Беларуская Служба

Запрашаем на паход «500 байдарак» у Драгічын (ВІДЭА)

19.07.2024 13:01
Штогод у жніўні Драгічын становіцца сталіцай байдарачнага спорту ў Польшчы.
Аўдыё
  • Запрашаем на паход «500 байдарак» у Драгічын
   500
Лагатып сёлетняга пахода «500 байдарак» 500kajakow.pl/скрыншот

Ужо больш за 10 гадоў у Драгічыне(Drohiczyn) ў жніўні адбываецца найбуйнейшы ў Польшчы байдарачны паход па рацэ Буг пад назовам: «500 байдарак». Сёлета ён пройдзе 3-4 жніўня ўжо 11 раз. Паход «500 байдарак» з’яўляецца вартай увагі падзеяй у летнім календары цыклічных мерапрыемстваў, рыхтаваных гістарычнай сталіцай Падляшша.

Упершыню паход «500 байдарак» адбыўся ў 2013 годзе і быў прымеркаваны да 500-годдзя ўзнікнення Падляскага ваяводства, гістарычнай сталіцай якога быў менавіта Драгічын. Пра ідэю і пачаткі мерапрыемства расказвае ягоны ініцыятар дырэктар Гарадскога і гміннага цэнтра культуры ў Драгічыне Рафал Сівэк(Rafał Siwek):

- Зразумела, я тады нават не падумаў, што гэта сапраўды будзе 500 байдарак. Гаворка ішла пра прывабную акцыю, якая спалучыць святкаванне гістарычнай гадавіны і прасоўванне рэгіёна. Між тым, пра свой удзел у першым паходзе заявілі 232 экіпажы байдарак, то бок 460 чалавек. Першапачаткова мы таксама не планавалі працягваць мерапрыемства ў наступных гадах. Аднак, заахвочаныя ўдзельнікамі, мы вырашылі зрабіць другі паход у 2014 годзе. Назву мы скарацілі з «500 байдарак на 500 гадоў Падляскага ваяводства» да: «500 байдарак».

Каб прыняць удзел у мерапрыемстве не абавязкова трэба мець уласную байдарку, кажа арганізатар:

- Для ўдзельнікаў пахода мы падрыхтавалі два варыянты. У рамках першага («у мяне няма байдаркі»), мы гарантуем байдарку, выратавальную камізэльку і астатнюю лагістыку пахода. Другі варыянт накіраваны да асобаў, у якіх ёсць уласная байдарка. Гэта таксама трэба пазначыць у заяўцы аб удзеле. У гэтым выпадку, мы займаемся толькі лагістычнымі пытаннямі, а ўдзельнік прыязджае са сваёй байдаркай.

Ад некалькіх гадоў мерапрыемства мае двухдзённы характар, нагадвае Рафал Сівэк:

- Першы дзень пахода, у якім традыцыйна ўдзельнічае найбольш байдарачнікаў, то бок субота – гэта траса ў 29 кіламетраў. Мы пачынаем у Драгічыне, а заканчваем у вёсцы Граннэ(Granne) у гміне Пэрляева (Perlejewo). Другі дзень, гэта траса ў 20 кіламетраў. Стартуем у Граннэ, а заканчваем у вёсцы Нур (у прыватнасці Przewóz Nurski) – гэта гміна Цэранаў(Ceranów).

Удзельнікі могуць прыняць удзел у двухдзённым паходзе, або абмежавацца адным днём:

- Калі нехта плануе ўдзельнічаць толькі ў аднадзённым паходзе, то можа прыехаць непасрэдна ў Драгічны на старт а 11.00 гадзіне. Можна пакінуць аўтамабіль на стаянцы ў Драгічыне, а пасля заканчэння пахода і вечарыны ў вёсцы Граннэ мы адвозім усіх жадаючых назад у Драгічын. Калі нехта плануе начлег, то ў яго дзве магчымасці. Ён альбо сам шукае сабе месца ў навакольных аргасядзібах і пансіянатах, або можа скарыстацца бясплатным кемпінгам у вёсцы Граннэ. Мы транспартуем на згаданы кэмпінг неабходны багаж удзельнікаў: намёты, спальныя мяшкі і ўсё астатняе.

Набор удзельнікаў працягваецца да канца ліпеня, нагадвае Рафал Сівэк:

- Набор удзельнікаў пахода надалей працягваецца. Кожны, хто зойдзе на нашую інтэрнэтную старонку www.500kajakow.pl можа там зарэгістравацца, спампаваць заяўку, аплаціць удзел, пазнаёміцца з усёй інфармацыяй, датычнай арганізацыі пахода. Можна таксама нам патэлефанаваць. Нагадваю, зарэгістравацца можна да канца ліпеня.

Штогод у паходзе ўдзельнічае больш за тысячу ўдзельнікаў. Гэта турысты з Польшчы і замежжа; з розных узроставых груп, цэлыя сем’і, а нават шлюбныя пары, якія пазнаёміліся пры нагодзе пахода:

- На мерапрыемства прыязджаюць удзельнікі з усяе Польшчы, а таксама замежжа. Кожны раз больш за тысячу чалавек. Раз іх была 1 160. Кожны раз на рацэ абавязковыя 500 байдарак. Гэта дзеці, дарослыя, старэйшыя асобы, прадстаўнікі розных кампаніяў, людзі са сваімі хатнімі гадаванцамі… Гэта буйное мерапрыемства, якое прасоўвае байдарачны спорт, раку Буг, Падляшша і сам Драгічын. Частка ўдзельнікаў прыязджае да нас штогод. У мінулым годзе нехта казаў, што гэта ягоны восьму год запар. Напрыклад, прыязджаюць маладыя сужонкі, а праз некалькі гадоў, яны ўжо ўдзельнічаюць у паходзе са сваімі дзецьмі. Мы ведаем таксама, як мінімум, пра адну пару, якая пазнаёмілася менавіта падчас пахода і пазней узяла шлюб. Шмат асобаў прыязджае са сваімі знаёмымі; людзі знаёмяцца падчас мерапрыемства.

Байдарачны спорт – гэта выдатная форма турызму і праводжання свабоднага часу, якая дае чалавеку задавальненне ў многіх аспектах:

- Байдарачны спорт – гэта самая прыгажосць. Мы маем зносіны з прыродай, вадой, таксама дзікай жывёлай. У Польшчы, у тым ліку, на Падляшшы шмат вельмі прывабных байдарачных трасаў. Дастаткова ўспомніць такія рэкі, як Буг, Нараў, Піліца, Лівец, Крутынь… Нават, калі нехта плаваў па адной рацэ, то на другой знойдзе нешта зусім іншае, бо яны вельмі розныя. Байдарачны спорт – гэта актыўны спосаб праводжання свабоднага часу. Беручы пад увагу колькасць месцаў пракату байдарак, можна смела сказаць, што згаданая форма адпачынку і турызму будзе у Польшчы развівацца.

- пераконвае арганізатар байдарачнага пахода «500 байдарак» дырэктар Гарадскога і гміннага цэнтра культуры ў Драгічыне Рафал Сівэк(Rafał Siwek).

Байдарачны паход у Драгічыне станоўча ацэньваюць не толькі ягоныя ўдзельнікі, пра што сведчыць хаця б іхны шматразовы ўдзел у мерапрыемстве. Паход «500 байдарак» атрымаў шматлікія прэстыжныя ўзнагароды. У тым ліку, у 2013 годзе ўзнагароду Польскай байдарачнай асацыяцыі, у 2016 годзе – званне «Топ рэгіёну 2015» у катэгорыі «спартыўных мерапрыемствах» і намінацыю на «Падляскі брэнд 2016 года ». У 2019 і 2021 гадах паход «500 байдарак» атрымаў званне «Лепшы турыстычны прадукт Падляскага ваяводства».

Спыняючыся на тэме байдарачнага спорту, менавіта ў Драгічыне знаходзіцца адзіны ў Польшчы Музей байдарачнага турызму з вялікай калекцыяй гістарычных і сучасных байдарак, а таксама адмысловым трэнажорам. Згаданую музейную ўстанову таксама варта наведаць.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Драгічын – тут адпачнеш ад гарадской мітусні (FOTA)

14.06.2024 16:01
Падляскі гарадок прыцягвае аматараў помнікамі гісторыі, прыроднымі каштоўнасцямі і дасканалымі ўмовамі для актыўнага адпачынку.

Хочаце пабачыць байдарку з ветразем? Запрашаем у Музей байдарачнага турызму ў Драгічыне (ФОТА)

21.06.2024 15:01
Тут можна паглядзець, як мяняўся байдарачны турызм у Польшчы, а таксама праверыць свае сілы на адмысловым трэнажоры.