Музей Каралеўскія лазенкі ў Варшаве запрашае на незвычайную выставы, прысвечаную шматгадовай працы адмыслоўцаў па кансервацыі фрэсак у былым езуіцкім касцёле ў Львове – цяпер гэта гарнізонная царква святых апосталаў Пятра і Паўла. Выставу пад назвай: «І адкрылася неба...», арганізаваў Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой POLONIKA, які праводзіў кансерватарскія работы львоўскім храме.
Віцэ-прэм’ер, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі ў лісце, які падчас адкрыцця выставы зачытала выконваючая абавязкі дырэктара Музея Каралеўскія лазенкі Марыянна Атмяноўская(Marianna Otmianowska), падзякаваў польскім і ўкраінскім спецыялістам за працу па захаванні ўнікальных фрэсак XVIII стагоддзя, аўтарства Францішка і Себасцьяна Экштэйнаў:
- Дзевяць гадоў вяліся надзвычай цяжкія і складаныя кансерватарскія работы ў львоўскім касцёле. Да канца 2021 года адмыслоўцам удалося выратаваць каля 1 300 квадратных метраў фрэсак на скляпенні галоўнага нефа і вярнуць ім першапачатковы барочны характар.
Кансерватарам падзякаваў таксама настаяцель гарнізоннай царквы святых Пятра і Паўла айцец Тарас Міхальчук:
- На працягу апошніх амаль дзесяці гадоў група рэстаўратараў імкнулася захаваць і выратаваць каштоўныя роспісы. Кожны кансерватар пакінуў тут часцінку сябе, свой талент і здольнасць узнавіць вечнасць. Яны не стваралі новыя фрэскі, іх задача – выкарыстаць свой талент, каб захаваць працу Францішка Экштэйна – даць ёй новае жыццё. Вялікі дзякуй тым, хто дапамог выратаваць гэтыя фрэскі.
Дырэктарка Інстытута POLONIKA Дарота Янішэўска-Якубяк(Dorota Janiszewska-Jakubiak) падкрэсліла, што аднаўленне фрэсак Экштэйна ў былым касцёле езуітаў у Львове, дзе ад 1959 году размяшчаўся, між іншым, склад бібліятэкі – гэта вынік мараў:
- У нас была мара, што калі-небудзь кніжныя паліцы знікнуць, а гэты шыкоўны інтэр'ер з захаванымі алтарамі і роспісамі можна будзе падвергнуць кансервацыі. Гэтая мара часткова здзейснілася, бо ў нас ёсць планы, каб гарнізонная царква і надалей была нашым партнёрам у выратаванні элементаў інтэрʼера аб’екта.
Працамі па кансервацыі фрэсак кіраваў Павел Баліньскі(Paweł Boliński), які таксама зʼяўляецца куратарам выставы ў Музеі Каралеўскія лазенкі. Ён адзначыў, што выстава падзелена на некалькі частак і прадстаўляе ўвесь працэс кансервацыі фрэсак Экштэйна:
- Першая частка прадстаўляе выгляд гэтых роспісаў да кансервацыі. Наступная частка паказвае стан іх захаванасці. Затым пачынаецца аповед пра нашу дзейнасць, гэта значыць ад ацэнкі і выяўлення праблем, па прэзентацыю кансерватарскіх работ. Напрыканцы дэманструецца стан пасля кансервацыі, гэта значыць эфект нашай працы.
Павел Баліньскі паясняе, што група польскіх і ўкраінскіх адмыслоўцаў была прымушаная справіцца з сур’ёзным выклікам:
- Стан роспісаў быў катастрафічны. Галоўная праблема заключалася ў тым, як зняць з фрэсак вельмі тоўсты пласт перамалёўкі. Па-другое, як палепшыць іх тэхнічны стан, каб будучыя пакаленні таксама маглі імі любавацца. Гэта была вельмі складаная задача з тэхнічнага пункту гледжання.
Паводле Балінскага фрэскі ў гарнізоннай царкве святых Пятра і Паўла – гэта вельмі каштоўны прыклад сакральнага жывапісу:
- Фрэскі прысвечаны жыццю святых-заступнікаў царквы, то бок святым: Пятру і Паўлу. У залежнасці ад месца размяшчэння на скляпенні яны адлюстроўваюць розныя сцэны з жыцця святых.
Мультымедыйная форма выставы дазваляе наведвальнікам лепш пазнаёміцца з жывапісам Экштэйнаў, лічыць Магдалена Гутоўска(Magdalena Gutowska) з Інстытута POLONIKA :
- Па-першае, вы бачыце эфект кансервацыі прыгожых фрэсак, фатаграфіі павялічаных роспісаў да і пасля кансервацыі. Таксама фільм, які ажыўляе скляпенне і дае магчымасць адчуць сябе, як у Львове. Можна надзець адмысловыя акуляры і ўвайсці ў віртуальную рэальнасць, то бок увайсці ў прастору гэтага храма і, як пазначана ў назве выставы, мы зможам адчуць, быццам перад намі адкрылася неба.
Францішак Экштэйн быў стваральнікам так званага квадратурнага і ілюзіяністычнага жывапісу, характэрнага для эпохі барока ў Польшчы. На скляпенні езуіцкага касцёла ён выканаў жывапісную кампазіцыю, прысвечаную двум святым апосталам: Пятру і Паўлу. Яна займае плошчу каля 1 300 квадратных метраў. Мастак памёр падчас працы ў 1741 годзе, а работу ў львоўскім касцёле завяршыў яго сын – Себасцьян Экштэйн.
Выстава, якая паказвае маштабную працу кансерватараў па захаванні фрэсак Экштэйнаў адкрытая для наведвальнікаў да 28 чэрвеня ў Музеі Каралеўскія лазенкі, у прыватнасці ў Канюшні Кубіцкага. Медыяпатронам экспазіцыі з’яўляецца Польскае радыё.
IAR/аз