі хрысціяне ўспамінаюць укрыжаванне і смерці Хрыста. Назва гэтага дня паходзіць ад звычаю асвячэння пальмаў, уведзенага ў XI стагоддзі. Вербная нядзеля – адно з найстаражытнейшых святаў у традыцыі касцёла, вядомае яшчэ ў IV стагоддзі, гэта значыць з таго моманту, як хрысціянства было прызнанае афіцыйнай канфесіяй.

Вербная або Пальмавая нядзеля адзначаецца ў памяць аб трыумфальным уездзе Ісуса ў Іерусалім. Жыхары якога віталі Хрыста з энтузіязмам, кідаючы на дарогу перад ім пальмавыя галінкі ў знак пакланення. У памяць аб гэтай падзеі быў прыняты звычай асвячаць у гэты дзень упрыгожаныя «пальмы».

Вербная нядзеля ў вёсцы Лысэ ў рэгіёне Курпе/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Вербная нядзеля ў вёсцы Лысэ ў рэгіёне Курпе/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У Польшчы Вербную нядзелю адзначаюць з сярэднявечча. Згодна з каталіцкай традыцыяй, у гэты дзень вернікі нясуць у храмы на асвячэнне пальмы – упрыгожаныя галінкі вербы, якія сімвалізуюць не толькі мучаніцкую смерць Хрыста, але і адраджэнне жыцця.

Вербная нядзеля ў вёсцы Лысэ ў рэгіёне Курпе/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Вербная нядзеля ў вёсцы Лысэ ў рэгіёне Курпе/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Шэсце вернікаў з пальмамі мае трыумфальны характар, а асвечаныя галінкі вернікі захоўваюць увесь год, каб у наступным годзе спаліць іх у попел, якім пасыпаюць галовы ў Папяльцовую сераду.
У Польшчы выраб велікодных пальмаў мае багатую традыцыю. Аднак асабліва гэты звычай працягваецца ў рэгіёне Курпе, дзе велікодныя пальмы маюць адметную форму і называюць іх проста курпскімі пальмамі. Вышыня курпскіх пальмаў складае да некалькіх метраў. Апрача таго, яны зробленыя з лазы без дапамогі ніякіх металічных частак. Традыцыйна яны ўпрыгожаны зялёнымі галінкамі і кветкамі, зробленымі з крэпавай паперы. Асвечаныя пальмы заткнутыя за крыж і вобраз, сцераглі дом ад няшчасцяў і гарантавалі сям’і блаславенне. У мінулым пальмы таксама ставілі на палях, каб Бог абараняў пасевы ад стыхійных бедстваў.

Вербная нядзеля ў вёсцы Лысэ ў рэгіёне Курпе/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Вербная нядзеля ў вёсцы Лысэ ў рэгіёне Курпе/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Штогод у Вербную нядзелю ў вёсцы Лысэ адбываецца конкурс на самую прыгожую курпскую пальму. У ім бяруцца пад увагу выключна пальмы высокай мастацкай каштоўнасці памерам у больш за 1,5 метра, выкананыя з традыцыйных матэрыялаў. Пальмы спаборнічаюць у трох катэгорыях: індывідуальнай, каманднай для школаў і каманднай агульнай.

Удзельнікі конкурсу стараюцца выдумаць розныя ўзоры папяровых кветак для ўпрыгажэння пальмы, а пачынаюць іх рабіць ужо з пачатку Вялікага посту. Згаданая традыцыя перадаецца ў многіх сем'ях з пакалення ў пакаленне. Яшчэ ў міжваенным перыядзе прыгожыя велікодныя пальмы можна было пабачыць і ў іншых мясцовасцях рэгіёну Курпе, у тым ліку ў вёсцы Мышынец, Кадзідла, Баранова, Лысэ і Ліпнікі. На жаль, гэтая традыцыя захавалася толькі ў дзвюх апошніх парафіях.

Вербная нядзеля ў вёсцы Лысэ ў рэгіёне Курпе/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Вербная нядзеля ў вёсцы Лысэ ў рэгіёне Курпе/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Конкурс на найпрыгажэйшую курпскую пальму праводзіцца з канца 1960-х гадоў. Ён быў створаны з мэтай захаваць традыцыю велікодных пальмаў, якая пачынала знікаць. З гэтага часу конкурс паступова ставаў усё больш папулярным не толькі ў рэгіёне Курпе, але таксама ва ўсяе Польшчы.

Зараз Вербная нядзеля ў вёсцы Лысэ – гэта не толькі маляўнічае шэсце з каляровымі пальмамі, але таксама кірмаш мясцовых вырабаў і свята курпскага фальклору. Рэгіён Курпе вядомы, перш за ўсё, рознымі відамі выпечкі і вялікай колькасцю іншых традыцыйных рэгіянальных прадуктаў, такіх як піва, падпіўкі, мёд, а таксама народныя выцінанкі і велікодныя яйкі, плеценыя кошыкі, вязаныя сурвэткі, драўляныя скульптуры і бусы з бурштыну.

Вербная нядзеля ў вёсцы Лысэ ў рэгіёне Курпе/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Вербная нядзеля ў вёсцы Лысэ ў рэгіёне Курпе/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У Вербную нядзелю ў невялікую вёску Лысэ з’язджаюць тысячы гасцей не толькі з Польшчы, але і замежжа. Раніцай у старым драўляным касцёле святой Анны, можна паглядзець усе пальмы, якія ў дадзеным годзе бяруць удзел у конкурсе. Самыя высокія з іх часта стаяць перад касцёлам, бо проста не змяшчаюцца ў ім.

Вербная нядзеля ў вёсцы Лысэ ў рэгіёне Курпе/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Вербная нядзеля ў вёсцы Лысэ ў рэгіёне Курпе/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Маляўнічая працэсія, робіць вялікае ўражанне. У дадатак да рэлігійных уражанняў у гэты дзень тут можна таксама пазнаёміцца з культурай рэгіёну Курпе.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу